Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«На жаль, мы нагадваем Калумбію». Польшчу заліваюць сінтэтычныя наркотыкі

20.07.2026 12:37
Польскія падпольныя лабараторыі ўсё часцей вырабляюць танныя сінтэтычныя наркотыкі, якія называюць «какаінам для бедных». 
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/rebcenter-moscow

Сёлета было канфіскавана ў тры разы больш наркотыкаў, чым за ўвесь 2025 год, паведамляе «Rzeczpospolita». Толькі за першыя шэсць месяцаў гэтага года Цэнтральнае бюро расследаванняў паліцыі канфіскавала 84 тоны наркотыкаў. За ўвесь мінулы год следчыя канфіскавалі 29 тон наркотыкаў, што на той час было рэкордным паказчыкам.

Выданне піша, што рэзкі рост спажывання наркотыкаў з'яўляецца вынікам росту іх даступнасці на чорным рынку. Польшча таксама ўваходзіць у лік еўрапейскіх лідараў па вытворчасці сінтэтычных наркотыкаў. У гэтым годзе была ліквідаваная 51 нелегальная лабараторыя, якая вырабляла такія рэчывы, як мефедрон і клафедрон.

Следчым таксама ўдаецца канфіскаваць большыя колькасці какаіну. Толькі за апошнія шэсць месяцаў было канфіскавана пяць тон гэтага наркотыку, у той час як некалькі гадоў таму канфіскацыі какаіну былі нізкімі. Паводле выдання, попыт на какаін адпавядае больш шырокай еўрапейскай тэндэнцыі. У Еўрапейскім Саюзе дзесяць гадоў таму службы канфіскавалі прыблізна 70 тон какаіну, а летась — 330 тон.

— На жаль, мы крыху нагадваем другую Калумбію, толькі ў вытворчасці сінтэтычных апіоідаў, — заявіў у студзені галоўны камендант польскай паліцыі Марэк Борaнь (Marek Boroń) пасля маштабнай міжнароднай аперацыі супраць картэля, які забяспечваў лабараторыі па ўсёй Еўропе сыравінай для вытворчасці сінтэтычных наркотыкаў.

Аперацыю каардынаваў Еўрапол. У некалькіх краінах было канфіскавана 9,3 тоны наркотыкаў, затрымана 85 чалавек, з іх 19 — у Польшчы. На складах у Мазавецкім ваяводстве таксама выявілі некалькі соцень тон хімічных рэчываў, з якіх вырабляюць наркотыкі.

Паліцэйскія аперацыі толькі пацвярджаюць гэтую тэндэнцыю. Польскія падпольныя лабараторыі ўсё часцей вырабляюць танныя сінтэтычныя наркотыкі, якія называюць «какаінам для бедных». Адна доза каштуе каля 50 злотых. Гаворка ідзе галоўным чынам пра сінтэтычныя катыноны — мефедрон, клафедрон і клефедрон. Іх небяспека ў тым, што іх склад залежыць ад таго, якія прэкурсары паступяць з Кітая ці Індыі і як іх выкарыстае хімік, які працуе на злачынную групоўку. У Польшчы перасякаюцца маршруты, тут знаходзяцца перавалачныя пункты для распаўсюджвання наркотыкаў на захад, усход і краіны Балтыі. Купіць наркотыкі проста, іх дыстрыбуцыяй займаюцца кур'ерскія кампаніі, заказы афармляюцца па тэлефоне.

нг