Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Люстрацыя — гэта не расстрэл у духу 1937-га»

07.09.2026 19:00
Ці магчыма пабудаваць дэмакратыю не пакараўшы тых, хто датычны да рэпрэсій? Што зрабіць, каб застрахавацца ад дыктатуры ў будучыні? Пра гэта размаўляем з Розай Турарбекавай.
Аўдыё
  • Роза Турарбекава ў студыі Беларускай службы Польскага радыё разважае пра люстрацыю, гістарычную памяць і перспектывы Беларусі
    .
Эксперт Роза Турарбекава ў студыі. Беларуская Служба Польскага радыё

«КДБ узначальваў гэтыя чысткі»

Адным з важных пытанняў пасля змены ўлады ў Беларусі, будзе пытанне пра тое, што рабіць з тымі, хто спрычыніўся да масавых рэпрэсій. І тут вельмі шмат бакоў гэтай праблемы: вызначыць кола датычных, выпрацаваць юрыдычную аснову для пакарання, вызначыць спосаб пакарання і наступныя крокі, якія будуць тіычыцца прафесійнай дзейнасці тых, хто не толькі адказны за рэпрэсіі, але і тых, хто прымаў у іх удзел.

Гісторык і палітолаг Роза Турарбекава спрабуе вызначыць асноўныя кірункі будучай люстрацыі, у першую чаргу ў сістэме адукацыі.

— Для мяне бліжэй тэма люстрацыі ў сістэме адукацыі.Таму што я бачыла, што адбывалася ў першую чаргу ва ўніверсітэце, у школах таксама. І гэта праблема нацыянальнага маштаба. І гэта вельмі складанае пытанне. Яшчэ і таму, што гэтыя людзі вучаць моладзь, дзяцей і яны павінны прытрымлівацца пэўных маральных прынцыпаў.

І тое, што адбылося ў 2020-м, людзі зразумелі, убачылі, наколькі глыбока настаўнікі ўцягнутыя ў фальсіфікацыі. Гэта, вядома, выклікала такое абурэнне, адпаведна, і паставіла пытанне аб тым, што рабіць далей і як у будучыні прадухіліць такога роду ўцягванне ў палітычныя гульні сістэму адукацыі. Гэта першае.

Другое, вядома, маштабныя рэпрэсіі, якія былі разгорнутыя ў сістэме адукацыі, яны таксама ставяць перад намі праблему вымывання якаснага чалавечага капіталу. І больш таго, некаторыя спецыяльнасці ўвогуле фактычна былі ліквідаваныя дэ-факта не дэ-юрэ, бо людзі былі звольненыя.

Хто ва ўсім гэтым у найбольшай ступені вінаваты і задзейнічаны? Ну, акрамя Лукашэнкі і яго найбліжэйшага атачэння. Гэта, вядома, Камітэт дзяржаўнай бяспека. КДБ узначальваў гэтыя чысткі, сачыў за імі. 

Перад намі стаіць пытанне, што з гэтым рабіць у будучыні. Таму што, калі мы думаем пра дэмакратычную перспектыву, як мы можам атрымаць грамадства, якое будзе разумець, што такое дэмакратыя, такое вяршэнства закона, калі самае галоўнае, вышэйшая школа, я маю на ўвазе універсітэты, будуць насычаны, такога роду кадрамі. Таму, вядома, гэта вельмі складанае пытанне. Па-першае, каго люстраваць і, па-другое, як люстраваць.

Абсалютна дакладна тыя, хто ставілі подпісы пад звальненнем, хто кіраваў звальненнем, вось гэтыя людзі, дзе дакументальна ёсць сведчанне, тут праблем няма. У прынцыпе кола людзей задзейнічаных у рэпрэсіях вядомае. Рэктар там, хутчэй за ўсё, першы прарэктар у залежнасці ад ВНУ, рэктар па бяспецы. Дэканы, замдэканы... 

Але, на жаль, вельмі шмат было схаваных рэпрэсій, і няма таму дакументальных сведчанняў. Гэта калі вымушалі людзей пісаць заявы пра звальненне. А яшчэ што рабіць з тымі, хто даносіў, як іх вылічыць?

Калі б вы мяне спыталі, як праводзіць люстрацыю ў вышэйшай школе, я б сказала наступнае. Перш чым даваць аўтаномію універсітэтам, трэба правесці люстрацыю і толькі пасля гэтага даваць аўтаномію ўніверсітэтам.  

«Я бачу шмат падводных камянёў»

— Але мы павінны карціну прадстаўляць у поўным аб'ёме. Не так, што за намі праўда, мы як бы маем на гэта права і гэтак далей. Рэалізацыя любой палітыкі, вы ведаеце, адбываецца ў пэўных умовах. І вось гэтыя пэўныя ўмовы, мы павінны іх сабе ўявіць. Гэта першае. Другое — мы павінны разумець, што гэтыя людзі нікуды не падзенуцца, яны будуць змагацца, выкарыстоўваць усе магчымыя інструменты для таго, каб альбо захаваць месца, альбо наогул павярнуць краіну зноў на тыя самыя рэйкі.

