Мужчыны ў Польшчы жывуць надзвычай каротка, калі гаворка ідзе пра Еўропу — яны паміраюць на 8 гадоў раней за жанчын. Галоўнай прычынай гэтага з'яўляецца дрэнны лад жыцця, у прыватнасці — лішняя вага і атлусценне, адзначае ў размове з агенцтвам PAP прафесар Баляслаў Самаліньскі з Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта.
У Еўропе сярэдняя розніца ў працягласці жыцця паміж мужчынамі і жанчынамі складае 3,5 – 4 гады. У Польшчы яна дасягае 8 гадоў.
Лішняя вага і адукацыя
— Дзіўна, але лішняя вага ў мужчын павялічваецца з узроўнем адукацыі. У жанчын усё наадварот — яны прытрымліваюцца рэжыму харчавання, таму што хочуць быць у форме, добра выглядаць і, такім чынам, жыць даўжэй. Чым лепш адукаваная жанчына, тым меншая верагоднасць таго, што ў яе будзе лішняя вага, — адзначае эксперт.
Нізкаму ІМЦ (Індэкс масы цела) спрыяе таксама добрае фінансавае становішча чалавека. Між тым, багатыя і добра адукаваныя жанчыны трымаюць сваю вагу, а мужчыны — не. У адукаваных і багатых мужчын ёсць веды на гэтую тэму, але яны не прытрымліваюцца рэжыму харчавання.
— Даследаванні паказалі, што веды аб харчаванні добрыя сярод мужчын з найбольшым атлусценнем, нават лепшыя, чым сярод больш стройных мужчын. І гэта дзіўна, — адзначыў прафесар Самаліньскі.
Між тым, па меры павелічэння ІМЦ у людзей ва ўзросце 35-49 гадоў павялічваецца таксама рызыка заўчаснай смерці. Гэта тычыцца і людзей у перадпенсійным і ў пажылым узросце. Аднак, як адзначыў эксперт, мужчыны падвяргаюцца большай рызыцы.
Няправільнае харчаванне і нізкая фізічная актыўнасць
Польшча ўваходзіць у лік краін з высокім ІМЦ, вышэйшым, чым у Францыі, Іспаніі і Вялікабрытаніі. Асноўнымі прычынамі гэтага зʼяўляюцца няправільнае харчаванне і нізкая фізічная актыўнасць.
Больш за 60% палякаў не ядуць хлеб з суцэльнай пшаніцы або робяць гэта вельмі рэдка. Тым часам белы хлеб мае высокую каларыйнасць і высокі глікемічны індэкс. Толькі кожны трэці паляк штодня ўжывае гародніну і садавіну. Цэлых 80% насельніцтва ўжывае шкодную смажаную ежу некалькі разоў на тыдзень або адзін раз на тыдзень. Кожны другі паляк некалькі разоў на тыдзень есць салодкае.
Паводле прафесара Самаліньскага, першым крокам павінна быць абмежаванне высокакаларыйных прадуктаў, у тым ліку напояў. Ён падкрэслівае, што калі наш паказчык ІМЦ не перавышае 30-ці, то мы можам яго панізіць з дапамогай ладу жыцця: фізічных практыкаванняў і правільнага харчавання.
— Калі ў пацыента ІМЦ вышэй за 30, што зʼяўляецца атлусценнем, тады мы пачынаем умешвацца медыцынскім шляхам, — адзначае эксперт. — Я алерголаг, бацькі пастаянна пытаюцца ў мяне, ці выдам я даведку аб вызваленні ад заняткаў фізкультурай, таму што ў іх дзіцяці астма, і яно не можа займацца спортам. Тым часам 30% алімпійскіх спартсменаў хварэюць на астму. Атылія Янджэйчак (вядомая польская плыўчыха – рэд.) пераадолела гэтую хваробу дзякуючы спорту. Памятайце, што прыгожае дзіця — гэта актыўнае, стройнае дзіця, а не дзіця з пухлым тварам і схільнасцю да лішняй вагі, — кажа прафесар Баляслаў Самаліньскі.
PAP/аз