Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Каб вырвацца з СССР палякам давялося чакаць смерці Сталіна

12.11.2026 18:15
Пасля капітуляцыі нацысткай Германіі польскія ўлады рабілі высілкі, каб вярнуць у Польшчу тысячы суграмадзян, якія прымусова апынуліся ў Савецкім Саюзе.
Аўдыё
  • Рэпатрыяцыя - вяртанне палякаў дамоў з СССР пасля 1945-га года
    60-
Мемарыяльная дошка ў гонар 60-годдзя выгнання палякаў з Усходніх памежных тэрыторыйNowy szeryf – Praca własna, CC0, Commons.wikimedia.org/

Савецкія ўлады афіцыйна заяўлялі, што падтрымліваюць вяртанне палякаў дамоў, але на практыцы рабілі шмат перашкод, кажа польскі гісторык, які вывучае гісторыю рэпатрыяцыі.

Пасля Другой сусветнай вайны ў Савецкім Саюзе заставалася каля 1,5 мільёна палякаў. Гэтыя ацэнкі ўключаюць як жыхароў усходніх польскіх тэрыторыях, уключаных у склад СССР, так і ссыльных, дэпартаваных і ваенных бежанцаў. У ліпені і чэрвені 1944 года былі выдадзены ўказы прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб частковым аднаўленні польскага грамадзянства для грамадзян Польшчы ў Савецкім Саюзе. У жніўні 1944 года савецкія ўлады абвясцілі і прынялі закон аб амністыі для польскіх грамадзян у Савецкім Саюзе.
Пачаўся працэс, які ўлады назвалі «рэпатрыяцыяй», а насамрэч гэта быў працэс прымусовага ды кантраляванага камуністычнымі ўладамі перасялення польскага насельніцтва з былых усходніх памежных тэрыторый Другой Польскай Рэспублікі і тых, хто быў выселены ўглыб Савецкага Саюзу, кажа гісторык з Лодзінскага ўніверсітэту Войцех Марціняк.

— Працэс рэпатрыяцыі палякаў з глыбіні Савецкага Саюзу быў вельмі складаным. Гаворка ідзе пра шмат розных катэгорый людзей. Напрыклад, гэта выселеныя падчас вайны, і тыя, хто быў дэпартаваны ў 1940-1941 гадах, яны вярталіся ў Польшчу адным шляхам, а тыя, хто быў рэпрэсаваны пасля 1944 і 1945 гадоў, прайшлі па зусім іншым маршруце.

Як фармальна гэта было аформлена?

— Выселеныя падчас вайны былі ахопленыя пагадненнем ад 6 ліпеня 1945 года, і яны вярталіся арганізавана. Каля 250 тысяч чалавек вярнуліся ў Польшчу, пераважна вясной 1946 года. А вось рэпрэсаваныя вярталіся партыямі. Пераважная большасць вярнулася толькі пасля смерці Сталіна, а ў 1947-1948ых гг. вярнулася толькі некалькі тысяч чалавек, вызваленых з кантрольна-фільтрацыйных лагераў.

Што здарылася з грамадзянамі Другой Польскай Рэспублікі, якія жылі на тэрыторыях, што былі ўключаныя ў склад Украінскай і Беларускай савецкіх рэспублік?

— Польскія грамадзяне, якія жылі на ўсходніх тэрыторыях Другой Польскай Рэспублікі, якая ўвайшла ў склад Савецкага Саюза пасля Другой сусветнай вайны, прыбылі ў Польшчу ў рамках перасялення. Гэта не была рэпатрыяцыя; гэта былі перасяленні, якія адбываліся ў асноўным у 1945-1946 гадах, але вельмі вялікая колькасць людзей не з'ехала, асабліва з Літвы. Гэтыя людзі змаглі вярнуцца толькі ў рамках так званай «Другой рэпатрыяцыі» пасля смерці Сталіна. Але, як мы ведаем, не ўсе.

Чаму не ўсе? Савецкія ўлады перашкаджалі?

— Па розных прычынах. Некаторыя не хацелі, але вельмі шмат людзей было затрымана савецкімі ўладамі, асабліва мясцовымі літоўскімі ўладамі, якія перашкаджалі гэтым людзям зʼехаць і перашкаджалі аперацыі па перасяленні як падчас першай, так і падчас другой кампаніі па перасяленні.