І тут вельмі шмат, я бачу, падводных камянёў. Значна больш, напэўна, гэтых падводных камянёў будзе не ў сістэме адукацыі, напрыклад,а ў сістэме юрыспрудэнцыі: суды, пракуратура, міліцыя.

А што рабіць з кіраўнікамі тых прадпрыемстваў, якія сёння працуюць на вайну? А гэта пяць тысяч прадпрыемстваў. Гэта вельмі балючае пытанне, бо гаворка ідзе пра людзей. Гаворка ідзе не пра тое, што мы павінны пакараць усіх, а гаворка ідзе пра тое, як пераарыентаваць індустрыяльны сектар эканомікі на мірныя рэйкі. І хто лічыцца ў дадзеным выпадку злачынцам, а хто не.

Таму для мяне пытанне не ў тым, ці патрэбная люстрацыя, а пытанне, як і пры якіх умовах мы яе павінны праводзіць. І ўжо на сённяшні дзень мы павінны для сябе разумець, што акрамя ўсяго іншага ёсць пагроза, напрыклад, нацыянальнаму адзінству ў гэтай сувязі.

Грамадства на самай справе не заўсёды разумее, аб чым ідзе гаворка. Пад люстрацыяй яны разумеюць нешта ў такім сталінскім духу. І з майго пункту гледжання, як раз вельмі шмат трэба праводзіць менавіта такой асветніцкай працы, растлумачальнай працы. Праводзіць люсітрацыю не вельмі хутка, але і не вельмі павольна. Гэта, дарэчы кажучы, адна з самых складаных, з майго пункту гледжання, задач.

Мне ў гэтым сэнсе вельмі падабаецца прыклад Чэхіі.

«Мы ж не будзем выкідваць людзей, як лукашэнкаўскі рэжым»

— Таму мы павінны тлумачыць, што люстрацыя — гэта не пытанне расстрэлу ў духу 1937-га, а — працэс, у якім гэтыя людзі таксама змогуць знайсці сабе месца ў новай Беларусі, у будучыні. Мы ад іх не адракаемся. Ад тых жа самых настаўнікаў, напрыклад, дырэктараў школ, якія бралі ўдзел у фальсіфікацыі, бо яны з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі. Так, яны прымалі ўдзел у гэтых працэсах, так, яны павінны прайсці пэўны працэс не толькі люстрацыі, але і перакваліфікацыі. Але мы ж не будзем выкідваць іх, як сёння лукашэнкаўскі рэжым выкідвае людзей з краіны і працягвае пераследаваць за яе межамі.

На думку Турарбекавай, важна правесці рэформу заканадаўства. Бо важна разумець не толькі каго трэба пакараць, але і па якім законе. Не па лукашэнкаўскім ж?

— Лукашэнкаўская сістэма якраз нацэленая на тое, каб як мага большую колькасць людзей фактычна запэцкаць, уцягнуць ва ўсю гэтую справу. І гэты маральны момант вельмі важны. Ён нават больш важны, чым усе астатнія. Без грамадскага асуджэння краіна не зможа акрыяць да канца. Наша грамадства хворае да глыбіні душы, усе гэтыя раны трэба лячыць, каб, не дай бог, не было рэцыдыву

Тут вельмі важна праводзіць паралельныя працэсы, звязаныя з напісаннем не толькі падручнікаў, але і агульнай дэсаветызацыі, дэлукашэнізацыі. Гэта вельмі доўгі і няпросты працэс — прыбраць сімвалы, прыбраць двухсэнсоўнасць тлумачэння гісторыі, падняць наверх усе факты, якія замоўчваліся.  І наогул неабходна разуменне гэтай драмы, праз якую прайшоў беларускі народ. Нацыя ледзь выжыла.

Але беларусы ўсё роўна падымаюцца. Як кажа мой муж, кожнае пакаленне наноў чытае Каліноўскага і, прачытаўшы, зноў выступае са сваім паўстаннем. На жаль, беларусам даводзіцца праходзіць праз гэта зноў і зноў. І з гэтага не робіцца ніякай высновы, і мы зноў ставім над сабой дыктатара, чалавека, якому пляваць на чалавечае жыццё. І, каб гэтага зноў не адбылося, неабходна прапусціць тое, што адбылося праз маральныя фільтры, адбудаваць сістэму каштоўнасцяў.

Роза Турарбекава таксама разважае пра тое, якім чынам пакараць усіх вінаватых, як захаваць нацыянальнае адзінства, ці змогуць тыя, хто бяздумна падтрымліваў рэжым упісацца ў дэмакратычнае грамадства, і што для гэтага варта рабіць. А яшчэ пра тое, якія іспыты павінны будуць здаць чыноўнікі. А сёння экспертка заклікае старацца ўсімі сіламі нагадваць пра тое, што беларусы — гэта асобная еўрапейская нацыя, у якой ёсць свая перспектыва.

Падрыхтавала Аксана Колб

Цалкам размову слухайце ў нашым аўдыё. Ці глядзіце на відэа.