Беларуская Служба

У 2013-2025 гадах кардынальна змяніліся кірункі міграцыі беларускіх студэнтаў

11.05.2026 12:23
Доля Расіі ўпала з 70% да 32% ад агульнай колькасці, а ў лідары вырвалася Польшча — з 11% да 44%.
Аўдыё
  • У 2013-2025 гадах кардынальна змяніліся кірункі міграцыі беларускі студэнтаў
.
.Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0

Значна выраслі долі іншых краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы — пры стагнацыі і скарачэнні ў Заходняй і Паўночнай Еўропе. 

Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» правёў грунтоўнае даследаванне стану беларускага студэнцтва ў 37 краінах Еўропы, у Турцыі і ЗША.

 Вышэйшая адукацыя Беларусі істотна змянілася за апошнія 10-15 гадоў. Змены былі абумоўлены як унутранымі крызісамі, так і маштабнай рэгіянальнай нестабільнасцю. Пасля падзей 2020 года навучальныя праграмы і студэнцкае жыццё ўнутры краіны сутыкнуліся з выразнай ідэалагізацыяй і ўзмацненнем кантролю з боку дзяржавы. Гэта сур’ёзна ўплывае на развіццё вышэйшай адукацыі. Дадатковым важным фактарам змен стала ізаляцыя Беларусі, якая істотна паглыбілася пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. Ізаляцыя прывяла да рэзкага скарачэння міжнароднага акадэмічнага супрацоўніцтва, а таксама абмену ведамі і акадэмічным досведам з краінамі Захаду, — чытаем ва ўступе да даследавання.

За гэты перыяд колькасць беларускіх студэнтаў за мяжой у абсалютных лічбах знізілася (з каля 34 тыс. у 2013-м да 28,8 тыс. у 2023-м), але ў суадносінах з колькасцю студэнтаў унутры Беларусі іх доля прыкметна вырасла.

Асабліва хуткае скарачэнне адбывалася паміж 2014 і 2018 гадамі. Аднак аўтары звяртаюць увагу, што скарачэнне адбылося за кошт змяншэння студэнтаў у Расіі, асабліва за кошт завочнікаў. Калі казаць пра саму Еўропу, то колькасць беларускіх студэнтаў якраз вырасла ў два разы. У Расіі, калі не браць пад увагу завочнікаў, то колькасць студэнтаў таксама не мянялася і была ў межах трох-чатырох тысяч.

Дадзеныя аб колькасці студэнтаў у Беларусі паказваюць, што сярод беларусаў вырасла значнасць адукацыі за мяжой, кажа адзін з аўтараў даследавання Андрэй Казакевіч.

 Трэба адзначыць, што за гэты перыяд скарацілася і колькасць студэнтаў у Беларусі. Калі параўнаць колькасць студэнтаў за мяжой, то на аднаго студэнта за мяжой прыходзілася прыблізна 13 студэнтаў у краіне, а цяпер суадносіны 1:7.
Безумоўным імпульсам росту колькасці студэнтаў у Еўропе сталі 2020 і 2022 гады.
У 2023 годзе назіраецца стабілізацыя, а часамі нават скарачэнне колькасці студэнтаў у замежных ВНУ, а нават адмоўная дынаміка, як цяпер гэта адбываецца ў Польшчы.

Лідарамі з’яўляюцца Польшча і Расія. У другой колькасць студэнтаў скарацілася з 24 тысяч у 2013 годзе да 10 тысяч у 2023. А ў Польшчы іх колькасць вырасла з каля 4 тысяч да 12 тысяч. Прычым апошні год паказвае падзенне на паўтысячы. Аўтары кажуць, што пік росту студэнцтва ў Польшчы за намі. Далей можна чакаць ці стабілізацыі, ці скарачэння.

Як выглядае размеркаванне студэнтаў па розных краінах, расказвае Кацярына Ганчарэнка.

 Ключавымі напрамкамі застаюцца Польшча (42%) і Расія (36%). Значнымі напрамкамі з’яўляюцца Германія, Літва і Чэхія. Там колькасць беларускіх студэнтаў налічвае 4-5%. Важна адзначыць краіны з прыкметнай колькасцю студэнтаў  па некалькі соцен чалавек  Італія, Украіна, Славакія, Францыя, Аўстрыя, Вялікабрытанія, Нідэрланды, Фінляндыя і Нарвегія. І хоць там не столькі студэнтаў, як у Польшчы і Расіі, там можна заўважыць дынаміку росту.

Колькасць беларускіх студэнтаў актыўна скарачалася ў такіх краінах як Расія (за кошт завочнікаў), ва Украіне і Латвіі. У краінах Заходняй Еўропы колькасць студэнтаў таксама пераважна скарачалася. Асабліва гэта тычыцца Вялікабрытаніі, Францыі, Швецыі, Нарвегіі і Даніі. Меншыя скарачэнні, але ўсё ж скарачэнні назіраліся ў Германіі, Італіі, Швейцарыі і Венгрыі.

Калі казаць пра зоны росту, то сярод нязначных краін, дзе навучаецца некалькі сотняў студэнтаў, можна адзначыць Сербію, Партугалію, Іспанію і Грэцыю.

Асноўны рост тычыцца Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Перш за ўсё Польшча, Чэхія і Славакія. Таксама пазітыўная дынаміка назіралася ў Эстоніі і Фінляндыі.

У Літве цяпер навучаецца каля 1,5 тысячы. Асноўная колькасць студэнтаў навучаецца ў ЕГУ. Дынаміка выглядае наступным чынам: з 2014 па 2020 год ішло пастаяннае змяншэнне з 1600 да 800. У 2023/24 навучальным годзе назіраецца рост, а пасля адбываецца стабілізацыя. То бок сітуацыя падобная да Польшчы.

Паказальнай з’яўляецца сітуацыя студэнцтва ў Чэхіі. Яна прываблівае беларусаў бясплатнай магчымасцю навучання на чэшскай мове.

Аўтары даследавання звяртаюць увагу на Германію і стагнацыю на працягу ўсяго дзесяцігоддзя з невялікім скарачэннем. На пачатку перыяда каля 1800 беларускіх студэнтаў, цяпер каля 1600.

Андрэй Казакевіч падводзіць вынікі даследавання:

 Першы вывад тычыцца агульнай колькасці студэнтаў: павелічэнне студэнтаў у Еўропе, калі не лічыць Расію, у два разы. Асабліва рост тычыцца краін Усходне-Цэнтральнай Еўропы. З іншага боку скарачэнне студэнтаў у Расіі, але перш за ўсё за кошт завочных студэнтаў. Гэты варыянт стаў для беларусаў менш прывабным. Прывабнасць Усходняй Еўропы можна патлумачыць палітычным крызісам у Беларусі і вайной ва Украіне, і гэта краіны, якія прынялі найбольшую колькасць студэнтаў. Важным на нашу думку з’яўляецца кошт адукацыі, дзе ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе ён ніжэйшы, чым у Заходняй. І трэцяе, заўважнай з’яўляецца залежнасць колькасці студэнтаў і працоўных мігрантаў. Значная частка студэнтаў выбірае не толькі месца для навучання, але і будучай працы.

Сыходзячы з атрыманых дадзеных спецыялісты сцвярджаюць, што пік росту беларускага студэнцтва за мяжой пройдзены. Ён прыпадае на 2023 год. Цяпер колькасць стабілізавалася, далей яна будзе ці заставацца на тым жа ўзроўні, ці будзе скарачацца. Геаграфічная структура ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі захаваецца.

ав