Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Чыноўнікі абяцаюць змены ў працэдурах дзякуючы барацьбе мамы памерлай 18-гадовай дзяўчыны

06.08.2026 14:16
Ганна памерла ад агрэсіўнага раку костак, так і не дачакаўшыся дзяржаўных грошай.
     .    .
Мама памерлай Ганны Бартчак Сыльвія Бартчак. Фота з прыватнага архіву.Фота: Monika Umańska / Facebook

У Польшчы рыхтуюць змены ў законе аб дзяржаўнай дапамозе хворым. Падставай стала гісторыя 18-гадовай Ганны Барчак (Hanna Barczak), якая памерла ад агрэсіўнага раку костак, так і не дачакаўшыся грошай — піша "Business Insider".

Дапамога, якая называецца świadczenie wspierające (дапамога па падтрымцы людзей з інваліднасцю) прызначаецца людзям, якім неабходны пастаянны догляд. Яе максімальны памер складае крыху больш за 4300 злотых у месяц. Паводле закона, рашэнне аб прызначэнні дапамогі павінна прымацца на працягу трох месяцаў. Але на практыцы чаканне нярэдка расцягваецца на год і больш. Для людзей з цяжкімі захворваннямі гэта азначае, што яны могуць не дачакацца падтрымкі.

Пра гісторыю дзяўчыны ў лютым паведамілі польскія СМІ. Яе маці, Сыльвія Барчак (Sylwia Barczak), пасля смерці дачкі сказала, што цяпер можа паведаміць чыноўнікам толькі новы адрас Гані — могілкі. Гэтыя словы выклікалі шырокі грамадскі рэзананс і сталі сімвалам крытыкі дзяржаўнай сістэмы дапамогі.

Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі абвясціла, што ўжо працуе над папраўкамі да закона. Міністр Агнешка Дземяновіч-Бонк накіравала прапанову аб уключэнні законапраекта ў план заканадаўчых работ урада. Паводле яе слоў, новыя нормы павінны быць прынятыя яшчэ падчас актуальнага склікання парламента.

Галоўная прапанова — стварыць паскораную працэдуру для людзей з хуткапрагрэсуючымі і невылечнымі захворваннямі. Гэта дазволіла б разглядаць іх заявы ў першую чаргу. У міністэрстве прызнаюць, што існуючыя тэрміны не адпавядаюць рэальным патрэбам людзей, жыццё якіх залежыць ад часу.

Маці Гані лічыць, што асаблівая ўвага павінна надавацца таксама маладым людзям да 26 гадоў. Яна нагадвае, што пасля дасягнення паўналецця цяжкахворае дзіця губляе значную частку дзяржаўнай падтрымкі, хоць яго стан не змяняецца. Паводле яе слоў, бацькі ў такі момант павінны быць побач са сваім дзіцем, а не даказваць у дзяржаўных установах, наколькі цяжкай з'яўляецца яго хвароба.

Пасля смерці дачкі Сыльвія Барчак заснавала фонд імя Гані, які дапамагае цяжкахворым дзецям і іх сем'ям. Яна таксама плануе ўдзельнічаць у грамадскіх кансультацыях па новым законапраекце.

нг