Беларуская Служба

Словы настаўніка: калі яны натхняюць, а калі раняць дзіця на ўсё жыццё

07.07.2026 11:12
Расказваем, чаму крыўдныя словы, пачутыя ў школе, могуць балець нават праз дзесяцігоддзі і як пачуццё ўласнай вартасці дапамагае ператварыць падрэзаныя крылы ў матывацыю. 
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/Sameer Neamah Mahdi

Псіхолаг, экспертка ў сферы медыяцыі і камунікацыі, доктар псіхалогіі Эва Касоўска-Карняк тлумачыць, чаму крыўдныя словы, пачутыя ў школе, могуць балець нават праз дзесяцігоддзі і як пачуццё ўласнай вартасці дапамагае ператварыць падрэзаныя крылы ў матывацыю. Паводле эксперткі, чалавечая псіхіка асабліва трывала захоўвае сітуацыі, якія парушылі нашае адчуванне бяспекі.

— Чаму словы некаторых настаўнікаў мы памятаем усё жыццё, нават праз дзясяткі гадоў?

— Я думаю, што мы памятаем гэтыя словы, бо яны закранулі нас эмацыйна. Найчасцей гэта былі словы, якія прыніжалі нашу годнасць: навешвалі ярлыкі, былі несправядлівымі, параўноўвалі або выклікалі пачуццё сораму. Менавіта яны наймацней адбіваюцца ў памяці. Шмат што залежыць і ад этапу жыцця. З часам мы можам з удзячнасцю прыняць і добрае, і дрэннае, што з намі адбылося, убачыць у гэтым пэўную каштоўнасць. Але словы, якія балюча ранілі, часта становяцца імпульсам да таго, каб даказаць: я стаў чалавекам, я чагосьці варты, я веру ў сябе. Гэта было несправядліва, гэта было ненармальна ў адносінах да мяне.

— Ад чаго залежыць, ці стануць такія словы перашкодай на ўсё жыццё, ці, наадварот, ператворацца ў матывацыю даказаць, што настаўнік памыляўся? Наколькі важныя тут вера ў сябе і падтрымка, якую дзіця атрымлівае дома або ад іншых педагогаў?

—  Гэта фарміруецца паступова, але пэўны патэнцыял мы атрымліваем ужо на старце. Калі чалавек мае пачуццё ўласнай вартасці і разумее, што ацэнка настаўніка была несправядлівай, ён здольны ператварыць яе ў матывацыю: дзейнічаць, рабіць наступныя крокі, паказаць сваю сапраўдную каштоўнасць. Калі ж гэтай веры ў сябе няма, а дзіця пастаянна чуе, што з яго нічога не атрымаецца, яго прыніжаюць, параўноўваюць і сорамяць, то яно можа ўвайсці ў дарослае жыццё з цяжкім грузам і доўга адчуваць крыўду за такія словы. Яно можа шкадаваць, што чула ад настаўнікаў менавіта такія словы, якія не падтрымлівалі яго.

— Ці змяніліся за апошнія гады адносіны паміж настаўнікамі і вучнямі? Ці лепш сёння педагогі ўсведамляюць, што адна фраза можа паўплываць на ўсё жыццё чалавека?

— Вельмі многае змянілася. Настаўнікі сёння — гэта прафесійная супольнасць, якая актыўна развіваецца, вучыцца і павышае кваліфікацыю. Значна больш людзей у гэтай прафесіі разумеюць, што словы могуць як дапамагаць, так і раніць. Для вучняў найважнейшыя падтрымка, прызнанне іх намаганняў, уменне заўважыць працэс развіцця і патэнцыял, які дзіця яшчэ не бачыць у сабе. Добры, свядомы настаўнік дапамагае яго адкрыць.

Вядома, застаюцца і педагогі, якія дзейнічаюць паводле старых схем і лічаць, што рэзкія словы — гэта спосаб матываваць. Часта яны не ўсведамляюць, што такія выказванні могуць істотна панізіць пачуццё ўласнай вартасці і стаць самаздзяйсняльным прароцтвам, якое перашкаджае чалавеку развівацца ў дарослым жыцці. Ёсць таксама настаўнікі, якія знаходзяцца на мяжы прафесійнага выгарання, і таму ім вельмі цяжка быць крыніцай падтрымкі і матывацыі.

— Але вельмі часта і бацькі прад'яўляюць да настаўнікаў неадэкватныя патрабаванні. Як педагогам з гэтым спраўляцца?

— Менавіта, гэта вельмі сумная тэма. Памятайма: праца з вучнямі, выхаванне і адукацыя маладых людзей — вельмі складаная і часта няўдзячная справа. Сёння яна яшчэ суправаджаецца высокімі чаканнямі бацькоў, пагрозамі скаргаў і складанасцямі ў вырашэнні канфліктаў. Як медыятар магу сказаць: гэта няпростая прафесія. Каб атрымліваць ад яе радасць, адчуваць задавальненне і перадаваць дзецям падтрымку, патрэбна вельмі высокая самасвядомасць. Але добрыя настаўнікі менавіта так і робяць.

— Ці сапраўды стаўленне бацькоў — гэта адзін з галоўных ключоў да таго, каб адносіны паміж настаўнікам і дзіцем былі лепшымі?

— Гэтае супрацоўніцтва — ключавое. Насамрэч у бацькоў і настаўнікаў адна мэта — добра выхаваць і сфармаваць дзіця. Таму варта ўспрымаць гэтыя адносіны як сумесную працу, падтрымку і адкрытую размову пра цяжкасці, а не як пошук вінаватых. Бацькі нярэдка абапіраюцца толькі на версію падзей, якую чуюць ад дзіцяці. Таму вельмі важна заўважаць чалавека па другі бок сітуацыі і размаўляць пра праблемы па-чалавечы. Добрая размова, дыялог, уменне слухаць і адкрытасць да аргументаў адзін аднаго дапамагаюць і бацькам, і настаўнікам добра выхоўваць дзіця.

Слухайце аўдыё!

эж

Прыняты закон аб забароне карыстацца тэлефонамі ў базавых школах

02.06.2026 17:31
Будуць выключэнні з забароны на карыстанне мабільнымі тэлефонамі ў школах.

Адзіная ў Польшчы літоўская сярэдняя школа святкуе 70 гадоў існавання

27.06.2026 17:48
У суботу літоўская меншасць адзначае 70-годдзе сярэдняй школы імя 11 сакавіка з літоўскай мовай навучання ў Пуньску. На цырымоніі прысутнічалі многія выпускнікі школы.