Пакупнікі «Biedronka» звярнулі ўвагу на дзіўную практыку: прадукты, якія прадаюцца пад адным брэндам, могуць мець розныя інгрэдыенты ў залежнасці ад рэгіёна краіны, паведамляе штотыднёвік «Wprost».
Найбольш вядомы прыклад тычыцца вяршкоў «Mleczna Dolina» 30%. У некаторых крамах яны маюць вельмі просты склад — толькі вяршкі. У іншых выкарыстоўваюцца такія дабаўкі, як карагенан і малочны бялок.
Праблему вылучыў у сацыяльных сетках аўтар профілю «Pomyslodawca». Ён лічыць, што загушчальнікі могуць сведчыць аб больш нізкай якасці прадукту. Аднак прадстаўнікі «Biedronka» запэўніваюць, што гаворка ідзе не пра эканомію грошай, а пра тэставанне густаў кліентаў.
Юстына Шымані, дырэктар па развіцці якасці і кантролі ўласнага брэнду «Biedronka», тлумачыць, што «спажыўцы маюць розныя чаканні — адны аддаюць перавагу «чыстаму складу», а іншыя цэняць функцыянальнасць прадукту, якую забяспечваюць дабаўкі».
Падобныя практыкі прымяняе іншая папулярная гандлёвая сетка «Lidl», якая, на думку экспертаў, змяняе склад прадукту ў залежнасці ад памеру ўпакоўкі. Сетка тлумачыць гэта супрацоўніцтвам з рознымі пастаўшчыкамі, але крытыкі адзначаюць, што гэта адсутнасць паслядоўнасці і празрыстасці для кліентаў.
Ці законная такая практыка? Рэакцыя адпаведных рэгулюючых органаў неадназначная. Упраўленне па канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў (поль. UOKiK) падкрэсліла толькі, што этыкеткі не павінны ўводзіць у зман, але не выказалася непасрэдна пра мадэлі продажаў. Інспекцыя па якасці прадуктаў харчавання падкрэслівае, што адрозненні ў складзе дапушчальныя, пакуль яны выразна апісаны на ўпакоўцы.
Аднак юрыст Роберт Нагацкі раскрытыкаваў гэты падыход у інтэрв'ю «Gazeta Wyborcza». На яго думку, праблема не ў самой маркіроўцы, а ў тым, ці не ўводзіць кліента ў зман аднолькавы знешні выгляд прадукту. Меркаванні сабраў тыднёвік «Wprost».
яс