Беларуская Служба

Каб вярнуцца ў прафесію ў Польшчы, беларускаму лекару трэба прайсці доўгі шлях

10.06.2026 11:02
Пацыенты добра ставяцца да беларускіх лекараў.
Медыцынаt.me/belhalat_by/8430

Партал «Onet» піша пра беларускіх лекараў у Польшчы. Усё большая колькасць іх прадстаўнікоў выбірае працу ў Польшчы. Прычынамі гэтага з'яўляюцца не толькі больш высокія заробкі, але і палітычная сітуацыя ў Беларусі, а таксама прафесійныя абмежаванні для тых, хто лічыцца нелаяльным да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

31-гадовая лекарка Юлія Казачэнка праходзіць паслядыпломную медыцынскую інтэрнатуру разам з выпускнікамі польскіх універсітэтаў.

У Беларусі Юлія чатыры гады ўзначальвала амбулаторнае аддзяленне ў бальніцы Мінскай вобласці. Пра свой ад’езд у Польшчу яна не паведаміла ні калегам, ні кіраўніцтву. Разам з мужам яны чакалі польскую гуманітарную візу, узялі свайго французскага бульдога і ў верасні 2022 года адправіліся ў дарогу.

— Мы разумелі, што рана ці позна яны нас знойдуць пасля таго, як убачаць фотаздымкі з пратэстаў. Я проста паехала ў адпачынак і не вярнулася, — успамінае яна.

У апошнія гады амаль усе сябры Юліі, а таксама многія яе калегі пакінулі Беларусь.

Па прыезду ў Польшчу Юлія плакала, успамінаючы сваю працу лекарам у Беларусі. Яна была настолькі псіхічна знясіленая, што вырашыла кінуць медыцыну і паступіла ў вышэйшую школу масажу. Распавядае, што ў беларускім шпіталі была адказная за ўсё. Даводзілася мець справу са зламаным туалетам, плаціць штрафы пажарнай службе за няправільную ўстаноўку дзвярной ручкі і шукаць каго-небудзь, каб адрамантаваць шпітальны аўтамабіль. Яна таксама наведвала дзяржаўныя ўстановы і ўгаворвала супрацоўнікаў зрабіць прышчэпку за пэўную плату.

З часам Юлія зразумела, што польская ахова здароўя адрозніваецца ад таго, да чаго яна прывыкла ў Беларусі, і вырашыла пачаць усё спачатку. Аднак, каб вярнуцца да прафесіі ў Польшчы, замежнаму лекару трэба прайсці доўгі шлях.

Спачатку неабходна здаць складаныя экзамены — па настрыфікацыі і мове — да якіх рыхтуюцца штодня на працягу некалькіх месяцаў. Кожная спроба каштуе каля 1000 еўра, і не ўсе праходзяць іх з першага разу. Пасля здачы гэтых экзаменаў замежнік атрымлівае роўныя ўмовы з польскімі студэнтамі і праходзіць 13-месячную паслядыпломную стажыроўку ў бальніцы. Юлія здала экзамены восенню 2024 года і ў сакавіку пачала стажыроўку ў бальніцы ў Сахачаве. Яна чакае заключнага медыцынскага экзамену, які дае ёй ліцэнзію на медыцынскую практыку. Пасля зможа працаваць урачом або пачаць рэзідэнтуру працягласцю 4-6 гадоў для атрымання спецыялізацыі.

— Пабачым,  разважае яна пра будучыню. — Калі грошы спатрэбяцца ў дадзены момант, я пайду працаваць і зарабляць грошы, а потым, калі атрымаецца, пачну рэзідэнтуру.

Юлія таксама не скардзіцца на заробак інтэрна-стажыста  яна атрымлівае ад 5000 да 6400 злотых чыстымі ў месяц у залежнасці ад колькасці змен. І кажа, што была ў шоку, калі ўбачыла свой першы польскі заробак. Яна ганарыцца тым, што зарабляе годны заробак на працы, якую любіць.

— З іншага боку, было вельмі сумна, таму што сябры і калегі засталіся ў Беларусі,  тлумачыць Юлія. — І цяжка зразумець: як магчыма, што розніца такая вялікая?.

Onet/ав