Польскі ўрад мае намер зрабіць барацьбу з дэзінфармацыяй адным з ключавых элементаў нацыянальнай бяспекі. Адпаведную задачу атрымала новая ўпаўнаважаная ўрада Польшчы па ўмацаванні ўстойлівасці дзяржавы, намесніца міністра нацыянальнай абароны Магдалена Сабковяк-Чарнэцкая. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв'ю Defence24.
Паводле палітыка, супрацьдзеянне дэзінфармацыі павінна стаць неад'емнай часткай сістэмы нацыянальнай абароны, бо ўплыў на грамадскія настроі з'яўляецца адным з асноўных інструментаў гібрыднай вайны.
— Будаўніцтва ўстойлівасці дзяржавы — гэта таксама барацьба з дэзінфармацыяй. Першым элементам гібрыднай вайны якраз і з'яўляецца ўздзеянне на грамадскія настроі, — адзначыла Сабковяк-Чарнэцкая.
Новая сістэма будзе ўключаць адукацыйныя праграмы для школ, органаў мясцовага самакіравання, грамадскіх арганізацый і людзей сталага ўзросту. Асаблівую ўвагу плануюць надаць навучанню распазнаванню фэйкавых навін, пошуку надзейных крыніц інфармацыі і падрыхтоўцы грамадзян да дзеянняў у крызісных сітуацыях.
— Гаворка ідзе пра веды аб тым, што павінна быць дома, у заплечніку ці ў аўтамабілі і як паводзіць сябе ў выпадку пагрозы, — растлумачыла намесніца міністра.
Частку сродкаў з Фонду бяспекі і абароны змогуць атрымаць органы мясцовага самакіравання для развіцця грамадзянскай абароны і мясцовай устойлівасці. Паводле Сабковяк-Чарнэцкай, узорам для новай мадэлі сталі скандынаўскія краіны, дзе ўжо шмат гадоў развіваюць комплексную сістэму падрыхтоўкі грамадства да крызісных сітуацый.
Акрамя таго, урад Польшчы плануе пашырыць супрацоўніцтва паміж навукай, абароннай прамысловасцю і войскам, каб хутчэй укараняць новыя тэхналогіі і выкарыстоўваць досвед вайны ва Украіне.
эж