У роліку лідар «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі з цяжкасцю карыстаецца касай самаабслугоўвання, экс-прэм’ер Матэвуш Маравецкі і экс-міністр адукацыі ва ўрадзе ПіС Пшэмыслаў Чарнэк патапляюць «партыйны карабель», а міністр клімату ва ўрадзе Дональда Туска Паўліна Хеніг-Клёска паказвае палякам язык… Гэта прыклад удару па палітычных канкурэнтах, які з дапамогай штучнага інтэлекту нанесла крайне правая партыя «Канфедэрацыя». Паводле выдання «Gazeta Wyborcza», гэта першая польская палітычная партыя, якая пачала выкарыстоўваць штучны інтэлект у такіх вялікіх маштабах для бягучай палітычнай барацьбы.
- Я не здзіўлены, што яна («Канфедэрацыя» – рэд.) робіць гэта першай. Можа гэта смешнае і сучаснае, і гэта можа спадабацца выбаршчыкам «Канфедэрацыі», бо яны ў асноўным карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, але гэта таксама велізарная небяспека, – папярэджвае палітолаг з Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані прафесар Шымон Асоўскі.
Ён падкрэслівае, што такія матэрыялы павінны быць выразна пазначаны як створаныя штучным інтэлектам, бо яны могуць уводзіць у зман.
У якасці прыкладу папярэдняй дэзынфармацыйнай дзейнасці суразмоўца прыводзіць профіль «Правільныя палякі» (Pravilne Polki) ў TikTok, у якім выкарыстоўваліся выявы, створаныя штучным інтэлектам, для падтрымкі ідэі Polexit.
Паводле палітолага, палітычныя партыі павінны выкарыстоўваць гэтую тэхналогію ў абмежаванай ступені, а сам інструмент патрабуе прававога рэгулявання.
У сваю чаргу, дэпутат ад «Грамадзянскай кааліцыі» Патрык Яскульскі, прагназуе павелічэнне выкарыстання штучнага інтэлекту ў выбарчых кампаніях з-за нізкіх коштаў і прастаты стварэння кантэнту.
аз