Беларуская Служба

На праект «Лабараторыі штучнага інтэлекту» выдзяляць амаль два мільярды злотых

03.06.2026 17:08
Сродкі будуць размеркаваны паміж пачатковымі і сярэднімі школамі па ўсёй Польшчы.
 .
Штучны інтэлект.Shutterstock

Польскія школы атрымаюць новую тэхніку, аб чым заявіў прэм’ер-міністр Дональд Туск — чытаем у выданні «Businessinsider».

— Мы вырашылі выдзеліць амаль два мільярды злотых, у асноўным з еўрапейскіх фондаў, на праект «Лабараторыі штучнага інтэлекту», якія будуць размеркаваны паміж пачатковымі і сярэднімі школамі па ўсёй краіне, — заявіў Туск падчас Еўрапейскага фінансавага кангрэса (EFC) у Сопаце.

Падчас свайго выступу прэм'ер-міністр засяродзіўся на штучным інтэлекце, пагрозах і выкліках, якія ён стварае. Ён адзначыў: «Мы не можам спыняцца на фаталістычных прароцтвах пра тое, што штучны інтэлект захопіць свет і пазбавіць нас мільёнаў працоўных месцаў. Факты не настолькі песімістычныя, і прагнозы не павінны быць такімі трывожнымі».

— Няма сумненняў, што развіццё сучасных тэхналогій можа і будзе ствараць выклікі для асобных галін прамысловасці і рынку працы. Яно таксама можа ствараць значную праблему для дзяржавы, у тым ліку, напрыклад, для Польшчы, робячы яе залежнай ад глабальных кампаній або найбуйнейшых сусветных дзяржаў на лічбавым рынку, якія могуць дазволіць сабе працаваць з буйнымі кампаніямі, каб кантраляваць гэты новы кіберсвет, — дадаў ён.

Туск падкрэсліў, што цяпер нам варта засяродзіцца на дзеяннях, якія адновяць наша пачуццё кантролю над такімі інструментамі, як штучны інтэлект, а не яны павінны мець кантроль над намі.

— У нас самыя таленавітыя спецыялісты па камп'ютэрных навуках. Штучны інтэлект быў у значнай ступені сферай дзейнасці польскіх навукоўцаў, наватараў. Яны рэалізоўвалі свае мары за мяжой. І гэта праблема, якую мы павінны вырашыць. Калі мы сур'ёзна ставімся да тэхналагічнага суверэнітэту, мы павінны мець магчымасць захаваць людзей, якія будуць яго ствараць дзякуючы сваім інтэлектуальным якасцям, талентам і адукацыі, — сказаў прэм’ер-міністр.

нг

Псіхолаг: Сацыяльныя сеткі ператвараюць грамадскую дыскусію ў бітву плямёнаў

03.06.2026 15:45
Такія палітыкі, як Дональд Трамп ці Уладзімір Пуцін, выдатна навучыліся выкарыстоўваць страх.