Беларуская Служба

Аўтахтонныя беларусы Польшчы: як яны жывуць сёння

12.05.2026 14:12
Беларуская мова застаецца адной з найбольш распаўсюджаных моў нацыянальных меншасцяў у Польшчы, а ў школах і садках Падляшша яе вывучаюць больш за тры тысячы дзяцей. 
  ,  ,  ()
Двухмоўныя дарожныя знакі, Падляшскае ваяводства, Польшча (ілюстрацыя)Фота: Эдуард Жолуд, https://www.polskieradio.pl/396

Паводле перапісу насельніцтва Польшчы 2021 года, беларускую нацыянальнасць у краіне задэкларавалі каля 52 тысяч чалавек, і большасць з іх жыве ў Падляскім ваяводстве.

Беларуская мова застаецца адной з найбольш распаўсюджаных моў нацыянальных меншасцяў у Польшчы, а ў школах і садках Падляшша яе вывучаюць больш за тры тысячы дзяцей. Аднак за гэтай статыстыкай стаіць значна больш складаная гісторыя — пра людзей, якія стагоддзямі жывуць на гэтай зямлі, гавораць па-беларуску, але не заўсёды называюць сябе беларусамі. Пра гэта ў эфіры Беларускай службы Польскага радыё расказаў кіраўнік фонду Kamunikat.org, журналіст Яраслаў Іванюк.

На пытанне, адкуль у Польшчы ўзяліся беларусы, Іванюк адказвае адназначна:

— Беларусы спрадвеку жывуць на сённяшняй тэрыторыі Польшчы — менавіта на Беласточчыне. Мы тут жывём спакон вякоў.

І кажа, што беларусы з самой Беларусі часта здзіўляюцца, даведаўшыся пра аўтахтонную беларускую супольнасць у Польшчы.

— Мяне пыталіся: А калі вы з’ехалі? Я адказваў: Я ніколі не з’язджаў. І мае бацькі не з’язджалі. Мы тут заўсёды жылі.

Як прыклад складанай гісторыі рэгіёна Іванюк згадвае свайго дзеда:

— Ён нарадзіўся пры Расійскай імперыі, а памёр у 1956 годзе. За жыццё змяніў сем грамадзянстваў.

Асобная тэма — мова. На поўдні Беласточчыны жывуць пераважна праваслаўныя беларусы, чыя гаворка фанетычна набліжаная да ўкраінскай. На поўначы многія каталікі гавораць амаль на літаратурнай беларускай мове, але часта называюць яе «простай мовай» і не атаясамліваюць сябе з беларускасцю.

— Яны валодаюць беларускай, але лічаць сябе палякамі, а сваю мову называюць «простай».

Паводле Яраслава Іванюка, у Польшчы існуюць механізмы падтрымкі нацыянальных меншасцяў і яны працуюць. Беларускія арганізацыі атрымліваюць дзяржаўнае фінансаванне, а ў школах можна вывучаць беларускую мову. Аднак праблем таксама хапае: у ліцэях вучні мусяць штогод пацвярджаць жаданне вывучаць беларускую, а агульная глабалізацыя не спрыяе захаванню моўнай і культурнай адметнасці беларускай меншасці.

— Дзяржава дае магчымасці. Пытанне ў тым, ці хочам мы самі імі карыстацца.

Сёння галоўны выклік для беларусаў Беласточчыны — захаваць мову, культуру і ўласную гісторыю ў часы, калі сама Беларусь усё часцей асацыюецца з рэпрэсіямі і русіфікацыяй.

эж

Выбар без выбару. Як пасля вайны беларусы Падляшша выязджалі ў БССР 

28.04.2026 16:55
За сухімі фармулёўкамі «добраахвотнасці» хаваліся страх, гвалт і страта дома.