Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

 «Для старэйшых — касцёл, для маладых — школа». Расказваем, што падтрымлівае польскасць у Латгаліі

18.08.2026 07:04
Адным з найважнейшых цэнтраў польскага жыцця застаецца Даўгаўпілс, дзе палякі складаюць каля 15% насельніцтва.
Аўдыё
  •  «Для старэйшых — касцёл, для маладых — школа». Расказваем, што падтрымлівае польскасць у Латгаліі
            .   ,  2026 .
Латвійскі і польскі сцягі над у ваходам у Дзяржаўную польскую гімназію імя Ю. Пілсудскага ў Даўгаўпілсе, жнівень 2026 г. Беларуская служба Польскага радыё/https://www.polskieradio.pl/396

Палякі жывуць на тэрыторыі сучаснай Латвіі ўжо не адно стагоддзе. Асабліва цесна яны звязаныя з Латгаліяй — колішнімі Польскімі Інфлянтамі. Сёння ва ўсёй краіне налічваецца каля 35 тысяч палякаў. Адным з найважнейшых цэнтраў польскага жыцця застаецца Даўгаўпілс, дзе палякі складаюць каля 15% насельніцтва.

Менавіта ў Латгаліі — у тым ліку ў Даўгаўпілсе, Краславе і Рэзэкнэ — польская гісторыя дагэтуль заўважная ў культуры і грамадскім жыцці. Пра сучаснае становішча польскай супольнасці, захаванне мовы і ідэнтычнасці, а таксама яе месца ў шматнацыянальнай Латвіі мы пагутарылі са старшынёй Саюза палякаў Латвіі Пэтэрысам Дзалбэ.

— Калі казаць пра жыхароў Латгаліі польскага паходжання, то большасць з іх жыве ў Даўгаўпілсе, Рэзэкнэ і Краславе. Ёсць палякі і ў іншых мясцінах, у тым ліку ў Аўгшдаўгаўскім краі і Лудзе. У пашпарце многіх пазначана польская нацыянальнасць або яны маюць польскае паходжанне, але далёка не ўсе добра размаўляюць па-польску.

Колькасць людзей у рэгіёне скарачаецца. Адны пераязджаюць у Рыгу ці іншыя месцы, дзе больш магчымасцяў для працы, другія выязджаюць за мяжу — у Германію, Вялікабрытанію або Польшчу. Апошнія дзесяць гадоў мы назіраем, як выпускнікі польскіх школ у Даўгаўпілсе і Рэзэкнэ едуць вучыцца ў Польшчу. Частка з іх там і застаецца, бо тут няма магчымасцяў для развіцця і цяжка знайсці добрую працу.


Старшыня Саюза палякаў Латвіі П. Дзалбэ ля ўвахода ў Польскі дом, Даўгаўпілс, жнівень 2026 г. Старшыня Саюза палякаў Латвіі П. Дзалбэ ля ўвахода ў Польскі дом, Даўгаўпілс, жнівень 2026 г.

Польская меншасць, аднак, ёсць і яна бачная. Якія магчымасці для захавання моўнай і культурнай адметнасці сёння маюць Саюз палякаў Латвіі і ўся польская супольнасць?

— Мы атрымліваем падтрымку толькі з Польшчы. Ні Латвія, ні мясцовыя ўлады нас не падтрымліваюць. З 1 студзеня ў Даўгаўпілсе закрылася падраздзяленне Польскага дома, цяпер аб’яднанае з Мультыкультурным цэнтрам. Нам прапанавалі пераехаць і праводзіць культурныя, музычныя і тэатральныя заняткі ў іншым месцы. Але мы адказалі: не, палякі застаюцца тут, у польскім доме.

Мы арганізавалі збор сродкаў сярод сяброў арганізацыі і ўсіх, хто хоча падтрымаць польскую мову і культуру. Сабралі каля шасці тысяч еўра, а цяпер атрымалі дапамогу Сената Польшчы. Таму ўпэўненыя, што зможам утрымліваць будынак яшчэ год.

