Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Псіхолаг пра жонак палітвязняў: З вяртаннем мужа з-за кратаў нічога не сканчаецца

22.11.2026 09:10
«Нябачныя. Гісторыі жонак палітвязняў» — гэта новая кніга псіхолага Вольгі Вялічкі пра жонак палітвязняў.
Аўдыё
  • Кніга пра жонак палітвязняў. «З вяртаннем мужа з-за кратаў нічога не сканчваецца»
Вольга Вялічкафота з архіву аўтаркі

Гэта другая кніга аўтаркі, першая была прысвечана дзецям палітвязняў.

У кнізе — гісторыі жанчын, чыё жыццё змяніла зняволенне мужоў. Іх словы пра любоў і злосць, чаканне і выбар, штодзённае жыццё, якое працягваецца нават тады, калі звыклы свет разбураны. Гэта цяжкая кніга, у якой няма пазітыву, бо жыццё жонак палітвязняў — гэта боль, цяжкасці, пакуты, злосць.


У кнізе - гісторыі жанчын, чыё жыццё змяніла зняволенне мужоўфота: Bellit

Кніга называецца «Нябачныя». Ці гэта не замоцнае слова?

— Ведаеце, а тут якое слова ні пастаў, яно будзе заўсёды замоцнае, таму што мы знаходзімся ў вельмі ненармальнай сітуацыі, і тыя аповеды, тыя сведчанні, якія нам расказваюць мужчыны-палітвязні і жанчыны-палітвязні — ну, стыне кроў у жылах. І пра іх мы ведаем досыць шмат: пра тое, як утрымоўваюцца людзі, як пакутуюць людзі, як здзекуюцца з людзей. І мы досыць мала ў гэтым перыядзе шасці год ведаем пра родных, а менавіта пра жонак палітзняволеных. Таму «Нябачныя» — гэта не пра тое, што яны незаўважныя, гэта пра тое, што яны пакуль яшчэ непачутыя. Я вельмі радуюся таму, што гэтая кніжка дазволіць паказаць, што пасля 2020-га года лёс так крута змяніўся не толькі ў палітвязняў, а яшчэ больш ён змяніўся менавіта ў жонак.

Колькі чалавек вам удалося сабраць у сваёй кнізе?

— Пачынаючы з 21-га года я пачала запісваць гісторыі жанчын. Я з імі працавала як псіхолаг. За гэты час у маёй практыцы было больш за 60 жанчын, але ў кніжку ўвайшлі 15 гісторый. Я спрабавала іх так сабраць, каб кожная гісторыя была ўнікальная, каб чытач, які будзе знаёміцца з кнігай, знаёміцца з гісторыямі жанчын, каб ён у кожнай гісторыі мог убачыць новы і новы пазл, з якіх пасля прачытання кнігі ён і складзе ўражанне пра лёс жонак, якія чакаюць невінавата асуджаных мужоў пасля турмы.

Вольга, раскажыце пра адзін-два пазлы?

— Галоўная выснова для мяне, як для аўтаркі, пасля напісання гэтай кнігі, і што б я хацела данесці грамадству: амаль усе жонкі кажуць, што калі нехта мяне сустракае, першае пытанне, якое мне задаюць: «А як там ён?» Не: «Як я?», не: «Як у мяне справы?», не: «Чым я цікаўлюся?», «Што я там ела, піла, што купіла?». «Як ён? Як ён там трымаецца?» То бок жонкі становяцца такім нябачным суб'ектам, і праз іх ідзе інфармацыя ў грамадства пра зняволеных мужчын. Гэта першае.

І другое, што важна — пасля з вяртаннем мужа з-за кратаў нічога не заканчваецца. Усё толькі пачынаецца, і гэта засведчыць кожная жанчына, якая дачакалася мужа са зняволення, таму што яна моцна змянілася пад уплывам той глыбы адказнасці, той глыбы задач, якія ляглі на яе плечы пакуль яна была без мужа. І моцна змяніўся муж. І атрымліваецца, што як бы сустракаюцца два вельмі знаёмых чалавека, але пад уплывам абставін — турмы і чакання з турмы — гэта вельмі-вельмі змяняе людзей. І людзям даводзіцца, па́рам даводзіцца нанова будаваць тыя стасункі, якія, падаецца, былі досыць трывалымі, нават былі досыць трывалымі, калі людзі жылі ў шлюбе да зняволення.

А дзеці? Як жанчыны спраўляюцца, калі толькі яны нясуць адказнасць за іх выхаванне і ўтрыманне?

