Беларуская Служба

Марына Золатава: Нас затрымлівалі на наступны дзень пасля гадавіны смерці Юрыя Зісера

18.05.2026 12:30
Што адчувала Марына Золатава, калі да яе прыйшлі з вобшукам? Што здарылася, калі яна ўвайшла ў камеру на Валадарцы? 
Аўдыё
  • Марына Золатава: Трэба рабіць усё магчымае, каб палітзняволеныя жанчыны выйшлі на волю
 :    ,
Марына Золатава: Трэба рабіць усё магчымае, каб палітзняволеныя жанчыны выйшлі на волюБеларуская служба Польскага Радыё

Пяць гадоў таму, 18 траўня 2021 года, Марыну Золатаву і шэраг супрацоўнікаў Tut.by затрымалі, а рэдакцыю разграмілі. Марыну разам з генеральнай дырэктаркай парталу Людмілай Чэкінай асудзілі на 12 гадоў калоніі.

Што адчувала Марына? Ці было гэта ўсё для яе нечаканым?

Я адчувала, што ўсё гэта вельмі сур’ёзна,  што хутчэй за ўсё будзе крымінальная справа. Калі ў мяне праводзілі вобшук, я разумела, што доступ да Tut.by якраз у гэты час блакуецца. Я чакала, што такое можа адбыцца са мной, як з галоўнай рэдактаркай, але я не чакала, што ўся гэтая трагедыя закране людзей, якія ніяк не былі звязаныя з рэдакцыяй кажа Золатава.

Яна ўзгадвае, што іх затрымлівалі на наступны дзень пасля гадавіны смерці Юрыя Зісера, заснавальніка Tut.by.

— 17 траўня споўнілася шэсць гадоў, як з намі няма Юрыя Анатольевіча Зісера. Да нас якраз прыйшлі на наступны дзень пасля таго, калі мы ўсе былі на могілках.

Марына прабыла ў зняволенні чатыры з паловай гады. На просьбу падзяліцца сваімі ўражаннямі, расказаць пра тое, што падтрымлівала і давала сілы, расказвае пра першыя дні ў зняволенні.

На Валадарцы я была ў камеры 76. Дарэчы, у суседняй камеры 77 была Марыя Калеснікава. Я была ў нашай камеры адзінай палітычнай; да мяне тут была Іра Злобіна, але яе перавялі, каб мы не перасекліся. Я зайшла ў камеру і праз гэтыя вейкі засвяціла сонейка, і ад гэтага стала так утульна. Гэта гучыць троху дзіўна, але так было. Ты апынуўся ў камеры, такой маленечкай, але засвяціла сонейка. І там сядзяць жанчыны, якія да цябе вельмі прыязна ставяцца. Таму не было ніякага бар'еру ці страху. Мне пашанцавала, у мяне адразу былі перадачы і лісты. Лісты ад родных, знаёмых і зусім незнаёмых людзей і гэта было так класна.

Марына Золатава лічыць, што яе рэдактарскае мінулае прымушала супрацоўнікаў адміністрацый месцаў зняволення ставіцца да яе больш насцярожана.

Я ніколі на гэтым не канцэтравала увагу. Калі я сустракалася з іншымі зняволенымі я проста казала, што мяне завуць Марына. Канечне часам людзі мяне пазнавалі. Дарэчы, некаторыя звычайныя вязні часам нават не ведалі што такое Tut.by.

У калоніі яе больш за ўсё ўразіў крык, нейкае іншае аблічча крыку.

Я не адразу зразумела, што ў гэтым крыку няма ніякай агрэсіі, а што так гэтыя жанчыны проста размаўляюць. Гэтыя людзі за сваё жыццё прывыклі так размаўляць.

 Таксама яна ўбачыла колькі ў калоніі жанчын, якія не павінны там знаходзіцца.

— Мяне ўразіла колькасць жанчын, якія там знаходзяцца, і прычыны іх знаходжання. Большасць тых жанчын наогул не павінны былі трапіць у калонію.

На сёння сваёй галоўнай задачай Марына Золатава лічыць зрабіць усё магчымае, каб палітзняволеныя жанчыны выйшлі на волю. Для гэтага яна дапускае любыя спосабы і магчымасці, у тым ліку — перамовы з Лукашэнкам.

Сёння Марына Золатава жыве ў Варшаве і больш за ўсё шкадуе, што да арышту не праводзіла шмат часу са сваёй сям’ёй. Таму зараз спрабуе гэта кампенсаваць.

Падрыхтавала Аксана Колб

Больш падрабязна слухайце ў нашым аўдыё.