Беларуская Служба

Андрусь Прага паказаў спектакль, які ён паставіў у камеры на Валадарцы (ФОТА)

21.05.2026 10:07
Паказ быў прымеркаваны да Дня палітвязняў у Беларусі, усталяваны ў дзень смерці Вітольда Ашурка 21 мая.
Аўдыё
  • Андрусь Прага паказаў спектакль, які ён паставіў у камеры на Валадарцы
Андрусь Прагафота: Польскае радыё

Сёлета гэта пятая гадавіна смерці палітвязня. Праваабаронцы заклікаюць 21 траўня выказаць салідарнасць з палітвязнямі Беларусі і ў чарговы раз запатрабаваць іх вызвалення. Кожная акцыя салідарнасці, нават маленькі жэст, мае значэнне.

Пра тое, што расказваць пра пераслед у Беларусі неабходна, перакананы актор і рэжысёр забаўляльнага тэатра «Пуговицы» Алесь Прага. У 2023 годзе, калі ён быў на Валадарцы, у камеры зладзіў паказ лялечнага спектаклю. Ужо ў вымушанай эміграцыі ён выношваў ідэю паказаць гэты спектакль на волі. Пры гэтым рэквізіт быў сапраўдным — тым, што і быў на Валадарцы.

Прэм'ера імерсійнага спектаклю адбылася ў Вільні, у турэмнай камеры былой турмы КДБ. У Варшаве – у будынку турмы на Ракавецкай, дзе ў часы ПНР трымалі асуджаных па палітычных артыкулах.


. 

Спектакль заснаваны на асабістым досведзе Андруся Прагі, які седзячы на Валадарцы правёў спектакль.

— Гэта назапашвалася, назапашвалася. Я па прафесіі рэжысёр, таму і думкі ўсе скіраваны на гэта. Нават калі трапіў у такое дзіўнае становішча для сябе, нязвыклае, турэмную камеру, усё роўна думка працавала пра нешта такое творчае. Ну і накапленне гэтых шматмесячных падзей, сустрэчы з людзьмі, іх асабістыя гісторыі. Найважнейшы быў першы дзень у прагулачным дворыку на Валадарцы, калі пасля больш, чым месяца знаходжання ў замкнёнай прасторы, у карцары, на Акрэсціне, ты выходзіш на свежае паветра, і яно проста нейкае асаблівае. І ў галаве проста адбыўся выбух: трэба неадкладна нешта рабіць. Робім спектакль.

Адна з асноўных тэм спектаклю – страх.

— Калі ты вольны чалавек, страх для цябе — гэта страшна ці не страшна? Толькі ў турме ты пачынаеш разумець, што ён вельмі разнастайны. Ён можа быць і вельмі смешны, проста ты разумееш, да слёз смешна. Страшна, але смешна. Бывае жудасна страшна, калі ты камянееш, трывожна, бывае непраходна, калі ты чакаеш нейкай брыдоты ў свой адрас. Або калі ты сядзіш, чакаеш суд, і не разумееш, выйдзеш ты на волю пасля суда ці ў бліжэйшыя гады апынешся ў турме. Мне хацелася пра гэтыя эмоцыі, пра гэтыя перажыванні, страхі, як з намі сістэма спрабуе гуляць коткі-мышкі, выкарыстоўваючы ўсякія маніпуляцыі, пра гэта вельмі чамусьці хацелася размаўляць.


/ 

Тэатр «Пуговицы» — гэта забаўляльны калектыў. Аднак, зняволенне многае змяніла ў жыцці рэжысёра.

— Я па адукацыі рэжысёр, усё жыццё працаваў у забаўляльнай галіне для дзяцей і ўсёй сямʼі. Мы пішам да гэтага часу дзіцячую музыку, спектаклі, лялечныя спектаклі, выступаем з канцэртнымі праграмамі і гэтак далей. Усё жыццё займаемся менавіта гэтым — забаўляем дзяцей і бацькоў.Па-першае, калі я туды патрапіў, я зразумеў, што для мяне адкрыўся дзіўны свет. Я не бачыў гэтага свету ўсё жыццё. Здавалася, што ёсць дзіўныя мужчыны, так іх назавем, абʼюзеры сямейныя. Я ніколі іх не бачыў у жыцці, а тут я ўбачыў іх проста на свае вочы, як яны сябе паводзяць. Гэта было ваў, гэта шоў. Убачыў людзей у незвычайнай сітуацыі, як яны раскрываюцца. Ну і прайшоў праз асабістае, калі цябе спрабуюць псіхалагічна, маральна змяніць, давесці, што ты не маеш рацыі. І калі ты змушаны зʼехаць, кінуць сваю хату, любімую справу, каханых людзей, я выў як воўк, калі зʼязджаў. І тут вось тры гады падыходзіў да гэтага пытання. Мне вельмі хацелася паказаць гэты лялечны спектакль.

Ну проста лялечны спектакль паказаць мне здалося мала. Трэба гаварыць пра тых людзей, з якімі я там сустрэўся, і з якімі я не знаёмы. Іх проста вялізная колькасць. Мы зараз гэтай гісторыяй усе абʼяднаны. Ну і я магу рабіць спектаклі. Гэта значыць, я такім чынам магу казаць пра іх, нагадваць пра іх. І калі я раблю гэты спектакль, я вызваляюся яшчэ ад аднаго страху. Ён дагэтуль ва ўсіх нас сядзіць. Страх, яго называюць «не нашкодзь», страх выказацца, страх быць адкрытым, быць прыкметным, быць яркім. Ён да гэтага часу ў нас. Спектакль дае гэтую магчымасць, гэтую стрэмку выцягваць з сябе.

Яшчэ адзін спектакль у Варшаве будзе паказаны 29 мая. Андрусь Прага плануе доўгі міжнародны праект, які на працягу года ахопіць некалькі краін. Спектакль «Казкі з Замка» будзе паказаны ў гістарычных прасторах многіх краін Еўропы. У месцах, звязаных з рэпрэсіямі і пераследам іншадумства. У планах — паказаць «Казкі» ў Мемарыяле Берлін-Хаэншэнхаўзен» (былой турме Штазі), у Будапешцкім музеі «Дом Тэрора», у Талінскім «Мемарыяле Ахвярам камунізму ў Эстоніі», у Рыжскім музеі «Кутні дом», на плошчы Бастыліі ў Парыжы, на месцы турмы, ад якой не пакінулі каменя на камені.

Дзень палітвязняў — памятная праваабарончая дата, якая адзначаецца 21 мая і прысвечана салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі, ушанаванню памяці загінулых у зняволенні, а таксама прыцягненню ўвагі да праблемы палітычных рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

21 мая 2021 года Ашурак памёр у папраўчай калоніі; абставіны яго смерці не высветленыя па сённяшні дзень, а датычныя асобы так і не былі прыцягнутыя да адказнасці.

Сімвалам даты была абраная жоўтая бірка — знак на адзенні палітвязняў у месцах зняволення, пра які ў сваіх лістах расказваў Вітольд Ашурак.

слухайце аўдыё

ав