Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя падвяло вынікі гэтых 12 месяцаў. Паводле апошніх дадзеных, палякі за гэты перыяд вярнулі больш за 5 мільярдаў пластыкавых бутэлек і алюмініевых бляшанак. Гэта больш за 70% упаковак з залогам, уведзеных на рынак. Гэтая лічба блізкая да мэты Міністэрства клімату на канец гэтага года — сабраць 77% упаковак з залогам.
Паводле віцэ-страшыні асацыяцыі «Eko Unia» Паўла Помяна, сістэма вяртання залогу мела вялікі поспех, нягледзячы на шэраг недахопаў. Летнія канікулы паказалі, што сістэма працуе, і статыстыка, верагодна, будзе паляпшацца з кожным годам. Апытанні грамадскай думкі таксама вельмі пазітыўныя.
— Больш за 70% рэспандэнтаў заяўляюць, што карыстаюцца сістэмай вяртання залогу. Яшчэ 12% маюць намер гэта рабіць. Група людзей, якія скардзяцца і займаюцца прапагандай вакол сістэмы вяртання дэпазіту, адносна невялікая, і нават калі яны не карыстаюцца сістэмай, бутэльку, якую яны выкідваюць, хутчэй за ўсё, падбярэ і аддасць у бутэлькамат хтосьці іншы, хто ацэніць яе эканамічную каштоўнасць.
З часам аказалася, што можна стварыць пэўны інавацыйны падыход. Бутэлькаматы пачалі паяўляцца на фестывалях, імпрэзах рознага характару. Паявіліся аўтаматы, якія пералічваюць грошы за адданую бутэльку ці бляшанку адразу на банкаўскі рахунак.
Павал Помян усё ж звяртае ўвагу, што недахопы бачныя асабліва ў вёсках і малых мястэчках, у якіх ускладнены доступ да вялікіх крам, дзе ўсталяваныя бутэлькаматы.
Што яшчэ ў сістэме не спрацоўвае? Што трэба пільна палепшыць ці дадаць?
Віцэ-старшыня асацыяцыі «Eko Unia» звяртае ўвагу на розныя акцыі, такія як «Чыстая Одра», калі валанцёры збіраюць смецце ўздоўж ракі. Сёлетнія акцыі такога тыпу паказалі, што ўпаковак, за якія можна вярнуць залог, амаль не было. Аднак там усё яшчэ лідзіруюць шкляныя бутэлькі ад піва, соку, папулярныя чакушкі. Павал Помян кажа, што яны ўсё яшчэ застаюцца ў велізарных колькасцях, больш таго, іх колькасць павялічваецца з году ў год.
І сапраўды ўрад заяўляе пра працу, каб уключыць чакушкі ў сістэму залогу. Адначасова гучаць галасы, што вытворцы будуць намагацца абысці сістэму, напрыклад, выпускаючы шкляныя бутэлькі з меншым літражам.
«Eko Unia» заклікае, каб усе шкляныя ўпакоўкі, незалежна ад аб’ёму і велічыні падлягалі сістэме вяртання залогу, каб збор гэтых упаковах быў масавым.
— Я цаню тое, што частка ўпаковак — гэта шматразовыя шкляныя бутэлькі, і гэта ідэальна адпавядае ідэі цыркулярнай эканомікі. Аднак, насуперак абяцанням піваварных заводаў, гэта не ўніверсальная сістэма. Крамы не прымаюць некаторыя бутэлькі, яны прымаюць толькі тыя, якія ёсць у продажы. Некаторыя ўсё яшчэ лічаць, што калі няма чэка, то яны іх не прымуць. Некаторыя абменьваюць бутэльку толькі ўзамен за пакупку новай, адзін да аднаго. Я сам сутыкаўся з такімі выпадкамі, і гэта не ўніверсальная сістэма. Вядома, шкляную бутэльку можна выкарыстоўваць шмат разоў, і гэта выдатнае рашэнне, калі мы выкарыстоўваем яе дзясяткі разоў, што робіць пытанне стандартызацыі ўпакоўкі яшчэ больш важным. Стандартызацыя ўпакоўкі — выдатная ідэя, а шкляная ўпакоўка ідэальна падыходзіць для таго, каб забяспечыць аднастайнасць бутэлек для віна і піва. Напрыклад, калі невялікі піваварны завод хоча далучыцца да такой сістэмы, то яму не трэба будзе прывозіць свае ўласныя бутэлькі з усёй Польшчы, яны змогуць удзельнічаць у такой універсальнай сістэме на роўных умовах. Гэтую лазейку піваварныя заводы сабе выгандлявалі, выключэнне шкляных бутэлек з сістэмы стварыла шмат хаосу і непатрэбных, даволі негатыўных наступстваў.
«Eko Unia» падрыхтавала таксама іншую рэкамендацыю. Гаворка ідзе пра магчымасць падаткаабкладання шкляных бутэлек, напрыклад, шляхам абкладання падаткам вытворцаў, альбо праз механізм пашыранай адказнасці вытворцаў у адпаведнасці з заканадаўствам ЕС, які Польшча павінна ўвесці восенню.
— Гэта адзін з варыянтаў, калі вытворца нясе выдаткі на збор гэтай шкляной упакоўкі з навакольнага асяроддзя, а таксама нясе выдаткі на камунальныя паслугі. Уся сістэма пашыранай адказнасці вытворцаў прызначана для таго, каб запоўніць узніклы прабел, калі з гарадскіх пунктаў збору сыравіны была забраная найбольш каштоўная сыравіна, алюмініевыя і пластыкавыя бутэлькі, якія з'яўляюцца значнай крыніцай даходу для муніцыпалітэтаў і камунальных прадпрыемстваў. Іх пазбавілі гэтай каштоўнай сыравіны, таму дадатковая аплата павінна кампенсаваць і збалансаваць гэты прабел. Мы павінны памятаць, што акрамя ўпакоўкі для напояў, у нас ёсць таксама цэлы шэраг іншай упакоўкі, і правілы пашыранай адказнасці вытворцаў будуць распаўсюджвацца на ўсю ўпакоўку, а не толькі на ўпакоўку для напояў.
Згодна з заявамі Міністэрства клімату, праца па ўключэнні аднаразовых шкляных бутэлек у сістэму вяртання залогу пачнецца ва ўрадзе ў бліжэйшыя некалькі дзён, але змены не ўступяць у сілу хутка.
PR24/ав