Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Алгарытм вырашае будучыню зняволенага

12.10.2026 15:15
Эксперты крытыкуюць адсутнасць доступу да сістэмы.
Ілюстрацыйны здымакpixabay.com/tadah

— Тое, ці зняволены атрымае адгул або ўмоўна-датэрміновае вызваленне ў значнай ступені залежыць ад праграмы ацэнкі рызыкі рэцыдыву. Польскае Міністэрства юстыцыі адмаўляецца раскрываць інфармацыю пра тое, як працуе праграма, — піша газета «Rzeczpospolita».

Сістэма паглыбленай ацэнкі рызыкі рэцыдыву — гэта сістэма, якая аўтаматычна генеруе справаздачу пра зняволенага на падставе ацэнкі, папярэдне падрыхтаванай турэмным выхавацелем. Мэта сістэмы — аб'ектывізацыя крыміналагічнага і сацыяльнага прагнозу зняволенага.

Намесніца міністра юстыцыі Марыя Эйхарт сказала аб праграме, што гэта «скок у будучыню», але эксперты, да якіх звярнулася «Rzeczpospolita», адзначаюць адсутнасць празрыстасці сістэмы.

Марцін Вольны з Хельсінскага фонду па правах чалавека падкрэсліў, што інструмент, які можа паўплываць на становішча зняволенага, павінен быць заснаваны на дадзеных, павінен прайсці тэставанне, ён павінен рэгулярна паддавацца ацэнцы спецыялістаў, якія мусяць мець доступ да вынікаў праграмы. У снежні мінулага года Хельсінскі фонд запытаў доступ да зыходнага кода праграмы, спісу ўлічаных фактараў і іх вагавых каафіцыентаў, а таксама звярнуўся з просьбай аб доступе да экспертных меркаванняў, выкарыстаных пры распрацоўцы праграмы. Міністэрства адмовіла, таму Хельсінскі фонд абскардзіў гэтае рашэнне ў адміністрацыйным судзе.

Суддзя Томаш Гуміняк, старшыня 4-га пенітэнцыярнага аддзялення Акруговага суда ў Аполі, на якога спасылаецца «Rzeczpospolita», падкрэсліў, што сістэма паглыбленай ацэнкі рызыкі рэцыдыву павінна падлягаць незалежнай ацэнцы звонку. Ён звяртае ўвагу на выпадкі, калі сістэма паказвае негатыўны прагноз, у той час як начальнік турмы дае станоўчае заключэнне.

Яшчэ адна суразмоўца газеты юрыстка Моніка Гожах ставіць пад сумнеў шкалу ацэнкі рызыкі рэцыдыву, якая вагаецца ад 20 да 100 працэнтаў. Адвакатка таксама працуе са зняволенымі і падкрэслівае, што ў некаторых выпадках рызыку рэцыдыву яна лічыць нулявой.

яс