Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Як мігрантам знайсці сваё месца ў Польшчы? Расказваем пра досвед варшаўскага Kolektyw STUS

23.11.2026 13:47
У Польшчы па-ранейшаму не хапае сістэмных рашэнняў для інтэграцыі мігрантаў. Таму асабліва важныя ініцыятывы, якія ствараюць магчымасці для кантактаў.
Аўдыё
  • Як мігрантам знайсці сваё месца ў Польшчы? Расказваем пра досвед варшаўскага Kolektyw STUS
  Kolektyw STUS -
Для ўдзельнікаў Kolektyw STUS майстар-класы застаюцца важнай часткай інтэграцыі замежнікаў у польскае грамадства https://www.facebook.com/kolektywstus

Варшава становіцца домам для людзей з розных краін, але сам факт пераезду яшчэ не азначае, што чалавек адчувае сябе часткай новага грамадства. Знайсці аднадумцаў, пазнаёміцца з мясцовай культурай і атрымаць прастору для свабодных зносін дапамагаюць культурныя ініцыятывы. Сярод іх — варшаўскі Kolektyw STUS, які аб’ядноўвае людзей з міграцыйным і ўцекацкім досведам праз мастацтва, сумесныя мерапрыемствы і грамадскую дзейнасць.

Ініцыятыва ўзнікла ў 2022 годзе пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Спачатку яе ўдзельнікі аб’ядналіся, каб дапамагаць людзям у крызіснай сітуацыі, аднак з часам гэта перарасло ў пастаянную дзейнасць. У 2023 годзе калектыў зарэгістраваў фонд. Пра яго мэты і працу расказваюць Юлія Скаўронская і Анастасія Залатарова.

«Найперш людзям не хапае кантактаў адно з адным і магчымасці проста быць разам. Таму мы арганізуем мерапрыемствы, на якіх людзі могуць сустракацца незалежна ад свайго паходжання. Напрыклад, сёння на сустрэчы ў Villa Decius мы праводзім майстар-клас па беларускай выцінанцы. Гэта добры прыклад агульнай культурнай спадчыны: такая форма мастацтва была папулярная і ў Беларусі, і ва Украіне, і ў Польшчы. Людзі з розных краін сядзяць у адной зале, размаўляюць на розных мовах, але разам займаюцца адной справай», — тлумачаць Юлія Скаўронская.

Kolektyw STUS арганізуе канцэрты, выставы, творчыя майстар-класы і сустрэчы ў Варшаве, іншых гарадах Польшчы, а таксама анлайн. Паводле Анастасіі Залатаровай, менавіта культура дазваляе пераадольваць моўныя бар’еры:

«Калі людзі разам займаюцца чымсьці творчым, ім неабавязкова нават добра ведаць мову адно аднаго. Можна проста аб’яднацца і зрабіць нешта цікавае. Для мяне гэтая дзейнасць яшчэ і асабістая місія. Я сама пераехала ў Польшчу і ведаю, што такое жыццё ў эміграцыі. Мне хочацца хоць крыху палегчыць жыццё тых, хто апынуўся за мяжой, дапамагчы ім адчуць сябе часткай грамадства, а не людзьмі, якія знаходзяцца побач, але застаюцца ўбаку», — кажа актывістка.

Удзельніцы калектыву адзначаюць, што ў Польшчы па-ранейшаму не хапае сістэмных рашэнняў для інтэграцыі мігрантаў. Таму асабліва важныя ініцыятывы, якія ствараюць магчымасці для непасрэдных кантактаў паміж новымі жыхарамі краіны і мясцовымі супольнасцсцямі.

Kolektyw STUS названы ў гонар украінскага паэта і дысідэнта Васіля Стуса, які заставаўся верным сваім перакананням, нягледзячы на пераслед, і які трагічна загінуў у пермскім лагеры ў 1985 годзе. Для ўдзельніц калектыву Васіль Стус стаў сімвал прынцыповасці, свабоды і вернасці сваім каштоўнасцям.

Слухайце аўдыё!

Эдуард Жолуд 

З рыдлёўкай у парк. Як замежнікі і палякі разам робяць Варшаву лепшай

09.11.2026 14:29
Часам дастаткова ўзяць у рукі рыдлёўку, разам пасадзіць расліны ў грамадскай прасторы і правесці некалькі гадзін з людзьмі, якіх раней нават не ведаў.