Беларуская Служба

Дэлегацыя Еўрапарламента сустрэлася з беларускімі праваабаронцамі

27.02.2020 12:03
Праваабаронцы расказалі пра сітуацыю з  пераследам удзельнікаў мірных сходаў, пра новых палітвязняў і пра чарговы смяротны прысуд. 
Parlament Unii Europejskiej
Parlament Unii Europejskiejpixbay

26 лютага прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці сустрэліся з дэпутацкай групай Еўрапарламента – намесніцай главы дэлегацыі Еўрапарламента па сувязі з Беларуссю Карын Карлсбро (Швецыя) і пастаянным дакладчыкам Еўрапарламента па Беларусі Пятрасам Аўштрявічусам (Літва), паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Удзел у сустрэчы бралі праваабаронцы з Беларускага Хельсінкскага камітэта, БАЖ, Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, прафсаюза РЭП і Офіса па правах людзей з інваліднасцю. ПЦ «Вясна» прадстаўляў Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч давёў да ведама еўрапарламентарыяў сітуацыю з адміністрацыйным пераследам удзельнікаў мірных сходаў, якую праваабаронцы назіраюць некалькі месяцаў. За гэты час больш за 100 чалавек было прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Асобна Валянцін Стэфановіч расказаў пра новых палітычных зняволеных Мікіту Емяльянава і Івана Комара і спыніўся на праблематыцы смяротнага пакарання. Літаральна зараз падчас візіту дэлегацыі Еўрапарламента пракурор запатрабаваў смяротнае пакаранне для аднаго з фігурантаў крымінальнай справы.

«Калі смяротнае пакаранне будзе вынесенае, то гэта будзе трэці прысуд у гэтым годзе. На сённяшні дзень у Беларусі чатыры чалавекі асуджаныя да смяротнага пакарання, у двух выпадках прысуды ўжо ўступілі ў законную сілу», – падкрэсліў праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч адзначыў, што ніякіх пазітыўных зменаў у вобласці правоў чалавека ў Беларусі няма.

яс