Польскія службы ўпершыню заўважылі падазроную актыўнасць восенню 2025 года. Механізм быў просты: аб'ява пра «магчымасць зарабіць дадатковыя грошы» пачала з'яўляцца ў месенджэры Telegram, папулярным сярод украінцаў і беларусаў, якія жывуць у Польшчы.
— Вам дастаткова пастаяць на дэманстрацыі 2-2,5 гадзіны. Плата за гэтую працу складае 100 долараў на чалавека, — гаварылася ў аб'яве са студзеня 2026 года, цытуе «Gazeta Wyborcza».
Тыя, хто жадаў удзельнічаць, маглі прывесці з сабой сяброў і членаў сям'і.
Нягледзячы на тое, што дэманстрацыі афіцыйна арганізаваліся як акцыі барацьбы з карупцыяй ва Украіне, паводле Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW), гэта былі аперацыі ўплыву, фінансаваныя Расіяй, накіраваныя на падрыў грамадскага даверу і распальванне сацыяльнай варожасці.
ABW дэпартавала з Польшчы 11 чалавек за «дадатковую працу» на Расію. Сярод гэтых «актывістаў» былі два беларусы і дзевяць украінцаў.
Паводле звестак «Gazeta Wyborcza», сярод іх была Марыя Клепач, якая ўзначальвала асацыяцыю «Аб'яднаны шлях — Украіна і сябры» ва Уроцлаве.
Усяго праз некалькі дзён пасля рэгістрацыі ў Польшчы яе арганізацыя зладзіла дэманстрацыю, ідэнтычную тым, што раней праводзіліся ў іншых гарадах.
Падазрэнне ўпала і на Вікторыю Дацэнку, старшыню фонду ў Быдгашчы, якая раней атрымала медаль ад міністра абароны Украіны. Саму Дацэнка не дэпартавалі, але трое валанцёраў з яе фонду былі вымушаныя пакінуць Польшчу з-за супрацоўніцтва з замежнай разведкай.
Украінскія журналісты-расследавальнікі высветлілі, што яна і яе паплечнік былі адказныя за арганізацыю дэманстрацый, кошт якіх ацэньваўся ў 30 –60 тысяч долараў кожная.
Аляксандр Мартынюк, кіраўнік вэб-сайта для ўкраінцаў у Польшчы, знайшоў дзесяць чалавек, якім прапаноўвалі грошы.
— Два чалавекі прызналіся, што ўзялі грошы. Гэта было ад 100 да 200 долараў, — сказаў Мартынюк «Wyborczej».
Газета высветліла падрабязнасці гучнай дэманстрацыі, якая прайшла ў красавіку ва Уроцлаве. Як апісвае «Gazeta Wyborcza», на месца падзей прыехала, як мінімум сем аўтобусаў, запоўненых пратэстоўцамі. Яны прыпаркаваліся каля будынка, дзе знаходзіцца «Панарама Рацлавіцка». У кожным аўтобусе быў каардынатар са спісам прысутных. Грошы на аплату ўдзельнікам дастаўляліся на таксі.
На транспарантах былі лозунгі з рэзкай крытыкай на адрас Уладзіміра Зяленскага і малюнкі, якія сведчылі пра маштабную карупцыю ва ўкраінскім урадзе. Украінскае консульства ва Уроцлаве афіцыйна папярэджвала, каб не далучацца да гэтай дэманстрацыі.
яс