Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларусы ўсё часцей сутыкаюцца з праблемамі звязанымі з легалізацыяй побыту ды інтэграцыяй у грамадства Польшчы

06.11.2026 11:21
Гаворка пра зацягнутасць адміністрацыйных працэдур, у тым ліку складанасці ў банках, а таксама клопаты з вывучэннем польскай мовы.
Аўдыё
  • у Польшчы сігналізуюць пра наяўнасць праблемаў звязаных з легалізацыяй
Ілюстрацыйнае фотаImage by jacqueline macou from Pixabay/CC0

Арганізацыі, якія займаюцца дапамогай беларускім мігрантам у Польшчы сігналізуюць пра наяўнасць вялікай колькасці практычных праблемаў звязаных з легалізацыяй, працяглымі тэрмінамі выдачы відаў на жыхарства (карт побыту), кароткім тэрмінам дзеяння праязных дакументаў, і абмежаваным доступам да банкаўскіх паслуг, тлумачыць кіраўнік юрыдычнага аддзелу Руху Беларускай салідарнасці Аляксандр Кавалевіч.

— Першая праблема гэта праязныя дакументы для замежнікаў. Гэтая праблема дзеліцца на тры падпраблемы. Гэта тэрмін дзеяння: ён занадта малы, усяго год. Істотна, што дадзены дакумент не пацвярджае асобу. Акрамя таго, спецыяльная працэдура атрымання гэтага дакумента для беларусаў, на жаль, носіць часовы характар ​​і ўвесь час мае патрэбу ў падаўжэнні распараджэннямі міністра.

Адмысловец зазначае, што гэта не адпавядае еўрапейскім нормам.

— Справа ў тым, што польскі закон, які прадугледжвае гадавы тэрмін для праязнога дакумента, не адпавядае рэгламенту ЕС 1347, які мае прамое прымяненне ва ўсіх краінах ЕС ад 12 чэрвеня 1926 года. Такой супярэчнасці не павінна быць. У польскіх уладаў было два гады для таго, каб ад гэтай супярэчнасці пазбавіцца, для таго, каб яе ўрэгуляваць, груба кажучы, прыбраць дэфектную супярэчлівую норму польскага закона. Але польскія ўлады гэтага не зрабілі. І мы, адпаведна, будзем узнімаць гэтае пытанне на ўзроўні Еўракамісіі.

Другая праблема — гэта легалізацыйныя справы.

— Як вядома, разгляд гэтых спраў цяпер, на жаль, моцна зацягваецца. Адпаведна, замежнікі, у тым ліку беларусы, не могуць сарыстацца сродкамі прававой абароны, каб указаць на бяздзейнасць адміністрацыйнага органа. І трэцяя праблема, якой мы займаемся, гэта праблемы з банкамі, адкрыццём і абслугоўваннем рахункаў, а таксама іх наступным закрыццём.

Што тычыцца банкаў, тут складанасць палягае на тым, што банкі празмерна шырока ўжываюць санкцыйныя абмежаванні ў дачыненні да беларусаў.

— З банкамі праблема больш комплексная. Яна заключаецца ў тым, што банкі ўсё ж такі валодаюць аўтаноміяй і, скажам, шырокімі паўнамоцтвамі, каб выбіраць, з кім ім супрацоўнічаць, каму прадстаўляць паслугі. Але часта ў адносінах да беларусаў банкі не праводзяць індывідуальнай ацэнкі кліентаў, якую яны абавязаны праводзіць. Яны патрабуюць дакументаў нават пры адкрыцці самых базавых рахункаў, наяўнасць якіх, у прынцыпе, законам не прадугледжаная. Гэта значыць карта побыту — гэта іх асабістае жаданне, скажам. Вельмі часта банкі спасылаюцца на санкцыі Еўрасаюза, нават тады, калі гэтыя санкцыі не прымяняюцца ў дачыненні да беларусаў, бо тыя часта з'яўляюцца рэзідэнтамі ЕС. А рэзідэнты ЕС — гэта прама прадугледжанае выключэнне з санкцыйных нормаў.

Ініцыятыва «Вольныя» звяртае ўвагу на патрэбу ў большай каардынацыі дзеянняў паміж беларускімі і польскімі гуманітарнымі арганізацыямі. Напрыклад, па пытаннях дапамогі былым беларускім палітзняволеным, якія пражываюць цяпер у Польшчы, кажа каардынатарка ініцыятывы Юлія, якая падрыхтавала рапарт пра сітуацыю былых палітвязняў.

— Даследаванне, у рамках якога мы праводзілі апытанне, тычыцца менавіта беларускіх былых палітзняволеных, якія апынуліся ў Польшчы, і праблемам, з якімі яны тут сутыкаюцца. Мы там правяралі, як працуюць ужо існуючыя праграмы, чаго не хапае, дзе ёсць прабелы і накірункі для росту. Удалося даведацца, што ёсць шмат дапамогі па розных напрамках, але не хапае дыялогу паміж польскімі арганізацыямі і беларускімі для таго, каб пабудаваць супрацоўніцтва. Справа ў тым, што былыя палітвязні сутыкаюцца з тымі жа праблемамі, як іншыя мігранты, але з крыху іншым досведам. Калі чалавек, які толькі ўчора выйшаў з калоніі, а сёння яму трэба запаўняць шмат паперак, разбірацца, даказваць, чаму ён не мае на руках сапраўднага пашпарту, — гэта крыху іншая сітуацыя. Мы прапануем выдзеліць у асобную групу, каб стварыць для іх больш прыдатныя ўмовы. Напрыклад, ёсць праграмы, якія пакрываюць медыцынскую дапамогу на першыя 12 месяцаў, мабыць зрабіць яе крыху больш працяглай менавіта для групы мігрантаў — беларускіх палітзняволеных.

Дадатковай праблемай для мігрантаў становіцца складанасць у вывучэнні польскай мовы. Улады павялічваюць патрабаванні, але не думаюць пра тое, каб былі доўгатэрміновыя праграмы моўнай падрыхтоўкі. Цяпер у асноўным прапануюцца месячныя моўныя курсы, — гэтага недастаткова, кажа Ігар Ісаеў з Інстытуту польскай мовы.

— Як экзаменацыйны цэнтр, мы бачым, што ўсё больш і больш людзей да нас прыходзяць, якія хочуць здаць экзамен з польскай мовы, але ў іх няма магчымасці яе добра вывучыць, па розных прычынах. Справа ў тым, што моўны курс гэта велізарная інвестыцыя. Гэта, каб зрабіць, базавы B1, які вымагае польская дзяржава на карту рэзідэнта, трэба ісці да гэтага ўзроўню з нуля, дзесьці 2-3 гады. Хаця цяпер ужо ідзе дыскусія аб тым, каб гэта быў узровень B2. Калі мы гаворым пра міграцыю пасля 2020-га з Беларусі, ці пасля 2022-гага з Украіны, часта гэта вымушаныя мігранты. Гэта людзі, якія не хацелі зʼязджаць са сваёй краіны, але былі вымушаныя гэта зрабіць. Сярод іх ёсць розныя людзі, якія проста не могуць дайсці да гэтага ўзроўню. Гэта людзі сталага ўзросту, гэта людзі з інваліднасцю. Тут ёсць вялізарныя выклікі. Польская дзяржава яшчэ дастаткова не звяртае ўвагу на гэтую праблему.

Беларусы ў Польшчы ўсё часцей сутыкаюцца са складанасцямі, звязанымі з легалізацыяй побыту, інтэграцыяй у польскае грамадства пра што сігналізуюць няўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца дапамогай уцекачам і мігрантам.

Юры Ліхтаровіч