Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Украінкі адбіваюць мужыкоў». Каханне як інструмент расійскіх маніпуляцыі польскім грамадствам

28.09.2026 16:27
Польская даследчыца звярнула ўвагу на тое, што расійская прапаганда эксплуатуе чалавечыя пачуцці, напрыклад, жаданне блізкасці, каханне для ўздзеяння на грамадскія настроі.
Аўдыё
  • Анна Мяжыньска: Крамлёўскія паліттэхнолагі першы ўдар нанеслі менавіта па польках, каб стварыць пачуццё непрыхільнасці да Украіны
       ,
Прыклады рамантычных профіляў украінак у польскіх сацыяльных сетках, якія выкарыстоўваюцца для дэзінфармацыіScreenshot z tvn24.pl/ Instalki.p

Пасля пачатку расійскай агрэсіі на Украіну, польскае грамадства вельмі моцна салідарызавалася з украінцамі, была каласальная падтрымка. У Расіі заўважылі, што найбольш актыўнымі ў аказанні дапамогі былі польскія жанчыны. Крамлёўскія паліттэхнолагі першы ўдар нанеслі менавіта па польках, каб стварыць пачуццё непрыхільнасці да Украіны. Быў запушчаны цэлы «рамантычны» наратыўны пакет, распавяла польская даследчыца Анна Мяжыньска з «Oko Press» падчас выступу ў сядзібе Польскага радыё.

Польская даследчыца звярнула ўвагу на тое, што расійская прапаганда шмат эксплуатуе звычайныя чалавечыя пачуцці, напрыклад, жаданне блізкасці, каханне для ўздзеяння на грамадскія настроі. Так сталася ў Польшчы, дзе расійскія прапагандысты вось ужо некалькі год імкнуцца скараціць грамадскую падтрымку для Украіны. Адным з інструментаў стала палярызацыя польскіх і ўкраінскіх жанчын. Гэта робіцца праз рэгулярнае прасоўванне трох наратываў. Спачатку быў наратыў пра тое, што ўкраінскія жанчыны прыгажэйшыя за полек, кажа даследчыца.

— На пачатку сакавіка 2022 года кампанія IPSOS правяла апытанне пра тое, хто ўдзельнічаў у дапамозе бежанцам з Украіны. Высветлілася, што найбольш актыўна дапамагалі маладыя жанчыны ва ўзросце да 39 гадоў — ажно 79%. Што да мужчын таго ж узросту, дадзены працэнт быў значна ніжэйшым. Праз шэсць месяцаў працэнт жанчын, якія падтрымлівалі далейшае знаходжанне ўкраінцаў у Польшчы, знізіўся да 50%. Як гэтага ўдалося дасягнуць? Праз TikTok, дзе ў сакавіку 2022 года быў актываваны ананімны акаўнт, які знік адразу пасля пачатку кампаніі. Гэта быў профіль маладой жанчыны, якая апублікавала кароткае відэа, дзе распавяла, як расце яе самаацэнка, калі яна бачыць польскіх дзяўчат на вуліцах. Гэтага відэа было дастаткова, каб стварыць трэнд сярод маладых жанчын у Польшчы. Рэакцыя была велізарнай. У TikTok пачалася хваля абурэння сярод польскіх жанчын. З-за чаго? Вядома, гаворка ішла пра тое, што ўкраінскія жанчыны прыгажэйшыя за польскіх жанчын. Нічога больш.

Потым дадаўся другі наратыў пра нібыта ўкраінак, якія крадуць мужоў у полек.

— З'явілася тэндэнцыя,ўпершыню пасля агрэсіі Расіі супраць Украіны, варожасці маладых полек да ўкраінскіх жанчын у Польшчы. У маі яна ўзмацнілася. У брытанскіх таблоідах публікуецца lovestory, якую можна абагульніць фразай «украінкі крадуць мужоў», якая папулярная па сёння. Нейкая Сафія з Украіны прыехала ў Вялікабрытанію, яе прыняла сямʼя Карнетаў, і праз тыдзень паміж ёй і Томам пачаўся раман, да такой ступені, што той кінуў сваю партнёрку, трое дзяцей, і зʼехаў да Сафіі. Некаторы час таблоіды пісалі пра справу, а потым гісторыя абрываецца. Незразумела чаму. Пазней стала вядома, што ўдзельнікі атрымлівалі грошы за кожнае выказванне, невядома, ці гэта былі грошы з Расіі, але дадзеная гісторыя ідэальна адпавядала наратыву пра ўкраінскіх жанчын, якія крадуць мужоў.

Даследчыца зазначае, што цяпер шырыцца новы наратыў, каб паўплываць на польскіх мужчын.

