Польшча масава блакуе працоўныя візы для супрацоўнікаў з Усходняй Еўропы, якія маглі б даглядаць пажылых людзей, папярэджваюць працадаўцы. Паскораная праграма прыцягнення работнікаў з трэціх краін не працуе. У ейных рамках былі зацверджаны толькі тры з 40 заявак на атрыманне візы, паведамляе «Gazeta Wyborcza». Выданне нагадвае, што спрошчаная працэдура распаўсюджваецца на грамадзян Украіны, Беларусі, Арменіі і Малдовы.
Старшыня Польскай асацыяцыі хатняга догляду Ада Заорска (Ada Zaorska) звярнула ўвагу на недахоп работнікаў у сферы догляду за пажылымі людзьмі на фоне дэмаграфічнага крызісу.
Цяжкая і нестабільная праца не карыстаецца папулярнасцю сярод палякаў, таму найм замежнікаў вельмі важны.
У чацвёртым квартале бягучага года ў Польшчы павінен быць уведзены ваўчар на догляд за пажылымі людзьмі, то бок да 2 150 злотых (больш за 501 еўра) на паслугі па доглядзе. Аднак гэта патрабуе падрыхтоўкі прыблізна 90 тысяч работнікаў.
Ада Заорска падкрэслівае, што ўлады, не паказалі, дзе знайсці супрацоўнікаў, улічваючы цяперашні дэфіцыт у 40 -50 тысяч чалавек. У сваю чаргу, кампаніі паведамляюць пра праблемы з наймам з-за адмоваў у візах.
Гэта стварае рызыку, што кампаніі пачнуць рэгістравацца і плаціць падаткі за мяжой (напрыклад, у Літве), а работнікі з Усходняй Еўропы пачнуць абмінаць Польшчу, накіроўваючыся на Захад.
Старшыня Нацыянальнай палаты дамоў састарэлых доктар Анджэй Лейчак(Andrzej Lejczak), падкрэслівае ў размове з газетай, што апекуны з Украіны і Беларусі ратавалі рынак інстытуцыйнага догляду ў Польшчы. У справаздачы, падрыхтаванай для Міністэрства аховы здароўя, палата звяртае ўвагу, што да 2030 года колькасць месцаў для пажылых людзей ва ўстановах доўгатэрміновага догляду ў Польшчы павінна павялічыцца на 40 тысяч.
Між тым, у Польшчы адмаўляюць іншаземцам у візах на падставе правілаў, прынятых больш за год таму, якія спасылаюцца на рызыку камандзіроўкі замежнікаў у іншыя краіны ЕС.
У сваю чаргу Міністэрства па справах сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі прыпыніла працу над праектам закона аб дэфіцытных прафесіях, між іншым, у будаўніцтве, транспарце і ахове здароўя, спасылаючыся на рост беспрацоўя ў краіне.
аз