Беларуская Служба

Палякі ахвотна ездзяць у Чэхію на аперацыі па выдаленні катаракты і на лячэнне зубоў

12.06.2026 14:58
Напрыклад, польскія пацыенты з дамоў састарэлых часта звяртаюцца ў клініку ў горадзе Астрава, якая спецыялізуецца на стаматалогіі для людзей з інваліднасцю.
.
Ілюстрацыя.Фота: Pixabay.com / Maklay62

У 2025 годзе Нацыянальны фонд аховы здароўя (NFZ) выплаціў каля 52,8 мільёна злотых за планавае лячэнне палякаў у іншых краінах Еўрапейскага Саюза. За мяжой пацыенты часцей за ўсё праходзяць аперацыю па выдаленні катаракты і стаматалагічныя працэдуры, паведамляе «Rzeczpospolita». Асноўным напрамкам медыцынскага турызму з'яўляецца Чэхія.

Газета нагадвае, што палякі могуць атрымаць лячэнне за кошт «Нацыянальнага фонду аховы здароўя» у іншай дзяржаве-члене ЕС або члене Еўрапейскай эканамічнай зоны. Гэта дазволена правіламі, якія рэалізуюць трансгранічную дырэктыву, і правілам аб каардынацыі сістэм сацыяльнага забеспячэння.

Чаму палякі выбіраюць аперацыю па выдаленні катаракты ў Чэхіі, калі доступ да гэтай паслугі ў Польшчы павялічыўся пасля зняцця абмежаванняў у 2019 годзе?

— На маю думку, за паездкамі пацыентаў у Чэхію няма ніякага сакрэту, а ёсць тры канкрэтныя прычыны: больш кароткі час чакання, магчымасць даплаты за лепшы крышталік і зручная лагістыка, г.зн. транспарт туды і назад, — адзначае загадчык аддзялення афтальмалогіі ў раённай бальніцы ў Катавіцах прафесар Эдвард Выленгала (Edward Wylęgała).

Стаматалагічныя паслугі ў Чэхіі таксама папулярныя. Як паведаміў NFZ, гэтая група паслуг у асноўным прадугледжвае лячэнне людзей з інваліднасцю пад агульным наркозам. У Польшчы няшмат клінік прадастаўляюць гэтую паслугу. Аднак у Чэхіі клінікі больш адкрыта ставяцца да такіх пацыентаў. Напрыклад, польскія пацыенты з дамоў састарэлых часта звяртаюцца ў клініку ў горадзе Астрава, якая спецыялізуецца на стаматалогіі для людзей з інваліднасцю.

PAP/нг