Беларуская Служба

Радзільных аддзяленняў усё менш, улады Польшчы рыхтуюць сістэмныя рашэнні па развіцці хатніх родаў

08.05.2026 16:42
У 2020 годзе ў краіне нарадзілася 345 тысяч дзяцей, а ў 2025 годзе — толькі 231 тысяча.
 . .
Нованароджанае дзіця. Ілюстрацыя. Фота: Pixabay.com/esudroff

Польшча старэе — і гэта ўсё мацней уплывае на сістэму аховы здароўя – нагадвае сайт Medonet. Калі ў 2005 годзе людзі старэйшыя за 60 гадоў складалі крыху больш за 17% насельніцтва, то сёння — ужо амаль 27%. Дэмаграфічныя змены адбіваюцца на фінансаванні медыцыны. Доля ўзносаў на медыцынскае страхаванне ў бюджэце Нацыянальнага фонду аховы здароўя паступова падае. Недахоп сродкаў пакрываецца датацыямі з дзяржаўнага бюджэту. Сёлета такая падтрымка склала 33 мільярды злотых.

Адначасова ў Польшчы працягвае змяншацца колькасць нараджэнняў. Калі ў 2020 годзе ў краіне нарадзілася 345 тысяч дзяцей, то ў 2025 годзе — толькі 231 тысяча. У выніку за пяць гадоў колькасць радзільных аддзяленняў скарацілася з 370 да 306.
Улады заяўляюць, што хочуць захаваць доступ да акушэрскай дапамогі нават у меншых гарадах. Міністэрства аховы здароўя ўжо ўвяло новую форму падтрымкі для цяжарных жанчын у рэгіёнах, дзе няма радзільных аддзяленняў. З пачатку 2026 года дзейнічае праграма дапамогі цяжарным і парадзіхам з удзелам акушэрак.

Акрамя таго, у Польшчы рыхтуюць сістэмныя рашэнні па развіцці хатніх родаў і так званых радзільных цэнтраў. Гэта невялікія ўстановы з больш хатняй атмасферай, дзе роды праходзяць з мінімальным медыцынскім умяшаннем пад наглядам акушэрак. Такія цэнтры папулярныя ў краінах Заходняй Еўропы, але ў Польшчы пакуль сустракаюцца рэдка.

нг