Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Як лячыць тое, чаго няма? Лекары не фіксуюць менапаўзы ў медыцынскіх картах пацыентак

14.09.2026 12:35
Між тым, клімакс мае вырашальнае значэнне для здароўя жанчын, нагадваюць аўтары даследавання.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Tharushi Jayawardana/pixabay.com/CC0 Public Domain

Інфармацыя пра менапаўзу вельмі часта не фіксуецца ў электронных медыцынскіх картах пацыентак. Пра гэта сведчыць аналіз дадзеных амаль 400 тысяч жанчын-удзельніц даследавання. Гэта, у сваю чаргу, перашкаджае даследаваць уплыў клімаксу на здароўе жанчын у будучыні.

Даследчыкі з Каларадскага ўніверсітэта (University of Colorado Anschutz) праверылі, як часта лекары фіксуюць, што жанчына прайшла менапаўзу.

Яны параўналі дадзеныя апытанняў удзельніц з запісамі ў іх электронных медыцынскіх картах і апублікавалі свае высновы ў часопісе «Menopause», паведамляе агенцтва PAP

Розніца аказалася значнай. У апытаннях ажно 193 тысяч жанчын паведамілі пра менапаўзу, у той час як у іх медыцынскіх картах было зафіксавана толькі 28 тысяч такіх дыягназаў, то бок толькі каля 14 працэнтаў.

Больш за тое, нават у выпадку пацыентак, у медыцынскіх картах якіх быў адзначаны згаданы факт, часта адсутнічалі больш падрабязныя дадзеныя, такія як узрост, у якім пачалася менапаўза.

— Немагчыма эфектыўна вывучаць або лячыць тое, што не рэгіструецца сістэматычна. Між тым, клімакс мае вырашальнае значэнне для здароўя жанчын, але калі мы не будзем рэгулярна фіксаваць яго пачатак, то будзе цяжэй ацаніць уплыў менапаўзы на рызыку захворванняў і здароўе ў наступныя гады. Тое ж самае тычыцца і іншай важнай інфармацыі пра рэпрадуктыўнае здароўе жанчын, — кажа вядучы аўтар даследавання прафесар Одры Хендрыкс.

Аўтары даследавання падкрэслілі, што менапаўза звязана са значнымі зменамі ў арганізме і можа, сярод іншага, уплываць на здароўе сардэчна-сасудзістай сістэмы і метабалізм.

Дадзеныя сведчаць пра тое, што ўзрост, у якім яна надыходзіць, таксама можа мець значэнне. Ранняя менапаўза — да 45 гадоў — звязана з больш высокай рызыкай сардэчна-сасудзістых захворванняў і астэапарозу.

PAP/аз