Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Багатыя інвестуюць у людзей». У школе вучняў будуць вучыць эканамічнай граматнасці

08.09.2026 16:48
У будучым годзе ўпершыню падчас іспытаў на атэстат сталасці вучні сярэдніх школ у Польшчы змогуць здаваць экзамен па бізнесе і менеджменце.
Аўдыё
zdjęcie ilustracyjne.
zdjęcie ilustracyjne. Shutterstock.com/Andrey_Popov

Польшча – адзін з эканамічных «тыграў» Цэнтральна-Усходняй Еўропы, на якіх раўняюцца іншыя дзяржавы. Польскі вопыт пераходу ад планавай эканомікі да капіталізму вывучаюць і ставяць у прыклад. А цяпер у Польшчы вырашылі, што эканамічная граматнасць патрэбная таксама малодшым школьнікам. 

У Польшчы, канешне, не ўсё ідэальна, але ў цэлым эканамічная сітуацыя краіны непараўнальна лепшая, чым была пад канец мінулага стагоддзя. Гэтага не было б, калі б да ўлады не прыйшлі разумныя і дальнабачныя людзі. А асноўным навыкам фінансавай граматнасці найлепш вучыць дзяцей са школьных гадоў. Гэтае правіла прынялі за аксіёму аўтары змен у школьнай праграме, якія ўводзяць больш элементаў эканамічнай граматнасці.

Эксперты спадзяюцца, што ўвядзенне эканамічнай адукацыі ў школы прывядзе да большай схільнасці да зберажэнняў і паляпшэння фінансавай бяспекі палякаў. У рамках рэформы «Компас заўтрашняга дня» вучні пачатковых класаў пачнуць атрымліваць веды па эканоміцы і фінансах.

Меркаваннем старшыні Нацыянальнага цэнтра адукацыі Вальдэмара Збытэка (Waldemar Zbytek), вучні таксама змогуць вывучаць базісы прадпрымальніцкай дзейнасці.

 У польскі закон аб адукацыі ўведзена палажэнне, якое дазваляе адукацыйным установам ствараць школьныя кааператывы. Мы вяртаем практычную фінансавую і эканамічную адукацыю ў польскія школы. Я таксама вывучаў асновы фінансаў, эканомікі і прадпрымальніцтва ў школьнай краме, якая калісьці была кааператывам вучняў. Няма лепшага спосабу вучыцца, пра што казаў Корчак 100 гадоў таму (Януш Корчак – славуты польскі педагог, загінуў у канцлагеры Аўшвіц – рэд.). Нам трэба навучыць моладзь, што такое грошы, іх добрыя і дрэнныя бакі, як іх зарабляць і, магчыма, як абмежаваць рызыку і менш іх губляць.

Мара старшыні Польскай банкаўскай асацыяцыі Тадэвуша Бялэка (Tadeusz Białek) – каб, дзякуючы эканамічнай адукацыі ў школе, дзеці і моладзь вучыліся, як граматна эканоміць грошы, і як не дазволіць іх скрасці.

 Мы вельмі імкнёмся да таго, каб павысіць разуменне палякаў аб неабходнасці доўгатэрміновых зберажэнняў. Польшча адносіцца да тых краін Еўрапейскага Саюза, дзе жыхары, на жаль, у асноўным адкладаюць грошы на кароткі тэрмін. Тым часам, калі мы паглядзім, напрыклад, на Скандынавію, то там назіраецца мадэль нарошчвання капіталу на доўгатэрміновую перспектыву. Акрамя таго, нам трэба павышаць вопытнасць людзей у разуменні пагроз з боку злачынцаў, якія дзейнічаюць у віртуальнай прасторы, а таксама аб мадэлях і тактыцы кіберзлачынцаў.

У нашы часы інфармацыю шукаць вельмі лёгка, нават часта яна сама нас шукае, а не мы яе. З аднаго боку, дзякуючы гэтаму проста вывучыць некалькі правіл эканомнага жыцця, але з іншага, з-за вялікага інфармацыйнага шуму цяжка выбраць тое, што сапраўды істотнае, а што не мае значэння, а нават можа быць шкодным. Пры гэтым, ёсць каштоўныя падкасты, якія вучаць элементарнай фінансавай граматнасці. Напрыклад, коўч, блогерка Pani Endorfina (Марта Млодзян - Marta Młodzian) называе тры правычкі людзей, якія ўмеюць граматна выдаткоўваць грошы.

 Прывычка нумар адзін — багатыя прымаюць фінансавыя рашэнні не пад уплывам эмоцый. Людзі, у якіх грошы выцякаюць з рук, часта прымаюць рашэнні, таму што ў іх дрэнны настрой, каб яго палепшыць. Людзі, у якіх ёсць грошы, нічога не купляюць імпульсіўна.

Прывычка нумар два: багатыя лічаць усё, нават калі робяць выгляд, што не лічаць. І я не кажу пра людзей, у якіх багацце напаказ, а на самой справе яны тонуць у даўгах. Я кажу пра людзей, у якіх сапраўды ёсць грошы.

І прывычка нумар тры: багатыя ўкладваюць грошы ў людзей, а не ў сваё хобі. Многія лёгка мяняюць хобі: я буду будаваць мадэлі, буду маляваць, вязаць, гуляць у гольф, лавіць рыбу і г.д. Людзі, у якіх ёсць грошы, шукаюць новыя, каштоўныя сувязі. Багатыя выбіраюць такіх людзей, хто пацягне іх вышэй. Скажам, калі вы акружаеце сябе людзьмі, якія кажуць, што жыццё цяжкае, што зарабляць грошы цяжка, што мы ўсе бедныя і няшчасныя, ваш мозг у рэшце рэшт пачне ў гэта верыць. А калі вакол вас людзі, якія кантралююць свае грошы, якія задаволеныя жыццём і прымаюць правільныя рашэнні, то гэта цікава і захапляльна, і вы захочаце жыць падобным жыццём.

У інтэрнэце можна знайсці каштоўную інфармацыю, але лепш, каб гэтыя веды сабрала, падрыхтавала адпаведным чынам і прадставіла вучням школа. Там працуюць людзі з педагагічнай адукацыяй, якія ведаюць, якім чынам падаць матэрыял дзецям у розным узросце і якія могуць граматна адсеяць той змест, які можа быць шкодны для школьнікаў.

А ў будучым годзе ўпершыню падчас іспытаў на атэстат сталасці вучні сярэдніх школ змогуць здаваць экзамен па бізнесе і менеджменце.

IAR/нг