Вельмі проста адкрыць інструмент штучнага інтэлекту і набраць: «Прыдумай для мяне план трэніровак». Але ці сапраўды план, які з'яўляецца на экране праз хвіліну, падыдзе нам? Што можа прапанаваць штучны інтэлект тым, хто займаецца аматарскім спортам, і дзе заканчваюцца яго магчымасці? Пра гэта на хвалі Польскага радыё расказаў інструктар і трэнер па кікбоксінгу Адам Выжыкоўскі, які спецыялізуецца на практычным ужыванні штучнага інтэлекту.
На самым пачатку ён звяртае ўвагу, што вынік у многім залежыць ад якасці напісання промптаў. Адам Выжыкоўскі звяртае ўвагу, каб не падыходзіць да інфармацыі ад штучнага інтэлекту як да святасці, а мець крытычны падыход. І так, паводле яго, ШІ можа падрыхтаваць план трэніроўкі і адпаведнага харчавання. Але трэніроўкі замест нас не зробіць.
Пытаемся ў трэнера пра сітуацыю чалавека, які доўгія гады не займаўся спортам. Ці такая асоба можа папрасіць, каб ШІ дапамог яму вярнуцца да спартыўных звычак?
— Так, гэта заўсёды магчыма. Я сапраўды вельмі захапляюся штучным інтэлектам. Я яго папулярызую, вучу ім карыстацца, развіваю, але ўсё ж стараюся рабіць гэта з улікам здаровага сэнсу. Не варта думаць, што штучны інтэлект заменіць трэнераў. Мы шмат гаворым у нашы дні пра тое, што штучны інтэлект заменіць бухгалтараў, архітэктараў, дыетолагаў і г.д. Але справа не ў замяняльнасці. Штучны інтэлект, гэтая рэвалюцыя, стане прычынай эвалюцыі кожнай прафесіі. З улікам вопыту я скажу наступнае: калі хтосьці не трэніраваўся прафесійна, трэніруецца па-аматарску і хоча, як мы кажам, вярнуцца ў форму, я ведаю, наколькі важныя матывацыя, эмацыйная ўсведамлёнасць, вельмі часта інтуіцыя і мысленне, заснаванае на вопыце. У штучнага інтэлекту гэтага няма. Вядома, штучны інтэлект мае кантэкст, аналізуе дадзеныя. Але трэнер можа інтуітыўна праверыць, ці гэтая асоба сёння перажывае крызіс, а нам трэба дапамагчы ёй вярнуцца ў форму. Такім чынам, як дапаможны інструмент, гэта абсалютна магчыма. Аднак, ён не будзе рабіць трэніроўкі за нас. І каб сапраўды дасягнуць вызначанай мэты, на маю думку, трэнер проста неабходны. На маю думку, будучыня будзе не за трэнерам, які, так бы мовіць, прапануе вам план у excelі. У яго не будзе будучыні. Але ў трэнера, які выкарыстоўвае штучны інтэлект і знаходзіцца побач са спартсменам, такая будучыня абавязкова будзе.
Такім чынам недастаткова напісаць штучнаму інтэлекту: я хачу палепшыць сваю кандыцыю, падрыхтуй мне план. Існуе як мінімум некалькі ўзроўняў узаемадзеяння са штучным інтэлектам. Ёсць промпты, асістэнты штучнага інтэлекту, аўтаматызацыя і агенты ШІ. І ва ўсіх выпадках узаемадзеяння са штучным інтэлектам кантэкст зʼяўляецца ключавым. Чым больш дадзеных мы падаем, тым лепшую якасць адказу атрымаем.
Які промт напісаў бы Адам Выжыкоўскі для асобы, якая хоча пачаць бегаць, але апошнім часам мала рухалася і можа прысвяціць на гэта 3,5 гадзіны ў тыдзень?
— Ёсць прынамсі некалькі спосабаў пісання промптаў. Давайце пойдзем шляхам найменшага супраціву, паспрабуем самім напісаць промпт. Я б абавязкова даў яму наступныя дадзеныя: якая мая мэта, якая ў мяне вага, ці былі ў мяне траўмы. Прычым на патрэбы гэтай перадачы мы не будзем удавацца ў аналіз таго, якія дадзеныя мы можам уводзіць. Давайце прапусцім гэтую тэму, бо яна неверагодна важная, але для мэтаў гэтай размовы пакінем усё як ёсць. Такім чынам, адназначна трэба пазначыць якая ў мяне мэта, колькі ў мяне энергіі, як я сябе сёння адчуваю і ацаніце гэта па шкале ад 1 да 10. Мой настрой на пачатку сённяшняй трэніроўкі такі і такі. Дата пачатку, дата, да якой я хачу дасягнуць пэўнага выніку. Такім чынам, разумны падыход, каб наша мэта была вымернай, амбіцыйнай і дасягальнай. Кантэкст усёй сітуацыі. якія месцы для трэніровак у мяне ёсць. Нават якая пара года, каб ШІ мог параіць нам, якія практыкаванні рабіць. Ці займаюся я якім-небудзь відам спорту, ці не. Які ў мяне ёсць вопыт трэніровак? Ці пачынаю я з нуля, ці ў мяне ўжо ёсць вопыт трэніровак у трэнажорнай зале ці ў якім-небудзь іншым відзе спорту? Такім чынам, чым больш кантэксту мы апішам у промпце, тым лепшым будзе наш план трэніровак.
Калі мадэль штучнага інтэлекту распрацавала для нас план трэніровак, а мы не разумеем, што ў ім знаходзіцца, мы можам выкарыстаць функцыю «стварыць выяву» і папрасіць стварыць візуалізацыю практыкаванняў.
Адам Выжыкоўскі гаворыць, што мы можам атрымаць значна больш ад гэтага інструмента, каб палепшыць сваю трэніроўку.
— Я мяркую, што тут ёсць значна больш магчымасцяў, бо штучны інтэлект любіць дадзеныя, любіць іх аналізаваць і апрацоўваць. Паводле мяне, у працэсе трэніровак выдатным падыходам ў выкарыстанні штучнага інтэлекту будзе маніторынг змен. Як змянілася наша вага, што мы елі, колькі калорый. І сёння мы можам зрабіць гэта з дапамогай самых простых мадэляў. Для гэтага нам не патрэбныя дадатковыя праграмы. Аднак ёсць адно «але». Штучны інтэлект не прадбачыць, што ваша нагрузка занадта вялікая і вы заўтра парвяце Ахілава сухажылле. Такога не будзе. Вось чаму кантакт з трэнерам, маніторынг вашага самаадчування і яго ацэнка важныя. Інтуіцыя і вопыт надзвычай важныя.
Госць Польскага радыё нагадаў яшчэ раз, што штучны інтэлект любіць вялікія абʼёмы дадзеных, любіць усталёўваць сувязі паміж пададзенымі яму параметрамі. І гэта сапраўды інструмент, супраць якога ў нас, людзей, няма ніякіх шанцаў.
Czwórka/ав