Беларуская Служба

«Памылка ідзе за памылкай, і памылкай паганяе». У Польшчы вельмі эмацыйна ўспрынялі рашэнне прэзідэнта Украіны

09.06.2026 15:50
За гэта Уладзіміра Зяленскага могуць пазбавіць вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Польшчы.
Аўдыё
  • Ці Уладзіміра Зяленскага пазбавяць ордэна Белага Арла?
   .
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Фота: PAP/EPA/NEIL HALL

На працягу бліжэйшых дзён прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі (Karol Nawrocki) прыме рашэнне пра тое, ці пазбавіць Уладзіміра Зяленскага ордэна Белага Арла. У панядзелак, 8 чэрвеня капітула ордэна правяла пасяджэнне па гэтым пытанні. Сярод членаў капітулы не было аднагалоснасці адносна магчымага пазбаўлення прэзідэнта Украіны польскай дзяржаўнай узнагароды. Паводле крыніц Польскага радыё, пасля сустрэчы ўдзельнікаў папрасілі абмежаваць кантакты са СМІ і ўстрымацца ад выступаў, пакуль не будзе абвешчана афіцыйнае рашэнне прэзідэнта.

Уладзімір Зяленскі атрымаў ордэн Белага Арла па рашэнні прэзідэнта Анджэя Дуды ў 2023 годзе за вялікі ўклад у развіццё польска-ўкраінскіх адносін. Крокі па пазбаўленні Зяленскага вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Польшчы былі прынятыя пасля таго, як ён вырашыў аб прысваенні аднаму з падраздзяленняў украінскіх Сіл спецыяльных аперацый ганаровага звання «Герояў Украінскай Паўстанцкай Арміі (УПА)». Гэта выклікала сур'ёзную напружанасць у польска-ўкраінскіх адносінах. У Польшчы дзейнасць УПА ўспрымаецца зусім інакш, чым ва Украіне, дзе члены арміі лічацца змагарамі за дзяржаўную незалежнасць. У Польшчы яны ўспрымаюцца перш за ўсё як салдаты фармавання, якое ўдзельнічала ў генацыдзе палякаў на Валыні ў часы Другой сусветнай вайны. І таму польскі палітычны клас ды звычайныя жыхары Польшчы асуджаюць рашэнне Зяленскага і патрабуюць павагі да гістарычнай памяці палякаў, звязанай з генацыдам на Валыні.

Гэты міжнародны канфлікт узнік у вельмі неспрыяльны момант. Украіна вядзе вайну з акупантам, якая вырашае, быць ці не быць украінскай дэмакратычнай дзяржаве, а Польшча з’яўляецца адным з важнейшых саюзнікаў Украіны ў гэтай барацьбе. Напрыканцы чэрвеня ў Гданьску павінна адбыцца міжнародная канферэнцыя, прысвечаная пасляваеннаму аднаўленню Украіны. Неафіцыйна стала вядома, што Уладзімір Зяленскі можа не прыехаць на мерапрыемства. Гэта было б лагічнае рашэнне, — адзначае былы прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі (Bronisław Komorowski).

— На маю думку, было б дзіўна, калі б ён прыехаў пасля пазбаўлення яго ордэна. Неабходна задаць пытанне прэзідэнту Наўроцкаму, ці ён добра гэта прадумаў — з палітычнага пункту гледжання. Складваецца ўражанне, што ён сам дзейнічае вельмі імпульсіўна, імкнучыся выкарыстаць эмоцыі палякаў, хвалю антыўкраінскіх настрояў, якія пашыраюцца ў Польшчы. На жаль, паміж прэзідэнтамі няма рабочых кантактаў. Калі б яны былі, магчыма, можна было б пазбегнуць катастрофы. Калі б у прэзідэнта Наўроцкага былі добрыя адносіны з прэзідэнтам Зяленскім, тады, па-першае, ён мог бы раней даведацца, што такое рашэнне рыхтуецца, а па-другое, мог бы яго нейкім чынам прадухіліць. Канешне, прасцей крычаць і тупаць нагамі ад злосці, калі малако ўжо праліта.

Украіна мае магчымасць перагледзець сваё рашэнне аб прысваенні вайсковаму падраздзяленню звання «Герояў УПА», — мяркуе дэпутат ад партыі «Права і справядлівасць» Кшыштаф Шчуцкі (Krzysztof Szczucki). Пры гэтым, паводле яго слоў у эфіры Польскага радыё, не варта спяшацца з пазбаўленнем польскай узнагароды прэзідэнта Украіны.

