Беларуская Служба

Юрысты: Польскі закон заахвочвае ўцякаць з месца ДТЗ

18.05.2026 13:54
Уцечка з месца ДТЗ павінна карацца значна больш сурова. Тым часам дзеючыя правілы фактычна заахвочваюць вінаватых уцякаць з месца здарэння, піша Rzeczpospolita.
Аварыя са смяротнымі ахвяраміPAP/Paweł Topolski

«Урад прымае меры супраць дарожных піратаў» — такія лозунгі часцей за ўсё гучаць пасля дарожных трагедый, калі перавышэнне хуткасці або знаходжанне пад уздзеяннем алкаголю прыводзяць да гібелі выпадковых людзей.

Дарожна-транспартныя здарэнні звычайна класіфікуюцца як аварыі або сутыкненні.

Аварыя — гэта падзея, у якой хаця б адзін чалавек атрымлівае ўмераныя або цяжкія цялесныя пашкоджанні або гіне. Сутыкненне – гэта падзея, якая прыводзіць да лёгкіх цялесных пашкоджанняў удзельніка, гэта значыць нязначныя сінякі або драпіны, або толькі да пашкоджання транспартнага сродку ці дарожнай інфраструктуры.

У выпадку, калі вінаваты ў аварыі збягае з месца здарэння, заканадаўца вырашыў значна павялічыць крымінальнае пакаранне — яно складае ад аднаго месяца пазбаўлення волі да 20 гадоў у залежнасці ад цяжкасці цялесных пашкоджанняў у пацярпелых.

Адначасова на вінаватага, які ўцёк з месца здарэння суд павінен накласці забарону на кіраванне транспартнымі сродкамі на тэрмін не менш за тры гады. У выпадку цяжкіх цялесных пашкоджанняў або смерці пацярпелага забарона накладаецца пажыццёва.

Уцёкі з месца сутыкнення

У святле строгага прававога рэгулявання ўцёкаў з месца аварыі ўзнікае пытанне аб тым, якім прававым нормам павінны адпавядаць «уцёкі» з месца сутыкнення. Адказ нечаканы — па сутнасці, няма палажэнняў, якія б змянялі пакаранне для кіроўцы ў залежнасці ад таго, ці ён застаўся на месцы сутыкнення ці збег. У кожным выпадку гэта штраф у памеры ад 20 злотых да 30 000 злотых.

Польскае права дарожнага руху ў выпадку сутыкнення не ўводзіць ніякіх дадатковых правілаў адносна накладання забароны на кіраванне транспартнымі сродкамі. Калі вінаватаму выпісаны штраф, забарона на кіраванне не можа быць накладзена. Фактычна такое рашэнне прымае выключна супрацоўнік паліцыі. Забарона можа быць накладзена ў выпадку, калі справа разглядаецца крымінальным судом, але не абавязкова будзе накладзена. Дакладна тыя ж правілы распаўсюджваюцца на вінаватых, якія ўцякаюць з месца ДТЗ.

— Такім чынам, можна зрабіць выснову, што дзеючыя правілы дарожнага руху на практыцы спрыяюць, ці нават заахвочваюць кіроўцаў, вінаватых у дарожна-транспартных сутыкненнях пакінуць месца здарэння, — сцвярджаюць юрысты Лукаш Дусько і Матэвуш Шурман.

Вінаваты, усведамляючы абмежаваную сур'ёзнасць санкцый, якія яму пагражаюць, можа разглядаць пакіданне месца здарэння як выгадны варыянт.

Вядома, што супрацоўнікі паліцыі, як правіла, менш актыўна шукаюць вінаватага ў сутыкненні, што азначае, што асоба кіроўцы можа ніколі не быць ідэнтыфікаваная. У такім выпадку кіроўца пазбягае любой адказнасці.

З іншага боку, калі вінаватага ўсё ж паспяхова ідэнтыфікуюць — юрыдычныя наступствы застаюцца нязменнымі. За тое, што ён збег з месца сутыкнення, ён не атрымае дадатковых санкцый, адзначаюць юрысты, з якімі кансультавалася Rzeczpospolita.

яс