У Варшаве адбыўся MigrAction Ideathon – двухдзённы марафон ідэй, прысвечаны пошуку рашэнняў для сацыяльных праблем і падтрымцы грамадзянскіх ініцыятыў.
Ідэятон – гэта фармат інтэнсіўнай каманднай працы, дзе ўдзельнікі за кароткі час генеруюць і распрацоўваюць ідэі. Назва MigrAction аб’ядноўвае словы migration і action, падкрэсліваючы актыўную ролю мігрантаў у грамадстве і іх здольнасць уплываць на сацыяльныя змены.
Мерапрыемства арганізавала Арганізацыя еўрапейскай экспертызы і камунікацыі разам з партнёрамі і сабрала 20 маладых актывістаў, у тым ліку з Беларусі, Украіны, Сербіі, Бураціі.
Святлана Зінкевіч, прадстаўнік каманды арганізатараў, на пытанне карэспандэнта аб узнікненні ідэі мерапрыемства, адзначыла, што сярод эмігранцкай моладзі існуе шмат праблем, і іх вырашэнне магчыма толькі пры каманднай рабоце.
— Мы самі мігранткі і нас не так проста жыць у Польшчы. Мы зразумелі, што трэба прыдумваць ідэі, якія дапамогуць мігрантам адаптавацца тут. Мы запрасілі арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі. Сабралі ў адным памяшканні арганізацыі, людзей, актывістаў, каб генераваць ідэі.
Сутнасцю Ідэятону было развіццё маладзёжнымі камандамі кейсаў, прадстаўленых сям’ю грамадскімі арганізацыямі рознай тэматыкі.
Гэтыя кейсы датычыліся розных сфер: ад камунікацыі з донарамі і прыцягнення валанцёраў да ўключэння моладзі ў сацыяльныя праекты.
Праграма таксама ўключала воркшопы па крэатыўным мысленні і праектнай дзейнасці, ментарскія сесіі, падчас якіх эксперты дапамагалі камандам удакладняць і развіваць свае ідэі.
Удзельнік Зуртан Халтараў ацаніў Ідэятон як цікавае мерапрыемства, якое будзе спрыяць і яго дзейнасці як грамадскага актывіста.
— Вельмі цікавыя тэмы абмяркоўваліся, пазітыўныя задачы ставіліся. Беларускія арганізацыі – гэта добры базіс для навучання ды ўзаемадзеяння.
Моладзь ішла на Ідэятон, каб паспрабаваць свае сілы і знайсці новыя ідэі. Вікторыя Смаляк адзначыла яе персанальную цікавасць да грамадскай актыўнасці і надзею на выніковую працу каманды.
— Я раней даволі часта ўдзельнічала ў грамадскай працы. Апошні год у мяне быў перапынак. Цяпер вырашыла вярнуцца ў сядло. Мы цяпер займаемся падрыхтоўкай праекту скіраванага да групы студэнты/кі ва ўзросце 55+, то бок універсітэт Залаты век.
Кульмінацыяй Ідэатону стала публічная прэзентацыя прапанаваных рашэнняў перад журы. Пяць каманд прадстаўлялі свае ідэі, тлумачылі, як яны могуць дапамагчы арганізацыям і чаму іх праекты варта рэалізаваць.
Аляксандра Гулінская, член журы Ідэатону, адзначыла, што была вельмі ўражана праектамі маладых каманд. Паводле яе слоў, удзельнікі прадставілі добра прадуманыя і дапрацаваныя ідэі, якія закранаюць важныя сучасныя выклікі – кліматычныя праблемы, правы жанчын і грамадзянскую актыўнасць. Яна падкрэсліла, што моладзь не толькі думае пра гэтыя тэмы, але і гатовая браць адказнасць за іх вырашэнне.
— Я ў захапленні ад тых праектаў, якія прапанавалі маладзёжныя каманды. Захоплена тым, што многія з гэтых праектаў былі вельмі, вельмі прадуманых і дапрацаваных. Калі мы глядзелі гэтыя праекты, зразумелі, што моладзь сапраўды думае пра свет, думае пра выклікі, якія нясе свет у галіне клімату, правоў жанчын, грамадзянскага, палітычнага заангажавання. Гэта сапраўды вялікая надзея і вялікае радасць, што маладыя людзі думаюць пра такія рэчы і хочуць заангажавацца, і хочуць браць адказнасць за свет. Гэта вельмі добра. Але з другога боку, я проста захоплена такім вельмі высокім узроўнем мыслення аб тым, як рэалізаваць гэты праект – бюджэт, графік, падзел абавязкаў. Гэта сапраўды важна, каб гэты праект не праваліўся. І гэтыя людзі мелі гэта сапраўды апрацавана, запланавана. Гэта таксама вельмі добра і таксама сведчыць пра тое, што гэтыя праекты былі вельмі ўдалымі.
Па выніках ацэнкі журы былі абраныя тры найлепшыя ідэі, датычныя развіцця Ўніверсітэту Залатога Веку, Беларускага Маладзёжнага Хабу і кліматычнага права. Каманды-пераможцы атрымалі фінансавую падтрымку, каб рэалізаваць свае праекты на практыцы ўжо ў бліжэйшыя два месяцы.
Адна з арганізатараў – Святлана Зінкевіч, ацэньваючы вынікі Ідэатону, адзначыла поспех не толькі ў стварэнні камандамі актуальных праектаў, але і ўмацаванне сувязяў паміж валанцёрамі і ўжо дзеючымі НДА.
— Мы радыя, што шмат ідэй будзе рэалізавана, не толькі тыя, што мы падтрымалі. Ідэі – гэта заўсёды развіццё. Калі людзі спрабуюць нешта грамадскае ці валанцёрскае, ім хочацца ў гэтым удзельнічаць усё больш.
MigrAction Ideathon стаў не толькі пляцоўкай для генерацыі ідэй, але і месцам сустрэчы людзей з розным досведам і культурным мінулым. Удзельнікі працавалі на польскай, англійскай, беларускай і ўкраінскай мовах, што зрабіла падзею сапраўды міжнароднай.
Ідэатон падкрэслівае: для грамадскай актыўнасці, для дапамогі грамадству, не патрэбны спецыяльны досвед, галоўнае – жаданне дзейнічаць і глядзець на праблемы свежым поглядам. Менавіта такія новыя перспектывы часта становяцца крыніцай нестандартных і эфектыўных рашэнняў.
уз/юл