Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Некаторыя дзяржаўныя дзіцячыя садкі ў адным з польскіх гарадоў будуць працаваць даўжэй

07.09.2026 17:04
Эксперымент спадабаўся бацькам.
.  .
Ілюстрацыя. Дзіцячы садок.Фота: Pixabay / RosZie

У горадзе Сасновец (Sosnowiec) працягнуць падоўжаны рэжым працы дзяржаўных дзіцячых садкоў — паведамляе «Gazeta Prawna». Пасля пілотнай праграмы гарадскія ўлады вырашылі, што большасці бацькоў патрэбная магчымасць забіраць дзяцей пазней, чым у 16.00 або 17.00. Эксперымент стартаваў летась у трох садках.

Некаторыя групы працавалі да 20-й гадзіны. Аднак большасць дзяцей заставалася ў садках толькі да шасці вечара. Таму менавіта гэты час вырашылі ўзяць за асноўны для падоўжанага графіка. З верасня такі рэжым дзейнічае ўжо ў васьмі садках Сасноўца. Яшчэ адзін працуе да 17:30. Улады плануюць пашырыць праграму яшчэ на шэсць устаноў.

Рашэнне выклікала спрэчкі ў сацыяльных сетках. Бацькі, якія падтрымалі ідэю, адзначаюць, што падоўжаны графік дапамагае сумяшчаць працу і бацькоўства. Крытыкі ж занепакоеныя тым, што малеча можа праводзіць у садку занадта шмат часу.

Улады Сасноўца падкрэсліваюць: падоўжаны час працы не азначае, што дзіця павінна знаходзіцца ва ўстанове да яе закрыцця. Паводле мясцовых правіл, дзіця можа праводзіць у дзяржаўным садку да 10 гадзін у дзень. Канкрэтны час бацькі вызначаюць падчас запісу. Заканадаўства гарантуе не менш за пяць гадзін бясплатнага навучання, выхавання і догляду штодня. За дадатковы час гміна можа браць плату — не больш за 1,44 злотага за гадзіну.

нг