Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Нейрабіёлаг раіць, што рабіць, каб пазбегнуць дэменцыі

18.09.2026 15:13
Усё больш доказаў сведчаць аб тым, што простыя змены ладу жыцця могуць значна знізіць рызыку захворвання.
zdj.
zdj.Фота: Shutterstock/oatawa

Нейрабіёлаг Агнешка Батэр распавядае пра свой распарадак дня для ўмацавання здароўя мозгу. Гэта сапраўды простыя і прыемныя звычкі, якія часта займаюць усяго некалькі секунд ці хвілін, чытаем на сайце Onet.pl.

50-гадовая Агнешка Батэр — нейрабіёлаг з Эдынбургскага ўніверсітэта. Ёй было больш за 40 гадоў, калі яна вырашыла зноў паступіць ва ўніверсітэт, каб перакваліфікавацца на нейрабіёлага. Раней яна працавала ў індустрыі моды. Яе матывацыяй стала смерць бабулі і цёткі, якія памерлі ад хваробы Альцгеймера.

Даследчыкі вызначылі, што амаль палова ўсіх выпадкаў дэменцыі можа быць звязана з 14 фактарамі рызыкі: ад курэння да атлусцення і нелечанай страты слыху. Усё больш доказаў сведчаць аб тым, што простыя змены ладу жыцця могуць значна знізіць рызыку захворвання.

Нейрабіёлаг дзеліцца тым, як яна клапоціцца пра здароўе ўласнага мозгу

Кожную раніцу яна прачынаецца, абуджаная звычайным гадзіннікам, а не мабільным тэлефонам (бо не дапускае ў спальню блакітнага святла, якое шкоднае для сна) і адразу выпівае шклянку вады, якую трымае на прыложкавай тумбачцы. Нейрабіёлаг нагадвае, што працяглае абязводжванне зніжае прыток крыві да мозгу і павялічвае рызыку развіцця дэменцыі.

Пасля абуджэння Батэр выконвае тры цыклы так званага квадратнага дыхання. Гэтая простая тэхніка рэгулюе нервовую сістэму.

Жанчына заўсёды засцілае ложак перад сняданкам — гэтая руціна задае тон на ўвесь дзень.

Раніцай яна выпівае каля 1,5 літра вадкасці, у тым ліку шклянку гарачай вады з лімонам, а таксама травяныя настоі, выбіраючы кожны дзень іншы — размарын, чабор, рамонак або шалфей.

На сняданак нейрабіёлаг часта гатуе яйкі, якія дапамагаюць нашаму арганізму выпрацоўваць нейрамедыятар, які адказвае за памяць і настрой. Часам яна есць сардзіны, якія ўтрымліваюць амега-3 і выдатна падыходзяць для здароўя мозгу. Яна таксама рэкамендуе сезонную садавіну, напрыклад, слівы ў верасні, а чарніцы або маліну ў чэрвені і ліпені. Ягады і фіялетавая садавіна ўтрымліваюць антацыяны, якія дапамагаюць палепшыць памяць і канцэнтрацыю ўвагі, і знізіць крывяны ціск — яшчэ адзін фактар ​​рызыкі развіцця дэменцыі.

Што тычыцца дабавак, нейрабіёлаг прымае выключна вітамін D3. Многія даследаванні паказалі, што яго прыём цесна звязаны з больш працяглым жыццём без дэменцыі.

Перад пачаткам працы жанчына тры хвіліны актывуе сваю лімфатычную сістэму: «мяккімі рухамі пальцаў я стымулюю лімфатычныя вузлы крыху вышэй за ключыцу, пад сківіцай і за вушамі, а потым хутка масажую галаву. Гэта спрыяе павелічэнню прытоку крыві да мозгу, забяспечваючы яго большай колькасцю кіслароду, вітамінаў і мінералаў».

Батэр кажа, што калі яна працуе седзячы за сталом, яна стараецца ўставаць кожныя 45 хвілін, каб пахадзіць і выпіць вады, або зрабіць некалькі скручванняў, каб стымуляваць кровазварот у мозгу.

Штодзённая прагулка абсалютна неабходная — лічыць нейрабіёлаг. У гэты час яна не носіць навушнікі — назірае за прыродай і мозг адпачывае.

Яна раіць есці рыбу тры разы на тыдзень і пазбягаць смажанай і высока апрацаванай ежы. Жанчына не перакусвае паміж прыёмамі ежы і не есць салодкае, але дазваляе сабе невялікі кавалачак цёмнага шакаладу кожны дзень. На працягу дня яна пʼе зялёны чай і матчу. Яна займаецца спортам чатыры разы на тыдзень, таму што фізічныя практыкаванні дапамагаюць функцыянаваць мозгу.

Нейрабіёлаг мяркуе, што важна засвойваць новага і таму, напрыклад, яна запісалася на лацінаамерыканскія танцы.

Падтрыманне сацыяльных адносін, гэта значыць сустрэчы або размовы з сябрамі, мае вырашальнае значэнне — лічыць спецыялістка. Цікава, што пры параўнанні фактараў рызыкі дэменцыі сацыяльная ізаляцыя можа павялічыць рызыку нават да 60%.

— Мой самы важны вячэрні рытуал — запісваць свае думкі на паперы. Гэта дапамагае запаволіць вечар і гарантуе, што я ачышчу ўсю інфармацыю, якая віруе ў маёй галаве перад сном.

Агнешка Батэр перад сном рэкамендуе некалькі хвілін старанна чысціць зубы і карыстацца зубной ніткай. Даследаванні паказалі сувязь паміж дэменцыяй і стратай зубоў або захворваннямі дзясен — бактэрыі ў ротавай поласці могуць трапляць у кроў і праходзіць да мозгу, выклікаючы запаленне, — таму добрае здароўе ротавай поласці мае вырашальнае значэнне.

Таксама вельмі важны сон на працягу 8 гадзін.

Падчас сну мозг здольны пазбаўляцца ад таксінаў (напрыклад, бялкоў, звязаных з хваробай Альцгеймера), замацоўваць успаміны і падтрымліваць нервовую сістэму. Людзі ва ўзросце 50 і 60 гадоў, якія спяць шэсць гадзін або менш, значна часцей пакутуюць ад дэменцыі.

Нейрабіёлаг Агнешка Батэр заканчвае дзень не пазней чым а 22.30

яс