Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Бізнес чакае людзей, а не забаронаў»: эксперт пра тое, чаму Польшча не можа адмовіцца ад працоўнай міграцыі

06.07.2026 12:12
Асабліва востра гэта адчуваюць галіны, дзе ўжо сёння не хапае людзей: догляд за пажылымі, будаўніцтва, лагістыка, транспарт і прамысловасць. 
Аўдыё
  • «Бізнес чакае людзей, а не забаронаў»: эксперт пра тое, чаму Польшча не можа адмовіцца ад працоўнай міграцыі
.
Ілюстрацыя.Фота: Glow Images

Польскі рынак працы ўсё мацней адчувае супярэчнасць паміж патрэбай у работніках і жорсткасцю міграцыйнай палітыкі. За апошнія гады ўлады краіны істотна скарацілі колькасць працоўных візаў, якія выдаюцца грамадзянам Беларусі, Украіны, Арменіі і Малдовы. Асабліва востра гэта адчуваюць галіны, дзе ўжо сёння не хапае людзей: догляд за пажылымі, будаўніцтва, лагістыка, транспарт і прамысловасць. Працадаўцы сцвярджаюць, што нават паскораныя працэдуры легалізацыі працуюць з вялікімі збоямі, а чаканне дазволаў расцягваецца нават на гады.

Бізнес асцерагаецца, што празмерныя абмежаванні не толькі не вырашаць праблему, але і падштурхнуць частку рынку сысці ў цень. Пра тое, чаму легальна наймаць замежнікаў у Польшчы стала значна складаней і што можа змяніць сітуацыю, мы пагаварылі з кіраўніком юрыдычнага аддзела EWL Group і прэзідэнтам кампаніі Legalito Артурам Грэгорчыкам:

— Ці сапраўды Польшча настолькі моцна абмежавала выдачу працоўных візаў?

— Калі казаць у цэлым, статыстыка паказвае, што за апошнія два-тры гады Польшча сапраўды істотна скараціла колькасць працоўных візаў. У першым паўгоддзі 2023 года было выдадзена каля 162 тысяч візаў, а ў першым паўгоддзі 2025-га — ужо толькі 93 тысячы. Паводле апошніх звестак Міністэрства ўнутраных спраў, у першым квартале 2026 года выдадзена каля 16 тысяч візаў супраць 123 тысяч у першым квартале 2022-га. Гэта пацвярджае, што сістэму сапраўды «герметызуюць».

Аднак з пункту гледжання працадаўцаў гэта азначае, што легальны міжнародны найм кадраў, якія сёння неабходныя польскай эканоміцы, стаў значна больш складаным. Бізнесу даводзіцца нашмат даўжэй планаваць рэкрутынг, а вынік усё адно застаецца непрадказальным. Мы бачым гэта і ў EWL Group, якая займаецца падборам супрацоўнікаў, і ў Legalito, якая суправаджае працэсы легалізацыі. Нашы кліенты ўсё даўжэй чакаюць сваіх работнікаў, з-за чаго не могуць нармальна планаваць вытворчасць. І галоўнае — людзей на рынку працы проста не хапае.

— Польскі ўрад тлумачыць узмацненне кантролю неабходнасцю «герметызацыі» межаў пасля візавага скандалу. На вашу думку, гэта сапраўды галоўная прычына ці ўсё ж адбіваецца агульная тэндэнцыя да больш жорсткай міграцыйнай палітыкі ў Еўропе? Ці дапамагаюць такія меры зрабіць сістэму больш эфектыўнай?

— Найважнейшая ўмова існавання легальнай сістэмы працаўладкавання — гэта прадказальнае і зразумелае міграцыйнае заканадаўства. Калі правілы незразумелыя ні працадаўцам, ні замежнікам, заўсёды ўзнікае рызыка, што частка рынку будзе сыходзіць у цень, а на ім будуць з'яўляцца кампаніі, якія не клапоцяцца пра законнасць найму.

Я не хацеў бы паглыбляцца ў палітыку — як эксперт, я абапіраюся на факты. Попыт на работнікаў у Польшчы застаецца высокім, і сёлета ён нават вышэйшы, чым летась. Польскія кампаніі па-ранейшаму адчуваюць сур'ёзны дэфіцыт кадраў.

Сістэму сапраўды неабходна мадэрнізаваць. Я падтрымліваю яе поўную электранізацыю, але гэта не павінна азначаць абмежаванне легальных механізмаў міжнароднага найму. На жаль, сёння, змагаючыся са злоўжываннямі, дзяржава адначасова ўскладняе працу сумленным працадаўцам, якія ўжо не могуць своечасова наймаць супрацоўнікаў і планаваць вытворчасць.

Паводле розных ацэнак, у Польшчы цяпер налічваецца ад 90 да 150 тысяч незапоўненых вакансій. Пры гэтым колькасць замежнікаў, якія легальна працуюць у краіне, пастаянна расце. Дадзеныя ZUS і GUS паказваюць, што менавіта яны закрываюць дэфіцыт кадраў, падтрымліваюць сістэму сацыяльнага страхавання і займаюць працоўныя месцы ў ключавых сектарах эканомікі: прамысловасці, транспарце, лагістыцы, будаўніцтве і сферы дапаможных паслуг.

Таму ўзмацненне кантролю павінна ісці поруч з эфектыўнымі і празрыстымі механізмамі легальнага працаўладкавання. У сваёй працы я неаднаразова сутыкаўся з сітуацыямі, калі прадпрымальнік, стаміўшыся ад працяглага чакання работнікаў, выпадкова звяртаўся да нядобрасумленнага пасярэдніка, які запэўніваў, што ўсё законна, але насамрэч прывозіў людзей нелегальна.

