Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт адказаў на крытыку афіцыйным каментарыем

18.09.2026 17:21
ЕГУ адрэагаваў на публікацыі адносна ўніверсітэта, якія з'явіліся на сайце Беларускай службы Польскага радыё.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільнікрыніца: Наша Ніва

ЕГУ падрыхтаваў афіцыйны каментар, які прадстаўляе пазіцыю ўніверсітэта па ўзнятых пытаннях: дзейнасць і будучыня ЕГУ і цяперашняя мадэль універсітэта.

Пра беларускую місію Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта

«У апошнія месяцы ў публічнай прасторы неаднаразова гучалі заявы пра тое, што Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт нібыта перастаў быць беларускім універсітэтам, страціў сувязь з Беларуссю і мусіць саступіць месца новаму адукацыйнаму праекту. Мы ўважліва ставімся да грамадскай дыскусіі пра будучыню беларускай адукацыі і прызнаём права кожнага яе ўдзельніка прапаноўваць уласныя ідэі і крытычна ацэньваць існыя інстытуцыі.

Разам з тым рыторыка, якая прапануе «забыць пра ЕГУ» або выключае ўніверсітэт з прасторы беларускай адукацыі, непрымальная.

Яна абясцэньвае больш як трыццацігадовую гісторыю ўніверсітэта, працу яго выкладчыкаў і даследчыкаў, а таксама выбар тысяч студэнтаў і выпускнікоў. Асабліва безадказна такія заявы гучаць у сітуацыі, калі сама сувязь з ЕГУ можа ствараць пагрозу для людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў Мінску і застаецца неад’емнай часткай гісторыі незалежнай беларускай вышэйшай адукацыі. Пасля прымусовага спынення працы ў Беларусі ўніверсітэт працягнуў сваю дзейнасць у Вільні.

З 2005 года ён забяспечвае інтэлектуальную і адукацыйную прастору для тых, хто пазбаўлены магчымасці свабодна вучыцца, выкладаць і займацца даследаваннямі ў Беларусі. Пасля падзей 2020 года гэтая функцыя ўніверсітэта набыла яшчэ большае значэнне.

Беларуская місія ЕГУ вызначаецца не толькі мовай выкладання. Яна выяўляецца ў складзе студэнцкай і акадэмічнай супольнасці, тэматыцы адукацыйных праграм і даследаванняў, падтрымцы беларускіх студэнтаў і навукоўцаў, а таксама ў пастаяннай сувязі ўніверсітэта з грамадскім, культурным і палітычным кантэкстам Беларусі.

Беларуская мова — найважнейшая частка культурнай і акадэмічнай прасторы ЕГУ, і ўніверсітэт мае намер паслядоўна пашыраць магчымасці яе выкарыстання.

Аднак звядзенне беларускай ідэнтычнасці ўніверсітэта выключна да мовы выкладання спрашчае рэальнасць сучаснай вышэйшай адукацыі. Шматмоўнасць не скасоўвае беларускую місію ЕГУ, а дапамагае беларускім студэнтам і даследчыкам паўнавартасна ўдзельнічаць у еўрапейскім і міжнародным акадэмічным жыцці.

Пра тое, наколькі нашы даследаванні адпавядаюць нашай грамадскай місіі, сведчаць наступныя факты: толькі за 2024-2026 гады даследчыкі ЕГУ падрыхтавалі дзесяць навуковых манаграфій, у тым ліку для публікацыі ў міжнародных выдавецтвах Routledge, Bloomsbury і Ibidem-Verlag.

Штогод супрацоўнікі ўніверсітэта публікуюць больш за сто навуковых артыкулаў, да 40% якіх выходзяць у аўтарытэтных міжнародных часопісах. Каля 90% публікацый нашых выкладчыкаў звязаныя з беларускай праблематыкай — гісторыяй, культурай, правам, сацыялогіяй і палітыкай. У 2023 і 2024 гадах ЕГУ займаў вядучыя пазіцыі сярод літоўскіх універсітэтаў у галіне гуманітарных навук паводле аб’ёму навуковых вынікаў у разліку на аднаго акадэмічнага супрацоўніка.

Гэтыя вынікі не азначаюць, што ва ўніверсітэце няма праблем

Мы бачым неабходнасць далейшага развіцця праграм, умацавання даследчага асяроддзя, пашырэння выкарыстання беларускай мовы і прыцягнення новых выкладчыкаў і партнёраў. Мы гатовыя абмяркоўваць гэтыя пытанні адкрыта і прадметна.

Але сумленная крытыка павінна ўлічваць рэальную дзейнасць універсітэта і не падмяняцца дэкларацыямі пра тое, хто мае права называцца беларускім.

Асобную занепакоенасць выклікаюць заклікі ператварыць універсітэт у інструмент падрыхтоўкі пэўнай палітычнай або нацыянальнай эліты. Еўрапейская ўніверсітэцкая традыцыя прадугледжвае значна шырэйшую місію вышэйшай адукацыі: падрыхтоўку да прафесійнай дзейнасці, выхаванне актыўных грамадзян дэмакратычнага грамадства, асобаснае развіццё, а таксама стварэнне і захаванне ведаў праз выкладанне і даследаванні.

Універсітэт не павінен станавіцца школай падрыхтоўкі кадраў для якой-небудзь палітычнай сілы, нават калі абвешчаныя ёю мэты з'яўляюцца высакароднымі.

Змест адукацыі і даследаванняў не можа вызначацца палітыкамі. Акадэмічная аўтаномія азначае права ўніверсітэцкай супольнасці самастойна фарміраваць праграмы, даследчыя напрамкі і прафесійныя стандарты.

Стварэнне новых беларускіх адукацыйных ініцыятыў само па сабе заслугоўвае абмеркавання.

ЕГУ не разглядае развіццё іншых праектаў як пагрозу і ўвесь час супрацоўнічае з арганізацыямі, якія падзяляюць прынцыпы акадэмічнай свабоды, якасці адукацыі і павагі да студэнтаў. Але прасоўванне новага праекта не павінна грунтавацца на адмаўленні дасягненняў існага ўніверсітэта, дыскрэдытацыі яго супольнасці або штучным супрацьпастаўленні «сапраўднай» і «несапраўднай» беларускай адукацыі.

ЕГУ будзе і надалей захоўваць глыбокую сувязь з Беларуссю і адначасова развівацца як аўтаномны еўрапейскі ўніверсітэт.

Мы адкрытыя да змястоўнай крытыкі, сумесных праектаў і публічнай размовы пра будучыню беларускай адукацыі.

У пацвярджэнне гэтай адкрытасці мы запрашаем Паўла Севярынца наведаць ЕГУ, сустрэцца са студэнтамі і выкладчыкамі і прадставіць свае погляды ў фармаце адкрытай лекцыі або акадэмічнай дыскусіі.

Упэўненыя, што непасрэдная размова, заснаваная на фактах і ўзаемнай павазе, прынясе беларускай адукацыі значна больш карысці, чым заклікі «забыць» адну з яе найважнейшых інстытуцый».

Тэкст быў адпаведна аформлены для публікацыі


Севярынец заклікае стварыць беларускі ўніверсітэт у Польшчы

02.09.2026 10:24
Універсітэт, паводле яго задумы, павінен рыхтаваць новую беларускамоўную эліту — гуманітарную, тэхнічную і эканамічную.

Беларускі ўніверсітэт у Польшчы. За і супраць

05.09.2026 07:08
З такой ідэяй выступіў Павел Севярынец. Універсітэт, паводле яго задумы, павінен рыхтаваць новую беларускамоўную эліту — гуманітарную, тэхнічную і эканамічную.