 Той факт, што прэзідэнт Наўроцкі не прыняў яшчэ рашэння аб пазбаўленні Уладзіміра Зяленскага ордэна Белага арла, дае надзею, што ідуць перамовы паміж польскімі ды ўкраінскімі палітыкамі. Польшчу наведаў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Украіны. Магчыма, хаця цяжка быць вялікім аптымістам па гэтым пытанні, украінцы здолеюць перагледзець сваё рашэнне і тады не будзе неабходнасці пазбаўляць ордэна Уладзіміра Зяленскага.

Рашэнне Уладзіміра Зяленскага аб прысваенні імя «Герояў УПА» аднаму з падраздзяленняў УСУ значна ўскладніла адносіны паміж Польшчай і Украінай. Палякі ўспрымаюць гэтае рашэнне вельмі эмацыйна, для іх не лічыцца аргументам тое, што Зяленскі дзейнічаў на просьбу ўкраінскіх салдат, якія змагаюцца за свабоду і незалежнасць сваёй радзімы. На думку палітолага Анджэя Зыбалы (Andrzej Zybała), цяпер Караль Наўроцкі павінен прыняць сапраўды саламонавае рашэнне.

— З аднаго боку, Украіна змагаецца з расійскімі акупантамі, якія з’яўляюцца таксама ворагам Польшчы. І таму Польшча павінна стаяць па адным баку з Украінай, падтрымліваць яе. Але, з іншага боку, паміж намі былі чорныя старонкі гісторыі, на якія палякі і ўкраінцы глядзяць зусім па-рознаму. І, на жаль, гэтая гісторыя пагрукала ў нашы дзверы ў вельмі неадпаведны час. На маю думку, ад спеласці нашага палітычнага класа залежыць, як удасца вырашыць гэтую праблему.

У Польшчы вельмі шмат людзей, якія шчыра падтрымліваюць Украіну, Польшча з’яўляецца важнейшым хабам пастаўкі ўзбраення на фронт, яна прыняла ваенных бежанцаў. Пры гэтым, такія не да канца прадуманыя рашэнні, як прысваенне звання «Герояў УПА», могуць звесці на «не» практычна ўсе гэтыя высілкі. Шмат занадта эмацыйных крокаў па абодвух баках, — адзначае дырэктар Канала замежнага вяшчання Польскага радыё Наталля Брыжка-Запур (Natalia Bryżko-Zapór), аўтарка кнігі пра Уладзіміра Зяленскага.

 Маёй першай рэакцыяй было, што памылка ідзе за памылкай, і памылкай паганяе. І што гэтыя рашэнні разбураюць тое, што ўдалося зрабіць дзякуючы шматгадовай працы. У Польшчы сапраўды шмат людзей, якія працуюць на карысць польска-ўкраінскага прымірэння, будавання мастоў паміж намі, лаяльнага, дружалюбнага суседства. Праўда, пазней была заява Зяленскага, заява міністра замежных спраў Украіны, у якой яны тлумачылі, што гэтае рашэнне вынікае з жаданняў саміх украінскіх салдат, якія абараняюць сваю краіну. І што іх просьбы неабходна паважаць. Гэтыя аргументы маюць пэўную вартасць, але яны не зусім пераканаўчыя. Але і наша рэакцыя заўсёды надта эмацыйная. Я б хацела, каб Польшча будавала свае міжнародныя адносіны не толькі на эмоцыях, але і на роздумах ды рацыянальных дзеяннях. Таму імгненная рэакцыя на падставе эмоцый перашкаджае будаваць аўтарытэт польскай дзяржавы — як ва Украіне, так і ў глабальным маштабе. Наша пазіцыя ў свеце недастаткова моцная. На маю думку, варта старанна падумаць, перш чым рэагаваць, тым больш што рэакцыя выглядае асіметрычнай у адносінах да рашэнняў украінцаў. З іншага боку, рашэнне Зяленскага якраз у той час, калі пачынаюцца археалагічныя працы па даследаванні парэшткаў ахвяр Валынскай разні, пасля зняцця мараторыя на працы, у той час, калі з зямлі пачалі выкопваць парэшткі палякаў, забітых у рамках этнічных чыстак, якія праводзіла Украінская паўстанцкая армія падчас вайны, выглядае непрыхаванай правакацыяй.

У аўторак, 9 чэрвеня, пачаліся першыя раскопкі ў Гуце Пеняцкай у Львоўскай вобласці, дзе, як мяркуецца, знаходзяцца масавыя пахаванні палякаў, забітых у лютым 1944 года. Працу вядзе Інстытут нацыянальнай памяці сумесна з украінскімі партнёрамі. Гута Пеняцкая — гэта сімвал генацыду палякаў, забітых на Валыні і ва Усходняй Малапольшчы салдатамі УПА. 

IAR/RPdZ/нг