Кожны год маладыя, здольныя людзі з небагатых сямей, якія вучацца ў сталіцы Польшчы, могуць атрымаць стыпендыю горада Варшава імя Яна Паўла II. Такая дапамога аказваецца як вучням пачатковых і сярэдніх школ, так і студэнтам сталічных ВНУ. Школьнікі ўжо могуць падаваць заяўкі – да канца ліпеня, а прыём заявак ад студэнтаў пачнецца 1 верасня і працягнецца да 10 кастрычніка.
Дапамога здольнай моладзі з малазабяспечаных сямей - гэта своеасаблівы працяг дзейнасці папы рымскага Яна Паўла ІІ, які яшчэ пры жыцці казаў, што не хацеў бы, каб яму ўзводзілі помнікі, а прапанаваў ствараць жывыя мемарыялы яго ідэалаў і вучэння. І стыпендыі горада Варшавы з’яўляюцца такім помнікам, - адзначае Уршуля Сільван-Бублей (Urszula Silwon-Bublej) - кіраўнік аддзела стыпендый і адукацыі Цэнтра думкі Яна Паўла II.
— Так, стыпендыяльная праграма — гэта такі своеасаблівы жывы помнік, таксама яна прасоўвае каштоўнасці, на якіх грунтуецца праца цэнтра. Гэта дабро, праўда, справядлівасць. Аднак для нас найбольш важная праца з моладдзю. Таму мы імкнёмся развіваць самастойнасць моладзі, таксама важны для нас дабрабыт моладзі. Нашы стыпендыяты — гэта выключна таленавітыя, але таксама надзвычай працавітыя людзі. Стыпендыі прызначаны для людзей, якія вучацца ў Варшаве і маюць сярэдні бал 4,0, а таксама могуць пахваліцца рознымі навуковымі, спартыўнымі ці грамадскімі дасягненнямі. Таму гэта часта вельмі працавітыя людзі. Мы дапамагаем ім свабодна працягваць вучобу, дзякуючы стыпендыі, а таксама клапоцімся пра іх добрае самаадчуванне, псіхічнае здароўе і магчымасць развівацца ў розных сферах, акрамя іх вучобы. Скажам, гэта валанцёрская дзейнасць. Мы заахвочваем маладых людзей быць валанцёрамі, удзельнічаць таксама ў розных падзеях, якія рыхтуе цэнтр.
Адной з умоў атрымання стыпендыі з’яўляецца вучоба ў Варшаве, хаця не абавязкова тут жыць. Вы сказалі, што мінімальны сярэдні бал – гэта 4.0. А якія яшчэ патрабаванні да кандыдатаў?
— Мінімальны сярэдні бал для вучняў пачатковай і сярэдняй школы складае 4,0, а для студэнтаў універсітэта — 3,5. Максімальны даход на чалавека ў сям’і – да 3000 злотых чыстымі. Дапамога 800+ не ўваходзіць у гэтую суму. І розныя дасягненні. Важна дадаць, што гэтыя сродкі стыпендыяты могуць выдаткаваць на любыя мэты. Мы не ўмешваемся, не патрабуем справаздач. Аднак чалавек, які падае заяўку на наступны год, павінен пахваліцца сваімі дасягненнямі за папярэдні год. Мы хочам, каб сродкі ішлі на далейшае развіццё. А дасягненні людзей самыя разнастайныя. Здольнасці нашых стыпендыятаў часта здзіўляюць і радуюць. Гэта ўдзел у розных конкурсах, публікацыі – у залежнасці ад узроставай групы, удзел у спартыўных мерапрыемстваў. У нас быў, напрыклад, чэмпіён па кіданні вудачкі, гэта таксама спорт. Што тычыцца грамадскай дзейнасці, мы актыўна прасоўваем валанцёрскую дзейнасць, удзел у скаўтынгу і ўдзел у жыцці грамадства. І, вядома, мастацкія дасягненні. Нашымі стыпендыятамі з'яўляюцца людзі, якія ўдзельнічаюць ва ўсіх відах мастацкіх біенале, многія праяўляюць талент у музыцы, у мастацтве.
Ці могуць замежныя грамадзяне падаваць заяўкі на стыпендыі? Ці прызнаюцца дакументы, якія пацвярджаюць дасягненні з Беларусі ці Украіны?
— Людзі, якія жывуць за мяжой, але вучацца ў Варшаве, безумоўна, могуць падаць заяўку на стыпендыю. Нацыянальнасць тут не мае значэння, але мы ведаем, што такія людзі падаюць заяўкі і карыстаюцца стыпендыямі. Мы прымаем дакументы за апошнія тры гады, калі чалавек падае заяўку на стыпендыю ўпершыню. Мы таксама выкарыстоўваем спецыяльны каэфіцыент пераводу для сярэдняга паказчыка, бо сярэднія паказчыкі нязначна адрозніваюцца ў залежнасці ад таго, адкуль прыехаў іншаземец. Аднак, калі гаворка ідзе пра дакументы, дастаткова перакладу. Гэта не абавязкова павінен быць натарыяльна завераны пераклад. Гэтыя дакументы можа перакласці сам чалавек і падпісаць, каб засведчыць пераклад.
А скажыце, калі ласка, колькі чалавек атрымае стыпендыю і якая гэта сума дапамогі?
— У мінулым годзе стыпендыю атрымалі 423 чалавекі. У гэтым годзе мы спадзяёмся, што зможам выдзеліць больш стыпендый, каля 500. Сума вагаецца ад 500 да 1500 злотых, якую атрымліваюць на працягу навучальнага года, кожны месяц.
Я ведаю, што ў заяўках не трэба падаваць грамадзянства ці нацыянальнасць кандыдата. Тым не менш, ці можа ў вас ёсць звесткі пра стыпендыятаў з Беларусі?
— Мы вельмі цэнім актыўнасць нашых стыпендыятаў з Беларусі. Адкуль я ведаю, што яны з Беларусі? Дзякуючы валанцёрскай дзейнасці на фестывалі «Пад агульным небам». Гэта фестываль, у якім мы паказваем, між іншым, беларускія кінастужкі, патрэбныя валанцёры. Характэрнай рысай нашага валанцёрства з'яўляецца яго шматнацыянальны характар. Так што ёсць людзі з Беларусі, Украіны і, канешне ж, палякі. Аднак я памятаю некалькі такіх вельмі актыўных асоб з Беларусі. Мы сапраўды цэнім іх адданасць.
Ці сёлета ў вас ужо шмат кандыдатаў, шмат заявак?
— Перыяд набору заявак ад вучняў неўзабаве заканчваецца. Як заўсёды, большасць заявак паступае ў апошнюю хвіліну, а засталося каля двух тыдняў. Таму мы чакаем найбольшую колькасць заявак у бліжэйшыя дні. Аднак, у залежнасці ад года, конкурс складае каля двух, трох чалавек на адно месца.
У рамках стыпендыяльнай праграмы яе ўдзельнікі атрымліваюць таксама шырокі спектр адукацыйных магчымасцей, у тым ліку майстар-класы, інтэграцыйныя сустрэчы, магчымасць пазнаваць новыя галіны навукі і новых, цікавых людзей.
Слухайце далучаны гукавы файл аўдыё
нг