Паводле справаздачы Польскай турыстычнай палаты, сёлета палякі часцей за ўсё ездзілі на адпачынак у Турцыю, Грэцыю і Егіпет. Іспанія, Балгарыя, Кіпр, Мальта і Харватыя таксама ўваходзяць у першую дзясятку.
Польская турыстычная палата зрабіла агляд вакацыйных напрамкаў у арганізаваным турызме. З яго вынікае, што палякі часцей за ўсё выбіраюць варыянт «усё ўключана», выязджаючы ў ліпені на сем ці восем дзён, і плацяць за адпачынак у сярэднім 3200 злотых з чалавека, кажа Катажына Турасенска з Польскай турыстычнай палаты.
— Калі казаць пра наш выбар, то ўжо шмат гадоў першае месца займае Турцыя, паколькі яна мае вялікія курорты з добрым авіязлучэннем. Там ёсць спецыялізаваныя гатэлі як для дарослых, так і для сем'яў з дзецьмі рознага ўзросту. Таму Турцыя рашуча перамагае і апярэджвае астатнія краіны.
Катажына Турасенска распавядае, што пры выбары месца адпачынку палякі ў першую чаргу кіраваліся стабільным надворʼем і суадносінамі кошту і якасці.
— Таксама палякі любяць ездзіць у Грэцыю, Іспанію, сюды ўваходзяць Канарскія астравы. Мы любім Італію і Егіпет. Усё большым інтарэсам карыстаюцца такія краіны як Албанія, Кіпр, Мальта.
Перавагі палякаў у выбары адпачынку змяняюцца. Паводле слоў прадстаўніцы Польскай турыстычнай палаты, палякі падарожнічаюць больш свядома, параўноўваюць прапановы і аналізуюць водгукі ў інтэрнэце. Кошт усё яшчэ мае значэнне, але ён ужо не зʼяўляецца адзіным крытэрам выбару, бо бяспека, камфорт і якасць абслугоўвання становяцца ўсё больш важнымі. Кліенты чакаюць высокіх стандартаў, падкрэслівае Катажына Турасенска.
— Польскі турыст купляе не толькі начлег і транспарт, але найперш купляе пачуццё бяспекі, камфорт і ўпэўненасць, што ў выпадку непрадбачаных сітуацый ён не застанецца адзін. Гэта адна з самых вялікіх змен, якія мы назіралі ў сёлетнім турыстычным сезоне.
Катажына Турасенска адзначае, што цікавасць да замежных паездак пастаянна расце, але і Польшча застаецца папулярным месцам адпачынку. Самым папулярным застаецца Балтыйскае мора, потым ідуць горы і азёры.
Прадстаўнікі польскай турыстычнай галіны могуць быць задаволеныя сёлетнім летам. Галоўнае статыстычнае ўпраўленне падлічыла, што ў ліпені і жніўні 2026 года ў Польшчы жыллё браніравала 10 мільёнаў турыстаў.
Гэта рэкордная лічба, бо яна на 2,5% больш, чым за аналагічны перыяд 2025 года, і на 22,6% больш, чым у 2022 годзе. Гэта пакуль папярэднія дадзеныя, заснаваныя на так званых хуткіх ацэнках, таму пакуль невядома, колькі з гэтых 10 мільёнаў чалавек — палякі, а колькі — замежныя турысты.
Заўважана, што польскія турысты часцей выбіраюць меншыя гарады, а не папулярныя курорты. Гэта змяненне больш прыкметнае менавіта ў гэтым годзе, кажа Каміль Шаблоўскі з платформы OLX.
— Вымерным эфектам быў рост пошуку месцаў пражывання на азёрах Любліншчыны і Свентакшыскага ваяводства. Выразна вырасла цікавасць да начлегаў з гатовай ежай або доступам да кухні. Колькасць такіх прапановаў на нашай платформе расце дынамічна. Сярод галоўных крытэрыяў выбару начлегаў у Польшчы апынуліся цана і поўны кошт паездкі. Не менш важнымі былі камфорт, стандарт і лакалізацыя. Такім чынам, магчымасць самастойнай падрыхтоўкі ежы ўпісваецца ў большую патрэбу спалучыць камфорт і бюджэт.
Найбольшая колькасць турыстаў, прыкладна па 1,5 мільёна ў кожным, наведала Малапольскае і Мазавецкае ваяводствы. Было забраніравана 29,4 мільёна начлегаў, прычым найбольшая колькасць, прыкладна шэсць мільёнаў, у Заходнепаморскім ваяводстве. Чым гэта тлумачыцца? Нягледзячы на тое, што ў гэтай частцы краіны было менш турыстаў, іх знаходжанне было даўжэйшым. У выпадку з Мазавецкім ваяводствам вынік быў у асноўным звязаны з Варшавай, якая была месцам прызначэння для больш кароткіх паездак, звычайна працягласцю 2-3 дні.
Прыведзеныя вышэй дадзеныя тычацца летняга сезону. Адначасова ўсё больш палякаў адпачываюць у верасні і кастрычніку. Такім падарожжам асабліва спрыяюць цэны і меншая колькасць турыстаў.
Паводле дадзеных турыстычнай індустрыі, розніца ў цэнах паміж пікам сезона і восенню ў гэтым годзе значна большая, чым звычайна. Дадзеныя турыстычнага агенцтва eSky паказваюць, што ў 2026 годзе восенню будзе назірацца прыкладна на 80% больш браніраванняў, чым летась. У гэты перыяд менш турыстаў, але тэмпература ўсё яшчэ прыемная.
Найбольш папулярнымі месцамі для восеньскага адпачынку застаюцца Турцыя, Егіпет і Грэцыя, за імі ідуць Іспанія і Туніс. Адразу за імі ідуць Балгарыя, Кіпр, Італія, Албанія і Мальта. Расце цікавасць да Балкан — браніраванне ў Чарнагорыю павялічылася на 69%, чым год таму, на балгарскія курорты — на 158%, а ў Албанію — на 60%. Браніраванне на Мальёрку таксама павялічылася на 67%.
У самой Польшчы ў верасні і кастрычніку надалей самым папулярным зʼяўляецца польскае ўзбярэжжа, туды падарожнічае 45% людзей. Актыўны адпачынак у гарах выбіраюць 39% падарожнікаў. Верасень больш папулярны, чым кастрычнік, на яго прыпадае 65% браніраванняў у гэты перыяд, хоць колькасць браніраванняў на кастрычнік штогод расце на 30-35%.
ав