У Польшчы ўсё больш гарадоў і гмін, дзе нараджаецца менш за дзесяць дзяцей на год, а ў асобных населеных пунктах цягам месяцаў не з'яўляецца на свет ніводнае дзіця. Эксперты папярэджваюць: калі цяперашнія тэндэнцыі захаваюцца, многія невялікія гарады могуць паступова страціць насельніцтва і фактычна знікнуць з дэмаграфічнай карты краіны. Пра гэта піша выданне Forsal.pl.
Паводле аналізу дэмаграфічных дадзеных, галоўнымі прычынамі крызісу сталі вельмі нізкая нараджальнасць, старэнне насельніцтва і масавы адток маладых людзей у буйныя гарады. Асаблівую занепакоенасць выклікае тое, што жанчыны рэпрадуктыўнага ўзросту ўсё часцей пакідаюць малыя населеныя пункты, што яшчэ больш паскарае дэпапуляцыю.
Аўтары матэрыялу змадэлявалі сітуацыю, пры якой каэфіцыент нараджальнасці застанецца на ўзроўні 1,0, а Польшча цалкам спыніць іміграцыю і палякі не будуць з'язджаць за мяжу. У такім выпадку ўжо да 2100 года колькасць насельніцтва краіны можа скараціцца да 13–17 мільёнаў чалавек. У выданні нагадваюць, што цяпер у Польшчы жыве каля 38 млн чалавек.
Паводле даследавання, сёння дадатнае міграцыйнае сальда сярод моладзі маюць менш як 200 гарадоў, тады як большасць астатніх працягвае губляць моладзь. Гэта пагражае не толькі мясцовым рынкам працы, але і сістэмам адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай сферы і стану фінансавых органаў самакіравання. Даследчыкі падкрэсліваюць, што дэмаграфія ўжо стала галоўным фактарам, які будзе вызначаць будучыню польскіх гарадоў.
эж