На гэтым тыдні, 1 чэрвеня, адзначаўся Міжнародны дзень абароны дзяцей. Як правіла гэтае свята абмяжоўваецца да арганізацыі розных мерапрыемстваў для дзяцей, самым маленькім дораць цацкі і слодычы. На жаль, дзяцей у Польшчы, а таксама і ў Беларусі становіцца ўсё менш. У 2025 годзе ў Польшчы нарадзілася 238 тысяч дзяцей, а памерла 406 тысяч чалавек. У 1990 годзе было амаль 548 тысяч нованароджаных (у 2,3 раза больш, чым летась).
Прычын нізкай нараджальнасці шмат – гэта і эканамічныя праблемы, адсутнасць даступных танных кватэр для моладзі, цяжкасці на рынку працы, але таксама высокая свядомасць маладых людзей, звязаная з экалагічнымі праблемамі, хаатычны свет, у якім нават вопытныя асобы страчваюць жыццёвы арыенцір, пачуццё, што будучыня можа прынесці не паляпшэнне, а пагаршэнне жыцця, і таму многія выбіраюць бяздзетнасць. Гэта праяўленне хутчэй высокай адказнасці, чым безадказнасці. Змяніўся падыход людзей да сям’і і бацькоўства – гэта ўжо не адзіны правільны выбар для маладога чалавека.
Часта дэмаграфічны спад прадстаўляюць як нацыянальную катастрофу, а наша госць – старшыня фонду «Мама на арэлях» (Mama na huśtawce) Сандра Хаус-Енджэйчак (Sandra Haus-Jędrzejczak) кажа, што моладзь значна больш адказна падыходзіць да бацькоўства, і гэта добра.
— Дэмаграфічныя паказчыкі сапраўды вельмі трывожныя, але нам варта сур'ёзна падумаць пра прычыны. У мяне склалася ўражанне, што мы спрабуем вырашыць гэтыя праблемы крыху занадта позна, напрыклад, прапаноўваючы эканамічныя стымулы, замест таго, каб вырашаць глыбокія праблемы. Я б зусім не прымушала нікога мець дзяцей. Выдатна, што моладзь прымае свядомыя рашэнні. Раней людзі нават не думалі пра тое, ці яны хочуць мець дзяцей, сям'ю. Яны проста рабілі гэта, як іх бацькі. Гэта быў адзіны правільны шлях. А цяпер ёсць выбар. Часта адмоўнае стаўленне да бацькоўства вынікае, напрыклад, з цяжкага дзяцінства. Я думаю, што псіхалагічная падрыхтаванасць і большы клопат пра адносіны акупяцца ў будучыні. Можа, нашы дзеці будуць больш гатовыя заводзіць сваіх уласных дзяцей, таму што яны будуць паходзіць з больш здаровых сем'яў. Я б абсалютна нікога не прымушала да бацькоўства. Маім меркаваннем, вельмі добра, што некаторыя людзі свядома адмаўляюцца ад нараджэння дзяцей.
— Безумоўна, людзям жывецца цяпер значна лепш у матэрыяльным плане, чым некалькі дзясяткаў гадоў таму. Можа, маладыя сталі значна больш эгацэнтрычнымі, больш увагі надаюць уласным патрэбам, а не патрэбам грамадства, нацыі?
— Пытанне ў тым, ці сапраўды гэта так дрэнна? Калі мы не выхоўваем здаровых грамадзян, якія ўсведамляюць сябе і свае патрэбы, ці не ствараем здаровай дзяржавы. Канешне, могуць узнікнуць новыя праблемы, як дэмаграфічны спад, але пытанне ў тым, ці будуць, напрыклад, шчаслівыя грамадзяне, калі людзі, якія не перакананыя ў тым, што хочуць мець дзяцей, іх завядуць выключна дзеля дабра дзяржавы? Неабходна аддаваць прыярытэт якасці, а не колькасці і ствараць умовы, у якіх людзі захочуць нараджаць і выхоўваць дзяцей, а не прымушаць да бацькоўства. Гэта сапраўды неверагодна цудоўная прыгода - выхаванне дзіцяці, але калі хтосьці адчувае, што гэта зусім не яго шлях, то я не думаю, што ён павінен прымушаць сябе да гэтага.
— Такім чынам, нельга казаць, што моладзь падыходзіць да жыцця па-спажывецку і безадказна. Магчыма, наадварот, яна значна больш разважлівая і свядомая, і таксама да выхавання дзяцей ставіцца значна больш адказна, а не так – калі нарадзілася, дык неяк выгадуецца.
— Паглядзіце, наколькі больш адказна наша пакаленне ўсведамляе патрэбы дзяцей, псіхалогію бацькоўства і дзіцячую псіхалогію ў цэлым, чым пакаленне, скажам, нашых бацькоў ці бабуль і дзядуль. Калісьці ў людзей было толькі жаданне, а не было ведаў і інструментаў, якія ёсць у нас. Дзякуючы таму, што ў нас таксама велізарныя веды на тэму псіхалогіі развіцця чалавека, мы сапраўды можам рабіць значна менш памылак, чым папярэднія пакаленні. Нават калі мы памыляемся (а не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць), але мы хочам імкнуцца да лепшага, папраўляць памылкі. Мы хочам выхоўваць дзяцей у духу блізкасці, разумення і негвалтоўнай камунікацыі. Гэта мае велізарную каштоўнасць для наступнага пакалення. На маю думку, мы сапраўды выхоўваем прыгожае пакаленне для прыгожай Польшчы.
— На завяршэнне нашай размовы можна сказаць, што ў галіне дэмаграфіі і выхавання дзяцей колькасць перайшла ў якасць. Людзі ставяцца да справы больш адказна, рыхтуюцца да ролі мамы ці таты, і таксама выхоўваюць дзяцей у атмасферы партнёрства, паказваюць, што можна рабіць памылкі, у тым ліку ў выхаванні, прызнавацца да памылак, якія нас вучаць, а не з’яўляюцца чымсьці сарамлівым.
— Канешне. Важна, каб мы разумелі свае памылкі, каб мы хацелі рухацца наперад, вучыцца на іх, развівацца. Гэта сапраўды каштоўна. Мы паказваем сваім дзецям, што рабіць памылкі — гэта нармальна. Калі мы робім памылку, прызнаем яе і просім прабачэння, тады дзіця вучыцца, што калі яно калі-небудзь зробіць памылку, гэта не канец свету. Лепш, калі дзіця не ідэалізуе бацькоў, якія ніколі не прызнаюцца ў памылках, а само бачыць, што можна справіцца з любой сітуацыяй і што любую памылку можна выправіць.
Пра стаўленне маладога пакалення да бацькоўства і выхавання дзяцей мы размаўлялі са старшынёй фонду «Мама на арэлях» (Mama na huśtawce) Сандрай Хаус-Енджэйчак.
нг