Сярод беларусаў, якія пасля 2020 года пераехалі жыць у Польшчу, нямала асоб ва ўзросце 45 гадоў і больш. І менавіта гэтыя людзі сталі мэтай даследавання, праведзенага незалежнымі экспертамі. Па выніках даследавання можна сказаць, што патэнцыял прафесійнай групы 45+ выкарыстоўваецца далёка не поўнасцю.
Чалавек, якому 45 гадоў і больш, мае ўжо за сваімі плячыма як правіла дзясяткі гадоў прафесійнай практыкі, глыбокія веды, навыкі і досвед. Пераязджаючы ў іншую краіну, гэтыя навыкі і веды чалавек захоўвае, але прафесійная пазіцыя, прызнанне, сувязі, доступ да інстытуцый часта прывязаныя да краіны, дзе чалавек працаваў раней. Таму наяўнасць кампетэнцый не гарантуе магчымасці іх выкарыстоўваць на эміграцыі. Пры гэтым, аказваецца, што група мігрантаў сярэдняга ўзросту часта выпадае з поля зроку прымаючай краіны, — адзначае экспертка ў галіне медыя і камунікацый Ірына Сідорская з незалежнай аналітычнай платформы Кантрапункт, якая праводзіла апытанне сярод мігрантаў у Польшчы.
— Даследаванні бачаць маладых мігрантаў, іх таксама бачаць прымаючыя краіны. Другая група, якую бачаць даследаванні і праграмы падтрымкі, гэта старэйшыя мігранты. А вось гэтая сярэдняя група, у якой высокі прафесійны капітал, выпадае з усіх даследаванняў.
Праблема групы людзей 45+ зусім не ў недахопе прафесійных навыкаў, наадварот, іх часта надта шмат. Праблема ў тым, што не ўвесь свой прафесійны капітал беларускія мігранты сярэдняга ўзросту могуць перанесці ў практычную плоскасць у новай краіне, - адзначыў іншы аўтар даследавання Дзмітрый Нікановіч.
— Нашы рэспандэнты і рэспандэнткі вельмі актыўныя – яны працуюць, ствараюць арганізацыі, адкрываюць бізнесы, вучацца. Але калі лекарка з вялікім досведам не можа выкарыстоўваць сваю спецыялізацыю – частка гэтага капіталу не працуе, калі кіраўніца арганізацыі мусіць працаваць прыбіральшчыцай – частка яе капіталу не працуе. Беларускія мігранты ў значнай ступені высокаадукаваныя, але пераезд для многіх не быў запланаваны. І калі Польшча ў большай ступені будзе ўлічваць гэтую спецыфіку, то, канешне, выйграюць абодва бакі.
Па выніках даследавання стала ясна, што падыход да беларускіх мігрантаў, асабліва ў старэйшай узроставай катэгорыі, павінен быць спецыфічным, адрозным ад стаўлення да эканамічнай міграцыі. А што ў гэтым пытанні можна прапанаваць польскім інстытуцыям?
І. Сідорская: Сістэма не працуе не таму, што існуе злая воля, а таму, што сістэма не працавала раней, яна не мае досведу з такой міграцыяй. Мы хочам прапанаваць іншую мадэль: не мадэль дэфіцыту, а мадэль таго, што ўжо ёсць у мігрантаў, а толькі пазней глядзець, чаго ім не хапае. Напрыклад, калі не хапае польскай мовы, дык гэта не звычайная мова, а прафесійная польская мова. Яшчэ мы звярнулі ўвагу на сеткі. Кампетэнцыі пераносяцца добра, аднак нефармальныя сеткі, нэтворкінг вельмі дапамагае рэалізоўваць прафесійны капітал. А ў мігрантаў з гэтым праблемы.
Д. Нікановіч: Сапраўды, мы прапануем перш за ўсё заўважыць гэтую групу. Акрамя таго, самі нашы рэспандэнты прапануюць нейкія рашэнні, напрыклад, наконт медыцынскага стажу. Скажам, каб можна было пацвердзіць спецыялізацыю не за пяць гадоў, а ў паскораным варыянце. Кошт прафесійнага перазапуску ў 55+ значна вышэйшы, чым раней. У 25 гадоў гэтыя пяць гадоў маюць адну цану, а ў 55 і больш – зусім іншую.
Пра вынікі даследавання прафесійных магчымасцяў беларускіх мігрантаў у Польшчы распавялі Ірына Сідорская і Дзмітры Нікановіч. Дарэчы, матэрыялам даследчыцкай працы паслужылі між іншым інтэрв’ю нашай радыёстанцыі з беларусамі, якія пераехалі жыць у Польшчу, у прыватнасці, з вядомым лекарам Андрэем Вітушкам.
нг