Згодна са справаздачай страхавой кампаніі PZU, 80% палякаў ва ўзросце 18-65 гадоў зʼяўляюцца актыўнымі веласіпедыстамі, у той час як толькі 1% заяўляе, што ніколі не ездзіў на ровары, піша «Rzeczpospolita».
82% веласіпедыстаў ставяцца да язды на ровары як да формы актыўнага адпачынку, 77% — як да спосабу падтрымання здароўя, і амаль 60% таксама выкарыстоўваюць свае ровары для штодзённага перамяшчэння, у тым ліку на працу ці ў школу.
Важна адзначыць, што язда на ровары ўсё часцей выходзіць за рамкі вяснова-летняга сезона. Кожны пяты веласіпедыст таксама ездзіць восенню і зімой.
Тры чвэрці рэспандэнтаў прызнаюцца, што ездзяць без каскі, і толькі кожны трэці рэгулярна праводзіць тэхагляд ровара. Многія ўдзельнікі дарожнага руху таксама адзначаюць напружанасць і канфлікты паміж веласіпедыстамі, кіроўцамі і пешаходамі.
У мінулым годзе ў Польшчы было зафіксавана амаль 3,5 тысячы аварый з удзелам веласіпедыстаў, у выніку якіх загінула 155 чалавек.
Даследаванне, праведзенае для справаздачы PZU, паказала, што найбольшымі перашкодамі для бяспечнай язды зʼяўляюцца дрэнныя дарожныя ўмовы, неадэкватная інфраструктура і недастатковае веданне правілаў дарожнага руху.
На пытанне аб найважнейшых элементах патэнцыйнага страхавога поліса веласіпедыста рэспандэнты на першае месца паставілі страхаванне ад няшчасных выпадкаў (NNW) (33,7%). Далей па колькасці ішлі страхаванне ад крадзяжу веласіпеда (25,3%) і страхаванне грамадзянскай адказнасці веласіпедыста (24,7%), якое абараняе ад фінансавых наступстваў шкоды, нанесенай іншым удзельнікам дарожнага руху.
Больш за палову рэспандэнтаў (52,2%) заявілі, што гатовыя плаціць да 30 злотых у месяц страхоўкі веласіпедыста. Яшчэ 24,5% сказалі, што гатовыя плаціць 50 злотых у месяц страхоўкі.
яс