Сусветная арганізацыя аховы здароўя папярэджвае, што бягучая экстрэмальная хваля спёкі ўжо мае трагічныя наступствы. Паводле слоў кіраўніка СААЗ Тэдраса Аданома Гебрэесуса, з 21 чэрвеня ў Еўропе зарэгістравана больш за 1 300 дадатковых выпадкаў смерці. З рэкордна высокімі тэмпературамі надвор’я ў цяперашні час змагаюцца прыблізна 150 мільёнаў чалавек, паведамляе «Rzeczpospolita».
— З-за зменаў клімату і яго пацяплення, штогод у Еўропе фіксуюцца хвалі спёкі, якія калісьці лічыліся рэкорднымі, — напісаў кіраўнік СААЗ.
Такія з’явы часта называюць «ціхімі забойцамі» — дамы, школы і працоўныя месцы ў Еўропе не будаваліся з улікам такіх тэмператур, падкрэсліў кіраўнік СААЗ. Ён запэўніў, што арганізацыя супрацоўнічае з дзяржавамі-членамі, каб супрацьстаяць гэтай пагрозе, засяроджваючыся на падрыхтоўцы да далейшых хваль спёкі і ўмацаванні сістэм аховы здароўя.
Хвалі спёкі выклікаюць тысячы дадатковых смерцяў
Нацыянальнае агенцтва аховы здароўя Францыі паведаміла ў нядзелю, што з мінулай серады было зарэгістравана прыкладна на 1 000 больш смерцяў у параўнанні з папярэднімі месяцамі.
Хваля спёкі ў Францыі, аказалася больш інтэнсіўнай, чым калі-небудзь раней. У апошнія дні самыя высокія тэмпературы за ўсю гісторыю назіранняў былі таксама зафіксаваны ў Вялікабрытаніі, Германіі і Чэхіі.
Хваля спёкі дасягнула і Польшчы. Інстытут метэаралогіі і воднай гаспадаркі выпусціў папярэджанне для жыхароў амаль усёй краіны, якое дзейнічае да панядзелка ўключна. У гэты перыяд тэмпература ў Польшчы можа дасягаць 42°Ц удзень і 25°Ц уначы.
аз