— Досыць складана гэты працэс адбываецца, таму што трэба быць і мамай, і татай. І, ведаеце, гэта не тое ж самае, што сола-мама пасля разводу, напрыклад. Таму што тут як бы муж ёсць і адначасова мужа няма. І былі жанчыны, гэта і ў кнізе напісана, я вам амаль працытую, што адна з жонак кажа: «Я гляджу на сваіх дзяцей, і я не магу на іх глядзець, бо яны нагадваюць мне пра яго». Ну вось такія, напрыклад, ёсць рэчы. І жанчынам, безумоўна, досыць складана, таму што грошы трэба знайсці, час трэба знайсці, эмацыйна трэба быць вялікім рэсурсам, таму што дзеці — яны досыць адчувальныя да стану маці. Чым больш малое дзіцё, тым больш адчувальнасці тое дзіцё мае. Канешне, гэта вялікая трагедыя для дзіцяці, таму што яно неасэнсавана пражывае гэтую страту, а для жонкі гэта страта ўдвайне, таму што яна асэнсавана пражывае той траўматычны досвед. І часта жонкі мне гаварылі і гавораць: «Я такая злая на яго, таму што ён выбраў рэвалюцыю, ён выбраў Беларусь, ён не выбраў мяне, не выбраў сямʼю. І зараз ён там сядзіць, а мне трэба думаць, што з гэтым дзіцём рабіць, што з сабой рабіць і дзе яшчэ знайсці грошай на гэтыя перадачы. А грамадства з мяне лепіць нейкую гераіню, што я тут мушу з пыхай хадзіць, пасміхацца». Але не занадта пасміхацца, напрыклад, без чырвоных вуснаў. І гэта досыць, досыць складаная гісторыя не толькі для дзяцей, але і для жонак, таму што мы, грамадства, патрабуем героя, мы патрабуем жонку героя, а жанчыны яны не пагаджаліся на гэта. Шмат хто з іх — яны не медыйныя, і яны ніколі не хацелі быць медыйнымі. Таму такая досыць складаная траўматызацыя, досыць складаны досвед, праз які вымушана праходзяць гэтыя жанчыны.

А ці былі жанчыны, каторыя падтрымлівалі нягледзячы ні на што свайго мужа, яго перакананні і тое, што ён зрабіў?

— Складанае пытанне, таму што, разумееце, гаварыць публічна ад свайго імя — гэта адно, а потым прыходзіць і класціся ў ложак адной — гэта абсалютна іншае. Сустракаць Каляды без мужа, дарыць падарункі дзецям без мужа. Таму, ну, для раўнавагі я скажу, што я бачыла ў сваёй практыцы жонак, якія і карысталіся становішчам, бо яны былі жонкамі палітвязняў, яны прасоўвалі дзесьці свае інтарэсы. Такое таксама ёсць, ну, таму што чалавек ён перш за ўсё чалавек, і мы мусім гэтую прыроду прымаць, і я наогул не схільная да асуджэння. У кніжцы ёсць, напрыклад, гісторыя Алесі Рак, калі яна чакала мужа, яна казала: «Ну вось я там яму замаўляю і сабе не забуду спаднічку замовіць». Альбо кажа: «Ну калі мы толькі ажаніліся, я думала, якое прозвішча выбраць. Я думала, што два Кузнечыкі – гэта будзе занадта, таму Рак і Кузнечык — гэта будзе выглядаць смешней». То бок жанчыны, яны стараюцца з гумарам падыходзіць, але, ну, не заўсёды гэта атрымоўваецца. Калі на табе вісіць гэты тэрмін, што табе трэба чакаць тры, пяць год, дзевяць год, 12 год, і адной расціць дзіцё, адной заставацца ў гэтым ложку, досыць маладым жанчынам заставацца без інтымнага жыцця. У кніжцы таксама гэта апісана. І ёсць жанчыны — і ў кніжцы гэта таксама гісторыя ёсць — калі яны б хацелі быць маці, а муж асуджаны на 13 год. І вось калі ён выйдзе праз 13 год, верагоднасць зацяжарыць... 13 год — гэта вельмі шмат. Таму ў кніжцы апісана шмат лёсаў жанчын з розных поглядаў: мацярынства, жаноцкасці, стасункаў са свякроўю, стасункаў з роднымі, стасункаў з сабой, стасункаў з грашыма, думак пра развод... Ну там усялякага напісана, я старалася пісаць як жанчыны гаварылі. Рэдагавання было вельмі мала ў кніжцы.

Вольга, і скажыце, ці гэтая кніга толькі пра цяжкае? Ці ёсць у гэтай сітуацыі ў жанчын палёгка, радасць?

— Няма. Калі першая кніжка была, ведаеце, шмат у чым смешная, то гэтая кніжка, я шчыра скажу, яна досыць складаная. У ёй запісаныя гісторыі, калі мужчыны-палітвязні гвалцілі сваіх жонак, калі яны білі і зневажалі іх, калі яны патрабавалі справаздач за тыя грошы, на што былі купленыя перадачы. Там раскрываецца досыць не новая гісторыя ў нашым беларускім грамадстве і наогул, як мужчыны, частка мужчынскага грамадства, адносіцца да часткі жаночага грамадства ў нашай краіне. Там ёсць хатні гвалт, гэта досыць не новая гісторыя, ён не зʼявіўся з 20-га года. Аднак у нас ёсць гэтае напыленне, што палітвязні — нашы героі, падаецца, што яны, ну, ведаеце, з алмазаў і са сталі, а гэта людзі. Усе мы зʼяўляемся людзьмі, і магчыма, перад кожным з нас мусіць стаяць гэтая задача — чытаць такія складаныя кніжкі, каб больш адказнасці браць на сябе і менш адказнасці аддаваць героям — нябачным героям і гераіням.

Дзякую за размову.

ав

слухайце аўдыё