Раней на працягу 25 гадоў мы вельмі добра супрацоўнічалі з уладамі Даўгаўпілса. Польскі дом і Цэнтр польскай культуры працавалі разам, а самакіраванне выдзяляла грошы на ўтрыманне будынка і развіццё культуры. Цяпер мы звярнулі да Польшчы па дапамогу, і атрымліваем яе, але не ў тым аб’ёме, на які разлічвалі, падаючы заяўкі на падтрымку медыя і Польскага дома.

Польскі дом — гэта адзіная нерухомасць Саюза палякаў Латвіі, атрыманая ў спадчыну ад продкаў. Савецкая ўлада яе адабрала, пазней будынак вярнулі супольнасці. Нам дапамагаюць з рамонтам і часткова аплачваюць электрычнасць. Аднак мы хочам атрымаць падтрымку таксама для медыя і Цэнтра польскай культуры, каб не залежаць ад гарадскіх ці дзяржаўных уладаў. Таму ўсё больш дапамогі шукаем у Польшчы. На жаль, цяперашні канфлікт паміж урадам і прэзідэнтам Польшчы не ідзе на карысць палякам замежжа.

Якія святы і мясцовыя падзеі аб’ядноўваюць польскую меншасць, дапамагаюць гуртавацца?

— Падзей шмат, але дзве з іх — найважнейшыя. Першая — майскія святы і штогадовае шэсце па Варшаўскай вуліцы Даўгаўпілса, якое мы ладзім 2 мая. Свята збірае ад 300 да 700 чалавек — у залежнасці ад гадавіны. Другая — святкаванне Дня незалежнасці Польшчы разам з Днём незалежнасці Латвіі. Польшча адзначае свята 11 лістапада, Латвія — 18-га, таму паміж гэтымі датамі мы арганізуем вялікую імпрэзу, якая можа сабраць да тысячы чалавек. Сёлета мы дамовіліся з Амбасадай Польшчы ў Латвіі правесці ў Даўгаўпілсе цэлы шэраг падзей. 14 лістапада адзначым 35-годдзе ансамбля «Кукулачка», якім кіруе Жанна Станкевіч. А 15 лістапада паедзем у Ліепаю, дзе адбудзецца святкаванне незалежнасці. У 2027 годзе Ліепая стане культурнай сталіцай Еўропы, таму мы імкнёмся прадстаўляць польскую культуру ў розных мясцінах Латвіі.

Сёлета таксама пройдуць фестываль духоўнай песні ў Пасіене і Польскае нацыянальнае чытанне 5 верасня. Раней мясцовыя аддзяленні Саюза палякаў ладзілі яго паасобку, а цяпер упершыню збяруцца разам у Рызе. Амбасада Польшчы дапамагла аплаціць праезд, таму мы зможам правесці і Нацыянальнае чытанне, і Агульналатвійскую канферэнцыю Саюза палякаў.

Адным з галоўных чыннікаў захавання польскай ідэнтычнасці ў Латгаліі застаецца польскамоўная адукацыя. Для заснавальніка Саюза маладых палякаў Латвіі Рэнатса Кондраўса менавіта школа стала месцам, дзе ён адкрыў уласную сувязь з польскай культурай.  Што дапамагло польскай ідэнтычнасці захавацца ў Латгаліі і як вы самі яе для сябе адкрылі?

— Шчыра кажучы, польскасць захавалася дзякуючы людзям, для якіх гэтая тэма заўсёды была важнай і якія прымалі неабходныя рашэнні ды дзейнічалі. Калі казаць пра сучаснасць, то найперш трэба назваць Дзяржаўную польскую гімназію ў Рэзэкнэ, асабліва працу яе першай дырэктаркі Валянціны Шыдлоўскай. Яна зрабіла вельмі шмат для захавання польскасці і фармавання ідэнтычнасці маладога пакалення. Добры прыклад — заснаванне ў Рэзэкнэ напрыканцы кастрычніка 2025 года Саюза маладых палякаў Латвіі. Гэта адбылося пры яе дапамозе.

