Беларуская Служба

Польскі бізнес як можа прыстасоўваецца да эпідэміі 

02.04.2020 14:43
 Самыя актуальныя даследаванні польскага рынку сведчаць, што 3% фірмаў зараз перажываюць бум, падсумалі o Rzeczpospolita.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne PAP/EPA/J.J.GUILLEN

Пакуль эпідэмія дабівае турыстычную і транспартную галіну гаспадаркі, няўхільна растуць прыходы вытворцаў прадуктаў харчавання і фірмаў дастаўкі, піша штодзённае выданне Rzeczpospolita.

Пандэмія ўжо паралізавала 30% польскіх фірмаў. У сектары польскай гаспадаркі, які больш за ўсіх адчувае наступствы сацыяльных абмежаванняў працуе аж 4,3 млн жыхароў Польшчы. Адначасова бачна, што іншыя сегменты эканомікі някепска спраўляюцца з наступствамі новага невядомага крызісу.

Так, напрыклад, мясакамбінаты, малаказаводы, кулінарыі і пякарні інфармуюць аб росце попыту на сваю прадукцыю. Фабрыкі макарону і сухіх прадуктаў адчуваюць недахоп сыравіны. На поўных абаротах працуюць фабрыкі па вытворчасці сродкаў дэзынфекцыі і мыла, у тым ліку, самы вялікі вытворца антысептыкаў для медычных службаў – прадпрыемства Medisept. У сакавіку, у параўнанні са студзенем, продажы гэтай фірмы павялічыліся ў сем разоў.

Таксама зафіксавана павелічэнне аб’ёму інтэрнэт-гандлю, што ў сваю чаргу прыспяшае развіццё кур’ерскіх фірмаў. Паводле розных падлікаў, попыт на гэныя паслугі ў Польшчы падскочыў аж на 20%.
Аднак гэта толькі маленькія выспы росту, сярод неахопнага мора імклівага падзення. Самыя актуальныя даследаванні польскага рынку сведчаць, што толькі 3% фірмаў перажываюць бум, падсумалі o Rzeczpospolita.

эж