У беларускіх крыніцах я бачыў лічбу, што магчыма нават 80% тых, хто хацеў зʼехаць, не атрымалі дазволу.

— Мне здаецца, гэта перабольшанне. Пераважная большасць, нягледзячы ні на што, у такіх агульных маштабах, тых, хто хацеў зʼехаць у Польшчу, зʼехалі. Але цяжка ацаніць дакладна. У залежнасці ад рэспублікі, няхай гэта будзе Літва, Беларусь, Украіна ці савецкая глыбінка, у кожным рэгіёне гэтыя лічбы выглядаюць крыху інакш.

Прадстаўнік Польскага камітэту нацыянальнага вызвалення (ПКВВ) у Маскве Стэфан Ендрыхоўскі звяртаўся з просьбамі аб садзейнічанні рэпатрыяцыі да Вячаслава Молатава, але той рашуча пярэчыў ды адмаўляў і рабіў часта гэта ў грубай або грэблівай форме. Чаму так адбывалася?

— Саветы ставіліся да польскіх уладаў як да сваіх кліентаў. Гэта была іх калонія. Рукі па швах, моўча слухаць, а не задаваць нязручныя пытанні. Але ў 1945, 1946 і нават 1947 гады, калі польскі суверэнітэт быў яшчэ ў рудыментарнай форме, пытанні пра лёс дэпартаваных задаваліся. Затое ў 1948, 1949 і 1950 гадоў у нас ужо быў паўнавартасны сталінізм, і тады такія пытанні ўжо не задаваліся, як і не чакаліся адказы.

З польскага боку, напрыклад, сярод чыноўнікаў, якія займаліся рэпатрыяцыяй, было жаданне дапамагчы людзям, ці дамінаваў страх перад Саветамі?

— Я думаю, што тыя супрацоўнікі польскага пасольства ў Маскве, напрыклад, якія перажылі вайну ў Савецкім Саюзе, ці нават пасол прафесар Генрык Рабэ, які прыехаў у Маскву як дыпламат, хацелі ажыццявіць гэтую справу, хацелі завяршыць комплексную аперацыю па рэпатрыяцыі. Але потым адбылася змена кадраў, таму што Сталін не хацеў займацца пытаннямі выезду, вызвалення палякаў з працоўных лагераў і іх рэпатрыяцыі.

У Савецкім Саюзе супрацьдзеянне ішло з самага верху?

— Вядома. Сталін быў супраць і ціснуў на ўлады ў Варшаве, каб яны, у сваю чаргу, ціснулі на сваё прадстаўніцтва ў Маскве, каб яны нарэшце спынілі займацца гэтымі справамі. Так і адбылося. Перамог страх. Я маю на ўвазе сярод чыноўнікаў, а дакладней — сярод кіраўніцтва партыі. Той жорсткі ціск, які аказваўся на польскіх чыноўнікаў, пераважыў. Нават тыя камуністычныя чыноўнікі, якія часам праяўлялі жаданне дапамагчы сваім суайчыннікам, але пасля таго як сталінізм агарнуў усю Польшчу, у тым ліку польскую дыпламатыю, гэтыя справы былі пахаваны да смерці Сталіна.

А пасля смерці Сталіна?

— Пасля смерці Сталіна, у рамках паступовай адлігі, гэтыя справы пачалі пераглядацца, і, нарэшце, на кароткі час паток рэпатрыяцыі быў адноўлены. Аднак пры канцы 1950 гадоў гэты працэс быў канчаткова спынены, і больш ніколі не ўзнаўляўся.

Ці Вы маглі б ацаніць пра які маштаб ідзе гаворка, колькі людзей змагло вярнуцца, але колькі не?

— Цяжка падлічыць. Гэта залежыць ад катэгорыі. Я думаю, што, нягледзячы ні на што, дзясяткі тысяч людзей па ўсім Савецкім Саюзе, асабліва ў яго ўнутраных раёнах, усё яшчэ маглі вярнуцца ў Польшчу ў 1950-х гадах. Безумоўна. Аднак мы не даведаемся дакладных маштабаў, пакуль старанна не вывучым расійскія, у першую чаргу цэнтральныя, архівы.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч