Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Міні-гольф — спорт, у якім адна клюшка і тысячы мячоў

06.09.2026 11:03
За гэтай простай формай хаваецца не што іншае, як спорт: з гісторыяй, з правіламі, з чэмпіянатамі, з тактыкай і з гульцамі.
Аўдыё
  • Міні-гольф - спорт, у якім адна клюшка і тысячы мячоў
-
Міні-гольфAlexander Fox|PlaNet Fox/Picabay/CC0

У нядзелю традыцыйна запрашаем на размову, прысвечаную спорту. Сёння пра дысцыпліну, якую многія з нас ведаюць больш з адпачынку, чым са спартыўнай арэны — міні-гольф. Ёсць мяч, клюшка, перашкода і лунка. Усё гэта выглядае нявінна. Аднак за гэтай простай формай хаваецца не што іншае, як спорт: з гісторыяй, правіламі, чэмпіянатамі, тактыкай і гульцамі.

Міні-гольф — мініяцюрная разнавіднасць гольфа, спартыўная гульня, у якой асобныя ўдзельнікі спаборнічаюць, заганяючы маленькі мячык у спецыяльныя лункі ўдарамі клюшак, спрабуючы прайсці адведзеную дыстанцыю за мінімальную колькасць удараў.

У міні-гольф можа гуляць кожны — як юніёр, так і пажылы чалавек, гаворыць старшыня Польскага звязу міні-гольфа Марэк Загурскі:

— У міні-гольф можа гуляць кожны. Няма асаблівых абмежаванняў адносна знешнасці ці фізічнай формы. Насамрэч, у нашай краіне міні-гольф існуе ўжо плюс-мінус каля 30 гадоў. Спачатку гулялі на вялікім полі для гольфа, і недзе па дарозе ўзнікла ідэя трохі яго мініяцюрызаваць. Аднак ён хутка ператварыўся ў асобную дысцыпліну. Ён нечым падобны на гольф, але мае шмат адрозненняў.

Адначасова Марэк Загурскі прызнае, што існуе стэрэатып, што иснуе стэрэатып, паводле якога, міні-гольф — гэта не спорт, а выключна забаўляльная гульня.

Станаўленне міні-гольфа як самастойнага віду спорту ў цяперашні час афіцыйна адносяць да 1953 года, калі швейцарскі архітэктар Поль Бангіні пабудаваў першую спецыялізаваную пляцоўку для міні-гольфа ў яго сучасным разуменні і запатэнтаваў назву Minigolf. Пяццю гадамі пазней у Германіі Альберт Хес стварыў першае поле з сучасным штучным пакрыццём, пасля чаго міні-гольф пачаў імкліва распаўсюджвацца па Еўропе, а пасля атрымаў прызнанне і на іншых кантынентах.

Першы Чэмпіянат свету па міні-гольфе адбыўся ў 1991 годзе, а ў 1993 годзе Міжнародная федэрацыя міні-гольфа пасля ўступлення ў яе ЗША і Японіі была рэарганізавана ў Сусветную федэрацыю спартыўнага міні-гольфа. У цяперашні час у склад федэрацыі ўваходзяць на правах сапраўдных чальцоў 36 нацыянальных федэрацый і асацыяцый усіх пяці кантынентаў.

Міні-гольф стаў неверагодна папулярнай гульнёй сярод людзей, якія любяць спорт і актыўны адпачынак. Марэк Загурскі адзначае, што міні-гольф зусім не з'яўляецца звычайным гольфам у паменшаным фармаце. Гэта зусім асобны і цалкам самастойны від спорту.

— У міні-гольфе мы стараемся рабіць як мага менш удараў. Поўнапамернае поле мае 18 лунак. Нам патрэбны мяч, нам патрэбныя клюшкі. Але мячоў шмат. Існуе некалькі тысяч тыпаў мячоў. Яны маюць розную структуру і памер. Аднак кожны мяч павінен мець дазвол на выкарыстанне ў міні-гольфе, каб гулец мог яго выбраць. Напрыклад, у гольфе ў нас ёсць 14 клюшак і адзін мяч. У міні-гольфе — некалькі тысяч тыпаў мячоў. Клюшка з гумовай паверхняй. І мы падбіраем мячы да перашкоды, так бы мовіць, а не да клюшак. Калі мы прыходзім на поле, то мы падыходзім да гэтага крыху як да кампʼютарнай гульні. Мы праходзім пэўныя этапы. Спачатку мы спрабуем выкарыстоўваць мячы, з якімі часцей за ўсё гуляем на папярэдніх пазіцыях, з падобнымі характарыстыкамі. Мы назіраем, што адбываецца з кожным мячом. Калі мяч нам падыходзіць, то мы можам выбраць яшчэ лепшы мяч і зменшыць рызыкі, звязаныя з цяжкасцю траплення ў лунку з першай спробы.

У адрозненне ад класічнага гольфа — гульня ў міні-гольф адбываецца не на траве, а на адмысловых дарожках.

У Польшчы ёсць некалькі палёў для міні-гольфа, якія адпавядаюць стандартам Сусветнай федэрацыі міні-гольфа. Адно з іх знаходзіцца ў Крыніцы Морскай і сертыфікавана для афіцыйных міжнародных спаборніцтваў. Другое размешчанае ў маёнтку Гіжэ Марчак, таксама мае сертыфікат Сусветнай федэрацыі.

Акрамя таго, існуе шмат варыяцый і дызайнаў, але яны служаць выключна для рэкрэацыйных мэтаў.

Польскі звяз міні-гольфа, заснаваны 7 лістапада 2022 года, зʼяўляецца галоўным кіруючым органам міні-гольфа ў Польшчы і прадстаўляе Польшчу ў Сусветнай федэрацыі міні-гольфа (WMF). Яго дзейнасць накіравана не толькі на прасоўванне міні-гольфа як спосабу актыўнага правядзення часу, але і на яго развіццё як прывабнага і даступнага віду спорту, які прыцягвае як аматараў, так і гульцоў усіх узроўняў падрыхтоўкі.

Польскі звяз імкнецца да таго, каб міні-гольф успрымаўся не толькі як прыемная забава, але і як спосаб развіцця фізічных навыкаў, канцэнтрацыі і здаровай канкурэнцыі. Яго праца таксама сканцэнтравана на адукацыі і прасоўванні спартыўных каштоўнасцей сярод моладзі, закладваючы аснову для будучых пакаленняў гульцоў у міні-гольф у Польшчы.

ав

слухайце аўдыё