Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У польскіх вагонах-рэстаранах — новае асенне-зімовае меню. Што падаюць і за колькі

30.10.2026 07:03
У меню таксама застаюцца любімыя пасажырамі класічныя стравы, для прыкладу, адбіўная катлета альбо славуты польскі суп жур.
   - WARS.
Асенняе меню ў вагонах-рэстаранах WARS. Крыніца: facebook.com/PKP.Intercity

Кампанія WARS, польскі чыгуначны аператар вагонаў-рэстаранаў і спальных вагонаў, увяла новае меню на сезон восень-зіма 2026/2027.

Так, сярод новых прапаноў пасажыры змогуць выбраць «Польскі салат» — з вяндлінай, сырам, кіслым агурком, кропам і памідорамі чэры (33 злотыя альбо 7,50 еўра). Акрамя таго, пасажырам прапануецца веганскі бігас з вэнджаным чарнаслівам (38 злотых — 8,65 еўра).

Калі ж нехта захоча з’есці мясную страву, дык навінкамі ў вагонах-рэстаранах сталі рубленая катлета з шампіньёнамі (37 злотых альбо 8,40 еўра) ці філе курыцы на грылі з бульбай і салатам (44 злотыя — 10 еўра). У цягніках катэгорыі «экспрэс» і «прэміум экспрэс» дадаткова пасажыры змогуць замовіць філе курыцы з сырам камамбер у соусе з вяршкоў і базіліка (45 злотых альбо 10,25 еўра). Навінкі з’явіліся і ў дэсертным меню. Так, падсаладзіць падарожжа зможа чызкейк з малінавым соусам (16 злотых альбо 3,60 еўра).

У меню таксама застаюцца любімыя пасажырамі класічныя стравы, напрыклад, адбіўная катлета альбо славуты польскі суп жур. Акрамя таго, WARS прапануе салодкія прысмакі, бутэрброды і сняданкі ў асартыменце, у тым ліку традыцыйную яечню (24 злотыя — 5,45 еўра), а таксама алкагольныя і безалкагольныя напоі ды комплексныя абеды. Для прыкладу, за жур, адбіўную з бульбай і салатам ды гарбату прыйдзецца заплаціць 76 злотых (17,30 еўра). За сняданне — яечню з беконам, пірожнае «Шарлотка» і капучына — 61 злоты (14 еўра). За каву з «Шарлоткай» — 29 злотых (6,60 еўра).

WARS з'яўляецца часткай польскай дзяржаўнай чыгуначнай карпарацыі PKP Group. Вагоны-рэстараны Wars курсіруюць у складзе цягнікоў міжрэгіянальнага і міжнароднага спалучэнняў пасажырскай кампаніі PKP Intercity.

вс