У конкурснай дакументацыі адзначаецца, што выканаўца павінен зняць фільм у гульнявой форме, «які складаецца з 8 серый не менш за 44 хвіліны кожная, на адной з дзяржаўных моў" і суправадзіць фільм субтытрамі на англійскай мове, - паведамляюць naviny.by.
Пасля заключэння дагавора выканаўца абавязаны на працягу 16 месяцаў забяспечыць вытворчасць фільма.
Прыблізны кошт вытворчасці ацэнены Міністэрствам культуры на 3 млн 400 тыс. рублёў (больш за 1 млн 360 тысяч долараў). Пры гэтым у конкурсных дакументах гаворыцца, што дзяржбюджэт будзе фінансаваць «не больш за 70%» (больш за 950 тыс. долараў) ад кошту вытворчасці фільма, яшчэ не менш за 30% павінна быць прыцягнута на вытворчасць фільма з іншых, «не забароненых заканадаўствам» крыніц.
Фільм у гульнявой форме, «які адлюстроўвае дасягненні сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь», можа быць зняты ў адным з жанраў - драма, меладрама, прыгоды, вострасюжэтны фільм (па выбары выканаўцы).
Выканаўца, які возьмецца за здымкі, павінен будзе «забяспечыць распаўсюджванне фільма, у тым ліку за межамі Рэспублікі Беларусь».
Акрамя гэтага, выканаўца па ўзгадненні з Міністэрствам культуры (якое выступае заказчыкам вытворчасці серыяла) атрымае права выстаўляць фільм на міжнародныя кінафестывалі.
яс