— Пачатак 2026 года. Пачынаюць зʼяўляцца допісы ў ФБ, якія зробленыя па адной схеме: маладая і прывабная дзяўчына, побач дзіця і на заднім плане вэрхал у пакоі. Да гэтага паведамленне накшталт: мне 25 гадоў, самотная з байструком, з Украіны. Калі цябе не палохае бэнцаль — пішы. Фотаздымкі былі згенераваны штучным інтэлектам, тэкст — таксама. Навошта гэта было зроблена? Адказ бачым у каментарах. У 2022 годзе пад пастамі ўкраінак былі станоўчыя каментары ад мужчын, ад жанчын — адмоўныя. Мужчыны падбадзёрвалі, казалі: «Я хачу з табой пазнаёміцца», «выдатна выглядаеш», а польскія жанчыны наадварот пісалі: «Вяртайся ва Украіну». У 2026 годзе мужчыны таксама каментуюць негатыўна. Працытую некаторыя каментары ад мужчын: Я б узяў цябе з дзецьмі, але ты так дрэнна пра іх кажаш! Чаму ты так дрэнна кажаш пра дзіця? Так называць дзіця — паталогія. Непрыязнае стаўленне да ўкраінскіх жанчын, цяпер назіраецца не толькі сярод жанчын, але сярод мужчын таксама.

Адмысловец зазначае, што цяпер падобная схема выкарыстоўваецца ў Румыніі, Францыі, ЗША і Балгарыі. Прыклады з розных краін выкарыстоўваюцца для надання праўдападобнасці наратыву. За гэтай «рамантычнай» кампаніяй нянавісці стаіць расійскае Агенцтва сацыяльнага дызайну, кажа Анна Мяжыньска.

— Дэзінфармацыя і агульная кагнітыўная вайна, якую Расія вядзе на Захадзе, — схаваная вайна. Расія хавае свой удзел у псіхалагічных маніпуляцыях на Захадзе. Мы ведаем з дакументаў, выкрадзеных этычнымі хакерамі з расійскіх сервераў, што за кулісамі расійскай прапаганды стаіць Агенцтва сацыяльнага дызайну, якое ўзначальвае Ілля Гамбашыдзэ. Гэта афіцыйна расійская PR фірма, кліентам якой зʼяўляецца Крэмль, а Гамбашыдзэ цяпер знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і ЗША. Згаданая фірма адказная, сярод іншага, за распрацоўку розных прапагандысцкіх, дэзінфармацыйных і маніпуляцыйных кампаній у заходніх краінах, і часткова за іх выкананне. З і х справаздач мы ведаем, што яны здольныя генераваць трыльён каментароў у інтэрнэце, на розных платформах.

Сярод наступстваў гэтай маніпуляцыі называюцца высокія вынікі ўльтраправых на апошніх выбарах у Еўропе, дзе расіяне распаўсюджваюць свае наратывы. Гэты «поспех» абапіраецца на маніпуляванні эмоцыямі, кажа экспертка.

— Расійскія прапагандысты выдатна разумеюць псіхалагічныя і кагнітыўныя механізмы чалавека і падатлівасць на маніпуляцыі. Гэта сапраўды напад на чалавецтва; яны атакуюць тое, што робіць нас людзьмі, выкарыстоўваючы эмоцыі супраць нас.

Што цікава, гэтыя наратывы прасоўваліся не праз буйныя СМІ, а праз таблоідныя форумы і сацыяльныя сеткі. Справа ў тым, што алгарытмы сацыяльных сетак спрыяюць пашырэнню расійскай маніпуляцыі, дадае Анна Мяжыньска.

— У наш час амаль кожны актыўны жыхар Захаду карыстаецца платформамі сацыяльных сетак. Высыпанне каментароў, спрыяльных для Расіі, мае псіхалагічныя наступствы. Складаецца ўражанне, што большасць людзей думае менавіта так, тады я таксама буду. Спрацоўвае механізм сацыяльнай згоды. Алгарытмы сацыяльных сетак рэагуюць на рэчы, што выклікаюць рэакцыю сярод аўдыторыі, а гэта эмацыйны кантэнт, скандалы. Часам ёсць і пазітыўны кантэнт, але гэта значна радзей. Алгарытмы робяць такія пасты, якія выклікаюць эмоцыі, бачнымі для большай групы людзей. Алгарытм рэагуе на вялікую колькасць рэакцый пад пастом, і калі бачыць, што рэакцый шмат, ён яшчэ больш дзеліцца імі з іншымі, таму што гэта генеруе трафік на платформе. Платформы сацыяльных сетак існуюць для таго, каб генераваць трафік, і зарабляць на ім грошы. Платформы сацыяльных сетак не клапоцяцца пра праўду ці дэмакратыю, толькі пра грошы, якія паступаюць ад трафіку на іх платформах сацыяльных сетак. Пра гэтую асаблівасць вядома ўжо больш за дзесяць гадоў, і з таго часу расіяне бліскуча гэтым карыстаюцца.

Стварэнне сярод полек пачуцця непаўнавартасці, страху і крыўды, дазволілі расіянам зменшыць узровень салідарнасці і падтрымкі для Украіны спачатку сярод польскіх жанчын. Цяпер расійская прапаганда накіраваная на тое, каб зрабіць гэта з мужчынамі ды стварыць ціск знізу на палітыкаў, каб скараціць рэальную падтрымку для Украіны.

Юры Ліхтаровіч