Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польскія ўлады абяцаюць пачаць працу над увядзеннем дэпазіту на шкляныя бутэлькі

23.10.2026 10:50
Крыху больш за год таму ў краіне была ўведзена сістэма дэпазіту для пластыкавых бутэлек і алюмініевых бляшанак.
.
. Manfred Richter/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя абяцае ў бліжэйшым часе распачаць працу над уключэннем шкляных бутэлек у сістэму дэпазіту. Адначасова чыноўнікі падкрэсліваюць, што змены не пачнуць дзейнічаць хутка. Закон напэўна будзе мець пэўнае vacatio legis, каб прадпрымальнікі маглі прыстасаваць аўтаматы для збору ўпаковак да гэтага працэсу. Папярднія падлікі паказваюць, што спатрэбяцца каля двух гадоў.

Эколагі і актывісты, якія бачаць станоўчы ўплыў сістэмы дэпазіту пластыкавых бутэлек і бляшанак на навакольнае асяроддзе, заклікаюць да ўключэння аднаразовых і шматразовых шкляных бутэлек у сістэму вяртання дэпазіту.

Ініцыятар і арганізатар кампаніі «Чыстая Одра» Дамінік Дабравольскі кажа, што рашэнне не ўключаць шкляныя бутэлькі ў сістэму адразу было вельмі незразумелым.

— Гэта вельмі дзіўна. Нядаўна мой знаёмы быў у Румыніі і нават паказаў мне бутэлькі, маленькія чакушкі з польскімі маркамі, якія прадаюцца ў Румыніі, але гэтыя маленькія бутэлькі там падпадаюць пад дзеянне сістэмы дэпазіту. Таму гэта магчыма, а палякі самі здаюць шкляныя бутэлькі ў аўтаматы, таму няма ніякіх аргументаў супраць перапрацоўкі шкла ўвогуле. Шкло павінна перапрацоўвацца ў сістэме перапрацоўкі, пажадана ў сістэме дэпазіту, і гэта дэманструюць усе краіны, якія ўвялі сістэму дэпазіту. Шкло мае выдатную якасць і можа перапрацоўвацца бясконца. Аднак, нагадваю, што шкло, ПЭТ-бутэлькі і алюмініевыя бляшанкі складаюць толькі некалькі працэнтаў ад усяго смецця вакол нас. Гаворка ідзе пра прыкладна 15 мільёнаў тон бытавых адходаў у год у Польшчы. У нас пяць мільёнаў тон розных відаў упакоўкі, таму ў нас сапраўды велізарная праблема з адходамі. Дэпазітны збор паказвае правільны кірунак, але яго недастаткова для паляпшэння селектыўнага збору, для таго, каб вытворцы выпускалі на рынак разумную ўпакоўку, якую можна перапрацаваць, а не таксічныя цюбікі, вырабленыя з 10 розных матэрыялаў, цалкам непрыдатныя для перапрацоўкі. Таксама неабходныя экалагічная адукацыя і эфектыўны селектыўны збор адходаў.

Сістэма дэпазіту ў Польшчы была ўведзена год таму. Чыноўнікі і экалагічныя арганізацыі задаволеныя яе вынікамі. Арганізатар кампаніі «Чыстая Одра» Дамінік Дабравольскі расказвае, што яны на працягу двух гадоў праводзяць даследаванне паходжання смецця.

Гэтае даследаванне ўключала правядзенне аперацыі па ўборцы ў пэўным раёне з удзелам пэўнай групы людзей на працягу таго ж перыяду часу. Затым актывісты падлічвалі сабранае смецце і параўноўвалі колькасць смецця з тым, што было там годам раней.

— Даследаванні мы пачыналі рабіць яшчэ да ўвядзення сістэмы вяртання дэпазіту. Пазней мы праводзілі іх штомесяц у тых жа месцах у розных рэгіёнах Польшчы. І ў верасні гэтага года мы завяршылі даследаванні па ўсёй Польшчы — у гарах, ля мора, ля рэк і ў буйных гарадах. Можна выразна падсумаваць, што пасля ўвядзення сістэмы вяртання дэпазіту колькасць пластыкавых бутэлек у навакольным асяроддзі скарацілася больш чым на 92%. У выпадку з алюмініевымі бляшанкамі гэтыя рэкорды дасягнулі нават 97%. Гэта паказвае, што калі ўпакоўка мае каштоўнасць, нават калі яна з'яўляецца ў недазволеным месцы, то яна адразу знікае. Гэта не дзіўна. Алюмініевыя бляшанкі — выдатны прыклад. Яшчэ да ўвядзення сістэмы вяртання дэпазіту алюмініевая бляшанка ў пункце прыёму каштавала тры грошы. На дадзены момант — 50 грошаў, і гэта выразны стымул вяртаць такую ўпакоўку. Нават калі хтосьці выкіне гэтыя бляшанкі ў забароненым месцы, хутка знойдзецца нехта, хто яе падыме і аднясе ў аўтамат.

Эксперт дадае, што дзякуючы штомесячнаму падліку смецця ўдавалася параўнаць тэмп змяншэння колькасці смецця. Гэтыя вынікі паказалі, што кожны месяц ад увядзення сістэмы дэпазіту колькасць смецця змяншалася на 5%.

Адмыслоўцы спадзяюцца, што Польшча зраўняецца вынікамі з краінамі, якія сістэму дэпазіту ўвялі значна раней. Гаворка ў прыватнасці пра скандынаўскія краіны, дзе ўзровень вяртання пластыкавых і алюмініевых упаковак перавысіла 95%.

Акрамя чыстага наваколля сістэма дазваляе атрымліваць сыравіну для вытворчасці новых бутэлек і бляшанак. Сыравіну, сабраную ў спецыяльных аўтаматах, можна паўторна выкарыстоўваць для кантакту з харчовымі прадуктамі, у той час як тую, што сабралі ў так званых камунальных зборах, нельга.

ав


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце