Аўтар публікацыі Збігнеў Ракіта з Кіева робіць выснову, што ў часы Качыньскага і Зяленскага Сцяпан Бандэра больш хвалюе палякаў, чым саміх украінцаў. Карэспандэнт нагадвае, што ў 2016 г. падчас візіту ў Польшчу прэзідэнт П.Парашэнка зрабіў знакавы жэст – стаў на калені і ўсклаў кветкі да помніка ахвярам валынскай трагедыі ў Варшаве. Аднак нягледзячы на гэта, Яраслаў Качыньскі сказаў Парашэнку, што з Бандэрам Украіну не прымуць у Еўропу.
Украінскі гісторык Аляксандр Зінчэнка прааналізаваў сайт Прэзідэнта Украіны і сайт Прэзідэнта Польшчы і зрабіў выснову, што на сайце Анджэя Дуды слова «Бандэра» з'яўляецца часцей чымсьці на афіцыйнай старонцы яго ўкраінскага калегі.
- Гэта міф, што ва Украіне адбываецца бандэрызацыя, – кажа для Polityka Зінчэнка, і падкрэслівае, што на Валыні няма ні воднага помніка Бандэры. – Калі на Валыні няма помніка, то пра якую бандэрызацыю можна казаць у Кіеве, Харкаве ці Адэсе? – пытае гісторык і зазначае, што за 5,5 году ўкраінскі Інстытут нацыянальнай памяці прысвяціў Украінскай паўстанцкай арміі адну выставу і адну кніжку.
Украінскі гісторык з дапамогай Google Trends вызначыў таксама, што слова «Бандэра» пачынаючы з 2015 г. траціць папулярнасць ва ўкраінскіх пошукавіках, а ў Расіі і ў Польшчы карыстаецца пастаянным інтарэсам.
Год таму Сацыялагічная група Rating запытала ўкраінцаў аб іх нацыянальных героях. І найбольш папулярным аказаўся Багдан Хмяльніцкі, на другім месцы Міхайла Грушэўскі (гісторык, які 100 гадоў таму ўзначаліў маладую ўкраінскую дзяржаву), затым Іван Мазэпа – казцкі гетман XVII/XVIII веку. З апытання вынікае, што большай папулярнасцю, чым Бандэра, сярод украінцаў карыстаюцца генсек ЦК КПСС Леанід Брэжнеў і расійскі цар Пётр І.
Тыднёвік Polityka такім чынам даказвае, што польскія ўлады і гісторыкі удзяляюць Сцяпану Бандэры больш увагі, чым самі ўкраінцы.
яс