Важную ролю адыгрывае і касцёл. Для старэйшага пакалення галоўны асяродак — касцёл, для моладзі — школа. Значэнне маюць таксама Саюз палякаў Латвіі, наша моладзевая арганізацыя, падтрымка амбасады і фондаў, якія дапамагаюць захоўваць і развіваць культуру.

Я часта жартую, што сам не ведаю, як апынуўся на гэтым шляху. Усё пачалося ў восьмым класе. Раней я страшэнна не любіў польскую мову. Ведаў, што абедзве мае бабулі — полькі, што мая маці — полька, але тады гэта не мела для мяне значэння.

Потым да нас прыйшоў малады харызматычны настаўнік, які заахвоціў мяне вывучаць польскую. Я пачаў слухаць польскія песні, найперш патрыятычныя, і карыстацца мовай. І я вельмі гэтым ганаруся, бо польскасць — тое, чаго не трэба саромецца. Вялікую падтрымку мне дала сям’я, хоць сваякі часам і жартавалі з майго захаплення Польшчай. Сёння гэты шлях прывёў мяне ў Кракаў, дзе я пачну вучыцца ў Ягелонскім універсітэце.

У жыцці польскіх меншасцяў у розных краінах асаблівае месца займае захаванне памяці пра мясцовыя падзеі, звязаныя з гісторыяй Польшчы, і клопат пра польскія памятныя мясціны. Асабліва выразна гэта бачна ў суседняй з Латвіяй Беларусі, дзе Саюз палякаў не мае легальнага статусу. Анжаліка Борыс была зняволеная, а Анджэй Пачобут пасля вызвалення рыхтуецца ў сярэдзіне верасня вярнуцца ў Беларусь на з’езд Саюза палякаў Беларусі.

У Латгаліі таксама шмат мясцін, звязаных з польскай гісторыяй: на працягу амаль двух стагоддзяў рэгіён уваходзіў у склад Рэчы Паспалітай. Пра захаванне гэтай спадчыны распавядае старшыня Саюза палякаў Латвіі Пэтэрыс Дзалбэ.

— У гэтым плане мы заўсёды атрымлівалі падтрымку з Польшчы, у тым ліку ад фонду «Дапамога палякам на Усходзе». Летась разам з Аўгшдаўгаўскім краем, дзе я працую выканаўчым дырэктарам, і Саюзам палякаў Латвіі мы рэалізавалі праект, прысвечаны сцежцы Эміліі Плятэр. Мы аднавілі гістарычны маршрут, усталявалі інфармацыйныя стэнды пра сям’ю Плятэраў і добраўпарадкавалі мясціны, звязаныя з рэвалюцыянеркай. Цяпер наведнікі могуць прыехаць і пабачыць, што польская культура тут па-ранейшаму жывая і што менавіта на гэтай зямлі вырасла Эмілія Плятэр.

Крысціна Станкевіч пераклала выдатную кнігу пра Ірэнеуша Плятэра «Жыццё без рук». Мы выдалі яе ў дзвюх мовах, каб паказаць жыхарам Латвіі гістарычныя сувязі паміж латышамі і палякамі. Польшча заўсёды дапамагала развіццю Латвіі. Мы нагадваем пра гэта і падчас размоў з урадам. Палякі стаялі побач з латышамі і падтрымлівалі іх незалежнасць 100 гадоў таму. Менавіта Польшча падчас аперацыі «Зіма» ў 1920 годзе дапамагла вызваліць Латгалію ад бальшавікоў, а пасля перадала гэтыя землі Латвіі.

Слухайце аўдыё!

Эдуард Жолуд