Калі б сістэма была прадказальнай і працавала без працяглых затрымак, колькасць такіх нелегальных пасярэднікаў была б значна меншай.

— У Польшчы ўжо дзейнічае Міграцыйная стратэгія. На вашу думку, якія галоўныя сістэмныя праблемы існуюць у сферы легалізацыі і законнага працаўладкавання іншаземцаў? Што неабходна змяніць? Час чакання дазволу на часовае пражыванне ў некаторых ваяводствах ужо перавышае паўтара года. Ці ўсведамляюць польскія ўлады маштаб гэтай праблемы?

— У цэлым калі я сустракаюся з прадпрымальнікамі, а гэта адбываецца рэгулярна, бо я кансультую бізнес і суправаджаю працэсы легалізацыі, яны амаль заўсёды называюць недахоп рабочых рук адной з галоўных праблем. Побач з высокімі коштамі энергарэсурсаў, нестабільнасцю заканадаўства і дэфіцытам кваліфікаваных спецыялістаў гэта адзін з ключавых фактараў, якія стрымліваюць развіццё польскіх кампаній.
Ці можа сёння польскі рынак працы абысціся без замежнікаў? Адказ просты — не можа. Эканоміка ўжо залежыць ад іх працы. Частку прафесій, якімі раней займаліся палякі, сёння мясцовыя жыхары больш не хочуць выбіраць. Адначасова польская эканоміка працягвае расці і застаецца працаёмістай: вытворчасць, лагістыка, складская гаспадарка, а таксама ІТ, інжынерныя і кіраўнічыя спецыяльнасці па-ранейшаму маюць патрэбу ў новых кадрах.


Міграцыйная стратэгія існуе, укараняецца сістэма MOST 2.0, адбываецца паступовая электранізацыя працэдур. Я падтрымліваю гэтыя змены. Напрыклад, замежнікі, якія падаюць дакументы праз новую сістэму, хутчэй атрымліваюць выклік на здачу біяметрычных даных, і ў цэлым працэс ужо выглядае больш эфектыўным.


Аднак трэба разумець, што гэта толькі адзін элемент значна большай сістэмы. Яна ўключае візы, дазволы на працу, заявы аб працаўладкаванні, карты побыту, а таксама агульную дзяржаўную палітыку ў адносінах да міграцыі. Без комплекснага падыходу вырашыць праблему немагчыма.


З пункту гледжання рынку працы Польшча мае патрэбу ў замежных работніках. Яны не толькі дапамагаюць падтрымліваць эканамічны рост, але і займаюць вакансіі, якія сёння застаюцца незапоўненымі. Таму размова павінна ісці не пра адмову ад працоўнай міграцыі, а пра тое, якіх спецыялістаў, з якіх краін і на якіх умовах краіна павінна прыцягваць.


Я вельмі спадзяюся на сур'ёзныя сістэмныя змены ў сувязі з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі і Цэнтральнага камунікацыйнага порта. Гэтыя маштабныя праекты запатрабуюць дзясяткаў тысяч дадатковых работнікаў — не толькі непасрэдна на будаўніцтве, але і ў кампаніях-падрадчыках. Менавіта тады, на маю думку, улада будзе вымушана вярнуцца да шырокай дыскусіі пра будучыню міграцыйнай палітыкі і стварыць сістэму, якая дазволіць польскаму рынку працы атрымліваць неабходныя кадры.

— І апошняе пытанне. Калі коратка падсумаваць нашу размову: ці ёсць у найбліжэйшай перспектыве шанец, што сітуацыя з легалізацыяй іншаземцаў у Польшчы палепшыцца?

— На мой погляд, калі казаць шчыра, сёння я не бачу на гарызонце прыкмет таго, што сітуацыя хутка зменіцца да лепшага. Хутчэй можна чакаць далейшага ўзмацнення жорсткасці правілаў у сферы працаўладкавання замежнікаў.

Разам з тым я бачу магчымасць для пералому ў сувязі з рэалізацыяй буйных інфраструктурных праектаў, якія чакаюць Польшчу. Менавіта яны могуць прымусіць вярнуцца да агульнанацыянальнай дыскусіі пра тое, навошта краіне патрэбныя замежныя работнікі, з якіх дзяржаў іх варта прыцягваць і на якіх умовах.
У выніку павінен з'явіцца прадказальны механізм, які дазволіць працадаўцу загадзя ведаць, дзе ён можа знайсці неабходнага супрацоўніка, колькі часу зойме працэс легалізацыі і калі гэты чалавек зможа прыступіць да працы. Адначасова працадаўца павінен несці адказнасць за законнасць працаўладкавання, адаптацыю і ўмовы знаходжання работніка ў Польшчы.

Калі бізнес будзе ўпэўнены, што спецыяліст прыедзе, напрыклад, праз паўгода, ён зможа загадзя планаваць вытворчасць, інвестыцыі і развіццё прадпрыемства.

Слухайце аўдыё!

эж


«Мы ўсе перамяшаныя»: польская пісьменніца Анета Прымака-Онішк — пра міф монаэтнічнай Польшчы

18.05.2026 08:21
Анета Прымака-Онішк разважае, ці гатовае польскае грамадства прыняць сваю шматэтнічнасць.

Мігранты складаюць больш за 16% супрацоўнікаў гасцініц і рэстаранаў, 14% — транспарту і лагістыкі

08.06.2026 16:11
У многіх галінах прамысловасці ўжо немагчыма цалкам адмовіцца ад працы мігрантаў, паколькі гэта прывяло б да значнага росту цэн.

Oxford Economics: Для большасці краін наступствы спынення міграцыі будуць адмоўнымі

22.06.2026 11:37
Міграцыя ў нашы дні не мае добрай рэпутацыі ва ўсім свеце.